— Ну, ты быў у Венгрыі, у Балгарыі, бачыў, як там людзі жывуць. А вось як у Польшчы — няхай твой швагер Рыгор нам скажа, ён з перасяленцаў, хто не ведае, — і Янка паказаў рукой на сваю жонку Рагнеду, хоць яна за гэты час ужо магла даведацца.
Рыгор усміхнуўся, пашчыпаў падбародак, нібы шукаючы шчаціння, і сказаў:
— Мне неяк не выпадае хваліць тое, ад чаго ўцякаў, скажуць: прамяняў быка на індыка. Але, пажыўшы тут, параўнаўшы, бачу, што там парадку больш, чым у нас. Культура працы там вышэйшая, заробкі большыя. Там трактарыст у белай кашулі сядзіць у кабіне і кіруе, як які пілот. А наш Лявон? Ён у зашмальцаванай ватоўцы, прапахлы салярам... Ну і там трактарыст працуе пераважна на сябе, а тут — на дзяржаву. Розніца ёсць? Ёсць, і вялікая. Ну і па выхадных і святах палякі ходзяць у касцёл сем’ямі, мо менш за нас п’юць...
— Дык і праўда, чаго ты сюды перасяліўся, калі там лепш? — спытаўся Лявон, папіваючы ліманад са шклянкі.
— Не забывай, што там Польшча, а я — беларус, захацеў жыць у Беларусі. Да таго ж я ведаў, што знайду тут тваю сястру, а яна стане маёю жонкаю.
Усе паглядзелі на Маньку-Марыю, як яна засаромелася і апусціла вочы, і дружна зарагаталі. Пасыпаліся жарты:
— З-за аднаго гэтага варта было перасяляцца.
— Вось і кампенсацыя за ўсе страты...
— Да таго ж — бліжэй да Усходу...
— А мо варта было б — да Захаду?
— Беларусы так яшчэ і не ведаюць, да каго прыстаць: да Усходу ці да Захаду.
— У гэтым іх галоўная бяда, яны, як той бурыданаў асёл, паміж дзвюх копаў сена: не ведае, з якое есці...
Апошнюю фразу сказаў Янка, некаторыя за сталом не ведалі, што гэта за такі асёл, і папрасілі яго патлумачыць.
— Быў такі Бурыдан, грэк ці рымлянін, ужо не памятаю, і меў ён асла... А аслы, як нам вядома, слабыя на галаву, і вось гэты асёл ніяк не мог вырашыць, з якое капы есці, хадзіў ад адной да другое ды так і выцягнуў ногі ад голаду пасярод тых копаў.
— Ці не ў мой агарод гэты камень? — спытаўся Рыгор.
— Не-не, гэта ў наш агарод, браце Рыгор, — паспяшаўся супакоіць гаспадара Янка. — Сэнс такі: калі выбіраць, дык выбіраць, а не стаяць на раздарожжы, вачыма сумнымі глядзець удалячынь, як сказаў адзін наш паэт.
Колькі яшчэ б цягнуліся спрэчкі — невядома, але тут Жэня спыталася ў гаспадароў, у колькі гадзін ідзе сноўскі аўтобус, на якім яны паедуць дадому.
Рыгор і Лявон адначасова глянулі на свае гадзіннікі, і першы Лявон сказаў, што да аўтобуса яшчэ добрая гадзіна, а Рыгор паправіў яго, што яшчэ засталася гадзіна і дваццаць пяць хвілінаў.
Жанчыны-госці, Жэня і Рагнеда, зашумелі: трэба збірацца! Манька супакоіла ўсіх: спозніцеся — пераначуеце ў нас, месца хопіць. Можна нават і не ісці на гасцінец. Але куды там! Ад гарбаты адмовіліся, хоць гаспадыня абяцала хутка згатаваць. Мужчыны выпілі яшчэ па кілішку — аглаблёвую, ці чапковую, — як кажуць суседзі-палякі, на пасашок, як кажуць суседзі-расейцы. Можна было ўзяць і тры кілішкі, але гэта ўжо было б занадта...
Развіталіся, як родныя, як лепшыя сябры — шчыра, са слязьмі на вачах, з абдымкамі і пацалункамі, абяцаючы, што будуць прыязджаць, заходзіць, сустракацца... Ва ўсякім разе, Янка быў упэўнены, што ў год раз ён зможа зазірнуць у сваю родную вёску, пабачыць сваіх сяброў маленства і юнацтва, пабыць на родных могілках, прынесці кветкі.
Манька-Марыя была сумная, як нечым незадаволеная, яна мала гаварыла за сталом, усё больш клапацілася, каб госці пілі-елі, каб не засталіся галодныя. Яе Рыгор паводзіў сябе прыстойна, не быў п’яны і на грош, гаварыў памяркоўна і спаконна, з пачуццем уласнай годнасці, як гаспадар хаты. Янкавы жанчыны — сястра і жонка — таксама не выпіналіся, не збіраліся зацьміць гаспадыню. Яны, няйначай, шмат што перагаварылі, калі рыхтавалі на стол, ужо былі ў курсе сваіх жаночых справаў, таму адчувалі сябе ўпэўнена, як дома.
А сам Янка быў пад добрым хмелем, чамусьці яму легка пілося, але, хоць закусь была смачная і каларыйная, ён не вельмі паспяваў з ёю спраўляцца, бо даводзілася шмат гаварыць, чаго ён увогуле не любіў, але дзе ты падзенешся, калі раз-пораз узнікае нейкі вузел, які трэба разблытваць, калі гавораць пра тое, што воляй-няволяй трэба нешта дадаць або нешта аспрэчыць? Да таго ж яму хацелася сказаць нешта такое, каб яго потым не ўспаміналі са смехам, а як дасведчанага сур’ёзнага чалавека. Бо ён ведаў, што людзі заўсёды любяць да сказанага табою дадаць нешта сваё, ды ў такой прапорцыі, што ад твайго амаль нічога не застанецца, але ўсе роўна выходзіць, што гаварыў гэта ты, які тут быў.
Читать дальше