— Што ў валасах — не бяда, абы не ў галаве, — адказаў з усмешкаю Рыгор. — А хто табе не дае кінуць свайго мурзатага каня?
— Лёгка сказаць — кінуць, — як пакрыўдзіўся Лявон. — У мяне і другая прафесія ёсць, я пячнік, але дзе тых печаў вельмі набярэшся, каб з іх пражыць? А трактар і летам, і зімою ў руху, нібы той конь. I я пры ім грэюся...
— Што грэешся, то гэта праўда, — згадзіўся з ім швагер. — Ты, бачу, ужо трохі падагрэты?
— А як жа? Сёння ж святы Спас, спасае нас. Як было не адзначыць? — зарагатаў Лявон.
Тут іх размову перапыніла Манька, выйшаўшы на ганак. Яна была ўжо ў новай кофце блакітнага колеру ў вялікія ружы, і Янку здалося, што яна адразу памаладзела і пахарашэла.
— Ой, добра, што вы ўсе сабраліся, — усклікнула яна. — Хадзем у хату, усё ўжо гатова.
Яна нават пачакала, пакуль яны зайшлі, неяк па-асабліваму глянула на Янку, ці яму так здалося? Відаць, што і ў яе душы ажылі нейкія ўспаміны, нейкія забытыя малюнкі даўно мінулага. Янку нават здалося, што ў яе злёгку ўспацеў яе далікатны нос — тады носік — які некалі смяшыў іх, выдаючы яе хваляванне — на ім высгупалі ледзь прыкметныя расінкі.
Яны прамінулі кухню, апынуліся ў зале, не надта прасторным, бо хата была перагароджана на два пакоі. Янку ўразіла, што пакой быў абстаўлены па-сучаснаму: бардовая канапа, некалькі мяккіх крэслаў такога ж колеру, на сценах — два пейзажы невядомага мастака, рамкі з фатаграфіямі, са столі звісала люстра пад крышталь на пяць ражкоў, сцены аклеены светлымі, у кветкі, шпалерамі.
— Прашу за стол, — сказаў гаспадар і паказаў на расстаўленыя вакол прамавугольнага стала лёгкія крэслы.
Стол быў застаўлены так, што не было вольнага месца, і закускі былі пераважна вясковыя, нават кілбасы свае работы.
— Пакуль вы там гаварылі, мы вам кашы наварылі, — сказала вершам Янкава сястра Жэня. — Нездарма ў мяне брат паэт, і я ад яго навучылася.
— Ён паэт? — здзівіўся Лявон. — Ён жа піша апавяданні, там усякія аповесці, а не вершы.
— А тут сёння нам адзін чалавек сказаў, што ён вершы піша, — патлумачыла Жэня.
— Вялікая бяда, — умяшалася Рагнеда, якая з усмешкаю слухала іх гутарку. — Хай што хоча піша, абы не ленаваўся, а ці вершы, ці прозу — чытач разбярэцца.
— А што, мо яшчэ і вершы пачну пісаць, хто ведае? —- прымірэнча закончыў тэму сам Янка. — Хоць я і не паэт.
За стол селі неяк стыхійна, але сіметрычна: трое гасцей з аднаго боку, трое сваіх — з лругога.
— Гаспадар, налівай у кілішкі, — сказала Манька да мужа, — людзі даўно з дарогі, прагаладаліся.
Янка і яго жанчыны ўсміхнуліся, але не сталі апраўдвацца, што яны не галодныя — хай будзе, як кажа гаспадыня.
Гаспадар пачаў наліваць у кілішкі на доўгіх ножках.
— Каму што? Ёсць чырвонае, ёсць белая.
Жанчыны захацелі віно, мужчыны — гарэлку
— Ну вот, чырвоныя і белыя. Хто за каго першы? — не прайшоў міма колераў Лявон, калісьці гэта была вунь якая палітыка.
— Дай ты ўжо сказаць людзям, — трохі зазлавала на брата Манька. — Ніяк не нагаворышся.
Лявон зрабіў на твары смешную міну, пакруціўся на крэсле і замоўк, чакаючы, што яна скажа сама.
Манька ўстала, узяла свой кілішак з чырвоным віном, уздыхнула, абвяла вачыма супрацьлеглую палову застолля і неяк нават расчулена — выдаваў голас — сказала:
— Я так рада, што да нас завіталі госці... Дарагія госці... Некалешнія нашы суседзі... Мы так любілі быць разам... А потым — вось не бачымся па дзесяць гадоў... Ці мо нават болей...
Янка слухаў яе такі прыемны, але ўжо амаль забыты голас, і не мог паверыць, што гэта ён у сваёй роднай вёсцы, што побач з ім яго землякі, з якімі разам рос, набіраўся сілы і розуму, а потым пакінуў іх, паехаў у свет. I вось вярнуўся, хоць і не надоўга, хоць усё тут ужо моцна змянілася, што хаты ўжо не тыя, у якіх яны раслі, ужо новыя, і стаяць на новых месцах, але ж усё-такі гэта тая зямля, якая іх успаіла і ўскарміла, якая дала ім сілу, каб жыць, да нечага імкнуцца.
— То за здароўе нашых гасцей, — закончыў за жонку гаспадар, ён, няйначай, баяўся, што яна расплачацца.
Яны ўсе дружна чокнуліся, разліваючы белае і чырвонае на квяцісты свежы настольнік, усміхаліся, гаварылі кожны нешта сваё, што цяжка было ўлавіць і перакласці на зразумелую мову. Так жа дружна выпіўшы, сталі разбіраць закуску — што каму падабаецца, бо выбар быў багаты: паляндвіца, апетытныя скрылікі кумпяка, пальцам пханай кілбасы — на першым месцы, а потым ужо печаныя яйкі на свіных скварках — неадымная страва сялянскага застолля.
«Усё гэта лепш было б выдаць касцам, адпраўляючы іх на раніцу касіць», — падумаў сам сабе Янка.
Читать дальше