Па баках пры сценах былі нішы, палічкі, дошкамі былі адгароджаны клеткі-засекі: для бульбы — самая вялікая, для капусты, буракоў, морквы, рэдзькі — усяго, што давала зямля. На паліцах і палічках, у нішах стаялі слоікі, банкі, глякі, збанкі, пляшкі розных памераў і напаўненняў, адны пустыя, другія поўныя, цьмяныя, мо леташнія ці яшчэ старэйшыя, а іншыя яшчэ свежыя, незапыленыя, няйначай, гэтага года.
Маці стала пераглядаць, перабіраць слоікі. Рагнеда кінулася ёй памагаць, але дарэмна.
— Не чапай, я сама, — сказала маці адрывіста. — Ты не ведаеш, дзе што браць.
I Рагнеда паслухмяна апусціла рукі, стала разглядаць нарыхтаваныя запасы, Янка таксама не ведаў, што яму рабіць. Маці перабірала слоікі, боўтала, кратала, некаторыя накрыўкі былі сарваны і слоікі працяклі, яна ставіла іх на ўтаптаны, уплясканы нагамі некалькіх пакаленняў гліняны дол. «Вось гэтыя бяры і вынось на ганак», — сказала яна Янку, і той адразу ўзяўся выконваць каманду, схапіў у кожную руку па слоіку і хацеў выносіць наверх. «Не бяры па два, яшчэ выпусціш з рук», — параіла маці. Каб так яму сказала родная маці, ён адказаў бы нешта такое: а мне не цяжка і два, але Рагнедзінай матцы Янка не стаў пярэчыць і паслухаўся яе парады, паставіў адзін слоік на дол, а другі панёс наверх, асцярожна ступаючы па каменных сходках, і ледзь не разліў і той адзін, бо спатыкнуўся наверсе аб парожак. Вось было б смеху, каб ён тут упаў! Так ён вынес слоікаў дзесяць розных саленняў, якія паспелі сапсуцца, — гэта гуркі, памідоры, кампот. Пад канец маці падала яму пляшку старога віна, пажартавала: «Ты ж хоць не разбі, не пакаштаваўшы».
Ходзячы па гэтых каменных сходках уверх-уніз, Янка ўвесь час думаў, як па іх ходзіць старая жанчына, Рагнедзіна маці: то ж такая рызыкоўная рэч — прайсці і не спатыкнуцца, крый Божа, не ўпасці! Але казаць што-небудзь матцы не стаў, яшчэ пакрыўдзіцца ці спалохаецца, а гэта яшчэ больш небяспечна.
Скончыўшы са склепам, жанчыны ўзяліся рыхтаваць вячэру, а Янка пайшоў у сад — праветрыцца і пабыць на прыродзе. Ён ужо думаў, што тут трэба будзе зрабіць у бліжэйшыя дні. Перш за ўсё агледзець плот, бо там-сям паадрываліся штыкеты, пачынаюць лазіць чужыя сабакі. Трэба будзе абабраць слівы пры плоце, сабраць тыя, што пападалі самі. Потым пазбіраць апалыя яблыкі, якіх усё больш ляжыць пад яблынямі. Яшчэ — трэба выкасіць траву ў садзе, скасіць картафлянік да канца, а то ён скасіў раней толькі тое, дзе выбіралі бульбу. Адным словам, пашукаўшы, тут занятак сабе знойдзеш, без працы сядзець не будзеш.
Сонца зайшло, неба на захадзе яшчэ ружавелася — знізу больш густою фарбаю, а ўверсе — святлейшаю, размытаю, паступова прападаючы ў прасторы. Неба было чыстае, без аблокаў, па ўсім відаць, чакалася добрае надвор’е.
За вячэраю каштавалі старое віно, было яно з чырвоных парэчак, не надта салодкае, і таму смачнае. Янка падліваў сабе, дадаваў па кроплі жанчынам, і яны сёння чамусьці не адмаўляліся.
За час, які яны знаходзяцца тут, Янка заўважыў, што маці нібы стараецца адгарадзіцца ад іх, не хоча змяншаць тую дыстанцыю, якая захоўваецца між людзьмі малазнаёмымі, якіх яшчэ не ведаеш, хоць маці іх ведала добра, асабліва дачку, але затое яна мала ведала Янку, трымала ў галаве тое, што пра яго гаварылі чужыя людзі. Таму, відаць, і трымала лінію адчужэння, ці, як яе назваць: не спяшайся, я яшчэ да цябе прыгледжуся, мо ты не той, за каго сябе выдаеш, хоць ты мой і зяць, але, ведаючы сваю дачку, якая можа вунь як памыліцца ў чалавеку, я не ўпэўнена, што ты якраз той, за каго яна цябе прымае. Яна можа памыляцца, я ведаю, таму я ёй не надта давяраю, а, значыць, не давяраю і табе. Таму ніякага такога панібрацтва я не дапушчу, ты павінен ведаць сваё месца, хоць ты нейкі там пісьменнік, нешта напісаў, нешта надрукаваў. Твая кніжка стаіць у мяне на пачэсным месцы, разам з абразамі, хай стаіць, мо ўзімку, як будзе вольная часіна, і пачытаю, хоць па-беларуску неяк ужо і адвыкла. Такое вось жыццё...
Янку падумалася, што нешта такое варушылася ў галаве цешчы, калі яна сядзела вось тут побач з імі за гэтым круглым сталом, дзе яны елі, пілі віно і гаварылі.
— Я бачу, Яначка, што ты надта прыліп да гэтай пляшкі, гатоў з ёю і ў пасцель легчы, — пажартавала Рагнеда, бачачы, як падлівае сабе Янка.
— Ну, у мяне ёсць з кім у пасцель легчы, а з паняю-пляшкаю можна і пафліртаваць, пакуль яна не апусцела, — адказаў Янка на закід.
— Апусцее адна — знойдзецца другая, — падтрымала гутарку маці. — У тым і бяда, што людзі ні ў чым меры не ведаюць, асабліва ў піцці. Цяпер гэтулькі аматараў выпіць горкага зелля, што проста бяда. Вось настаўнік наш адзін, яшчэ малады, так запіў, што дайшоў да белае гарачкі. Усё яму чэрці здаваліся, палохалі яго, ганяліся за ім, а ён уцякаў ад іх як мог, нават у халадзільнік схаваўся. Забралі ў бальніцу... А наш сусед Паўлюк таксама любіць з пляшкаю ў абдымкі хадзіць, але робіць перадышкі. Казаў, што і ён бачыў чарцей — невялічкія, у чорных капелюшах і з хвастамі. Зайшлі на кухню, а ён як угледзеў іх, дык ледзь не абамлеў.
Читать дальше