Сняданне было лёгкае: кожнаму па вараным яечку, па кавалку кілбасы, да гарбаты — тварог са смятанай, малінавае варэнне. Чаго больш трэба? Янка быў нейкі насцярожаны, баяўся, каб Рагнеда не сказала якога рэзкага слова сваёй матцы, каб у тае не прапаў апетыт. Але ўсё абышлося гладка, маці неяк мала прыслухоўвалася да таго, што яны гавораць, была нейкая задуманая, нібы нешта ўспамінала, была далёка адгэтуль. I гэта натуральна, бо старога чалавека цягне на ўспаміны, тым больш, калі ёсць каму паслухаць. Якраз у яе цяпер ёсць такая мажлівасць, хай бы яна ёю карысталася, а не адкладвала на потым. Рагнеда казала, што калі маці задуменная, значыць яна думае пра сваю малодшую дачку Альбіну, пра яе сям’ю. I тады яе лепш не чапаць, не лезці з роспытамі, з парадамі, — не наступаць ёй на любімы мазоль, як кажуць у такіх выпадках.
Але нічога не здарылася, маці была спакойная, толькі ў канцы спыталася, ці Янка не забыўся пра яе ўчарашні заказ, на што Янка адказаў, маўляў, сніў сон, быццам насіў трэскі і ўсякае палечча ад суседа, а той усё цягне яму больш і больш — бяры, мне замінае. Маці кажа, што насіць трэскі ў сне — гэта як сварка, капанне ў дробязях, выкалупванне чагосьці непрыемнага.
Але чаго можна чакаць ад суседа, які толькі нядаўна ім стаў, чаго яны не падзялілі? Адзінае, што дом свой ён паставіў зусім блізка пры мяжы, па правілах будаўніцтва такое не дапускаецца, гэта Янка ведаў. Напэўна, ведаў і сам сусед, аднак жа свядома ішоў на парушэнне. Спадзяваўся, што старая суседка адрэжа яму пару метраў ад сваіх сотак? Але за якія такія заслугі? Галоўнае, ён не спытаўся ў яе дазволу ставіць так блізка дом пры мяжы, а яна прамаўчала. Значыць, можна ехаць далей? Ну вось, аддаць ёй гэтыя трэскі, усякае ламачча.
Як толькі Янка стаў пераносіць аскабалкі, трэскі і трухлявыя дошкі на свой дрывотнік, прыйшоў і сусед, яны пазнаёміліся. Аказваецца, ён, Раманюк, родам з вёскі непадалёк ад Буднікаў, мо якіх пяць кіламетраў, там нарадзіўся і жыў, а цяпер вось перабраўся ў горад, мае свой дом. А гэты набыў па таннай цане, ставіў сыну, ды ў таго нешта памяняліся планы, і цяпер даводзіцца прадаваць.
А галоўнае, што гэты Раманюк жыў пры лесе на хутары побач з Янкавымі сваякамі, адкуль была родам яго бабка Ганна, матка яго маці, ён іх там усіх ведае, і бабчынага брата Івана ўжо няма, а сын іх, Ілля Блізнюк, не вярнуўся з вайны. Усё гэта Янка ведаў і сам, але ўжо даўно там не быў, мо хіба за гэты час надарыцца вольная хвіліна...
Трэскі, палечча і трухлявыя дошкі, розныя абрэзкі і калодкі Янка насіў мо якіх гадзіны дзве, амаль што да абеду, наклаў мо воз дроў. Работа не сказаць каб цяжкая, але пачынала ўжо балець сярэдзіна, хацелася ўпасці на траву і паляжаць, каб зямля адняла стому. Але нешта не дазваляла — сумленне ці што іншае, мо нават чалавечая годнасць: як гэта, не скончыўшы работы, ты разлёгся тут на траве, як апошні гультай? Мо яшчэ каб адна Рагнеда такое бачыла, ён сцярпеў бы, а як яе маці — нізавошта! Каб потым упікала: во які слабак, панасіў таго ламачча пару гадзін — і ўжо зваліўся з ног, нібы ён тут горы варочаў.
Да абеду Янка яшчэ паскідаў сахаром у кучкі прывялае зелле, скошанае ў суботу, парэдзіў зараснікі бэзу, які так разросся, што вылазіў з усіх дазволеных яму межаў.
Дзіўная рэч выходзіць! Калі ёсць занятак, час ляціць непрыкметна і хутка. Паўдня прамчалася як на крылах: тут ёсць, тут няма. Пасля абеду хацеў прылегчы, з гадзіну паляжаць, але Рагнеда сказала, што збіраецца на дождж, не шкодзіла б накрыць плёнкаю тыя дровы, якія ён цягаў да абеду. Давялося так і зрабіць, бо, калі яны намокнуць, за іх будзе не ўзяцца. Дождж спачатку быў невялікі, як падражніўся, а потым сыпануў буйны і часты. Зелле паспеў паскідаць пад застрэшак, які зрабіў учора, там яшчэ было пуста, якраз вось тут будуць ляжаць дровы, якія ён возьмецца секчы.
У хату ісці не хацелася, але што зробіш? Дождж не пераставаў. Прынёс два вядры вады, хоць трохі і змок. Жанчыны займаліся хто чым: маці шыла, дачка мыла. Нешта яны былі надзьмутыя, ці не пасварыліся. Потым Рагнеда гаварыла Янку, што маці не дае ёй мыць яе рэчы, бялізну: «я сама!» — яе любімае выслоўе. I ўжо ж слабая, ужо няма сілы, але ўсё роўна не хоча траціць фасону — «я сама!». А для чаго прыехала да цябе твая дачка? Каб любавацца вясковымі пейзажамі? Яна прыехала, каб табе памагчы, каб аблегчыць тваю працу, даць адпачынак тваім рукам. Потым будзеш сама, як мы паедзем, яшчэ нацешышся, а цяпер я за цябе зраблю. Не, яе ўгаварыць, пераканаць немагчыма!
Читать дальше