Жанчыны займаліся нечым сваім, Янку гэта мала турбавала. Яны нешта рабілі, нешта шылі-мылі, гаварылі між сабою, часам спрачаліся, асабліва калі гутарка заходзіла пра нябожчыка-бацьку, пра яго апошнія гады. Рагнеда хацела ведаць праўду, па якой прычыне бацьку адправілі ў Мінскую бальніцу для душэўнахворых, на што маці не давала яснага адказу. Янка сам не чуў такое гутаркі, але пра гэта яму расказвала сама Рагнеда. Нешта нядобрае было ў заблытанай гісторыі — нібы маці так ратавала сябе і сваіх дочак ад нейкае там бяды, нібы бацька ў нечым быў вінаваты...
Работа ў Янкі ішла спорна. Прымацаваўшы дзве рэечкі да ключоў, ён пачаў прыбіваць да іх кароткія, мо на паўметра, трохі даўжэйшыя, чым звычайнае палена ў печку, тонкія дошчачкі, якія будуць ахоўваць складзеныя ля сцяны дровы ад дажджу. Дошчачкі ён клаў не адна да адной, а рабіў невялікую шчыліну, а потым накрываў тую шчыліну трэцяю дошчачкаю, каб вада не магла прасачыцца на дровы.
Можна сказаць, што работа яго была гультайская, пад яе добра думалася, успаміналася, часам — марылася. Але такое здаралася рэдка. Чамусьці Янка баяўся будаваць ружовыя замкі, складаць нейкія планы, бо яны, як правіла, не збываліся, і тады было вельмі крыўдна, што ўсё пайшло прахам. Некаторыя на гэта не глядзяць, а вось Янка быў ці нясмелы ад прыроды, ці прымхлівы, але ў такую гульню не хацеў гуляць. Час пакажа, што рабіць, у які бок кіраваць. Яго больш турбавала нацыянальная ідэя, да якой ён часта звяртаўся у сваіх думках-марах.
Ён адчуваў, што састарэлая палітыка Крамля ў гэтым пытанні прывядзе да нядобрага канца. Бо ўсе народы, якія насяляюць і ўтвараюць Савецкі Саюз, ужо адчулі сваю сілу і здольны кіраваць сваімі рэспублікамі, будаваць сваю гаспадарку на свой лад, без ранейшай назойлівай апекі Масквы. I рана ці позна можа надысці той крытычны момант, калі калос на гліняных нагах не вытрымае свайго цяжару і грымнецца долу. Будзе шмат ахвяр, шмат крыві і слёз. Лепш зрабіць так, каб усё абышлося мірна, спакойна, без усялякіх закалотаў. Няўжо людзі не могуць зразумець адно аднаго, хоць яны і думаюць кожны на сваей мове, але гаварыць яны могуць на адной — расейскай, якая раней аб’ядноўвала — сілай! — а цяпер — раз’ядноўвае, бо па-ранейшаму хоча стаць адзінаю для ўсіх.
Такое могуць зразумець тыя, хто хоча, каб яна была адзінаю для ўсяго чалавецтва, але ніколі не зразумее і не пагодзіцца той, хто цэніць свае і ніколі не прамяняе яго на чужое, бо яно яму такое ж дарагое, як дарагое яго ўласнае для расейца. Бог стварыў людзей і даў ім розныя мовы для таго, каб яны іх любілі, шанавалі і не давалі ў крыўду, каб не адракаліся ад іх, бо мова родная — гэта самае галоўнае з таго, чым адзін народ адрозніваецца ад другога. Як прырода страціць ад таго, калі прападуць яе хоць і нямногія роды і віды, так і чалавецтва нашмат збяднее, калі нейкі народ страціць сваю мову і стане карыстацца суседавай. Такі народ прападзе для гісторыі, пра яго хутка забудуць — нібы яго і не было зусім.
Дык няўжо мы здольныя на такое дзікунства? Няўжо ў нас высахлі мазгі, што мы не можам адрозніць праўды ад няпраўды, дня ад ночы? Такога не можа быць!
Запрацаваўшыся ці задумаўшыся — цяжка сказаць, — Янка не заўважыў, што побач з ім стаіць Рагнеда і назірае за яго работаю. Азірнуўся — стукнуў сабе па пальцах, засыкаў.
— Бачыш, якое ў цябе вока, — сказаў ён жартам, — што я б’ю не па палене, а па калене.
— Не заглядайся на спадніцу, — сказала Рагнеда. — Я бачу, што яна табе падабаецца — мая шатландка.
— Не яна, а ты ў ёй — разумееш розніцу? — паправіў яе Янка.
— Так я табе і паверу! Не падлізвайся, — жартавала Рагнеда. — і не загаворвай мне зубы. Я прыйшла аб’явіць канец рабочага дня. Мы з мамаю зрабілі сабе перапынак, прыгатаваўшы вячэру.
— Не пакідай на заўтра тое, што можна зрабіць сёння, — азваўся на гэта Янка. Рагнеда была вясёлая, нават гуллівая, значыць, з маткаю ў яе ўсё ідзе нармальна. «Гэта вельмі добра», — падумаў сам сабе Янка. — Тут у мяне на дзесяць хвілін работы.
— Даю табе дваццаць. Але не спазняйся, астывае вячэра.
— Пастараюся, даражэнькая. Скажы маме, што я па вас ужо засумаваў. Няма з кім загаварыць, паспрачацца. Поўная дэградацыя асобы. Каб не страціць кваліфікацыі поўнасцю... Не забывайся, што я рэдактар, а гэта такі чорны вол, які цягне і маўчыць. Маўчыць і цягне.
— Ах, як ты надарваўся на сваёй рабоце! Проста жах! Трэба будзе цябе падкормліваць, каб трымаўся на нагах. Скажу маме, каб яна што прыстаралася для цябе, — і Рагнеда пайшла ў хату.
Читать дальше