— Я не люблю, калі ў мяне хто будзе ўстанаўліваць свае парадкі. Я гаспадыня, і свайго права нікому не аддам, — дадала, падумаўшы маці.
— Бачу, што з табою, мама, мы кашы не зварым, — заключыла неяк паныла Рагнеда.
— Калі і зварыш, дык не з’ямо, — дадаў у такім жа тоне Янка. I чакаў, што скажа на гэта маці. Няўжо яна не заўважыць гэтага каменя, кінутага ў яе агарод? Каб яна ды не заўважыла!
— Як заслужыце, дык з’ясце, — адказала яна ім дваім за раз. — Калі не кашы, дык хоць заціркі.
— А як мы павінны заслужыць, мама? Скажы, каб мы ведалі, — папрасіла Рагнеда, ужо трохі ажывіўшыся.
— Не маленькія, буду вас я вучыць, як першакласнікаў, — адказала маці і больш нічога не дадала.
Гутарка неяк заглухла, кожны задумаўся пра нешта сваё. Не хапала агню ў іх спрэчцы, калі такую роўную размову можна назваць спрэчкаю. Пра першакласнікаў Янку спадабалася: менавіта яна адносіцца да іх як да першаклашак, не верыць, што яны самі могуць зрабіць нешта вартае, разумнае.
Як скончылі вячэру, маці назаўтра заказала Янку новую работку: прарэдзіць зараснікі бэзу, і тут ля вуліцы, перад вокнамі на захад, і там, ля суседскай адрыны, яшчэ высекчы сухі куст смуродніку, мусіць, мурашкі падтачылі карані. А яшчэ сусед сказаў ёй забраць усякія абрэзкі, аполкі, трэскі, якія застаюцца пры рабоце ў новым доме. Дом не новы, толькі перанесены, і ўсё старое, тое, што трохі падгніло, трэба мяняць, таму і застаецца шмат непатрэбнага ламачча.
Янка думаў, чаму Рагнеда не спыталася ў маткі — ці могуць яны паставіць на яе пляцы невялікую хатку і жыць у ёй, выйшаўшы на пенсію, але потым зразумеў Рагнеду: не трэба прыспешваць падзеі, хай яны ідуць сваім натуральным ходам. Калі яны тут пражывуць месяц і добра сябе пакажуць, не будуць лезці ў камандзіры, чаго маці не можа цярпець, дык тады пытанне можа вырашыцца на іх карысць. Калі ж маці іх неўзлюбіць, асабліва гэтага новага зяця — што за птушка такая? — то тады і гаварыць няма чаго, усё застанецца па-ранейшаму.
Позна вечарам, ужо лежачы ў пасцелі, Янка і Рагнеда яшчэ доўга гаварылі пра свой план — фактычна, Рагнедзін, — пабудаваць тут невялікую хатку, якая потым стане музеем, застанецца памяткаю, што вось тут жылі людзі, якія думалі не толькі пра тое, каб пад’есці, а дбалі пра заўтрашні дзень, пра культуру тых людзей, з якіх яны выйшлі і сярод якіх жылі, потым пайшлі ў людзі, у вялікі горад, але ўрэшце на старасці вярнуліся і захацелі пражыць свае апошнія гады сярод сваіх людзей, блізкіх ім па духу, па мове, па інтарэсах. Няхай не ўсё ў іх жыцці, іх паводзінах, у іх поглядах і пажаданнях было да душы гэтым ужо гарадскім людзям — Рагнедзе і Янку, — аднак жа яны востра адчувалі сваю далучанасць да гэтых людзей, якія складалі сабою ўвесь той маналіт, які завецца нацыяй. Янка і Рагнеда трохі разыходзіліся ў ацэнцы гэтага «маналіту», Янка быў больш паблажлівы і дараваў яму шмат якія хібы, у той час як Рагнеда заўважала больш цёмных плямаў у гэтым маналіце, якія псавалі яго вартасць, рабілі шчыліны, што маглі пры пэўных умовах разрасціся, паглыбіцца, ператварыцца ў нешта такое, што можа стаць пагрозаю яго будучыні, і галоўная з іх: мы не адчулі яшчэ як след таго факту, што мы такія ж людзі, народ, нацыя — як тыя, што нас акружаюць, як расейцы, як палякі, як украінцы і літоўцы. Нам нешта яшчэ замінае ўзняць вышэй галаву і ўбачыць усё гэта.
IV
— Хто рана ўстае, таму пан Бог дае, — сказала Рагнеда, як толькі расплюшчыла вочы. — А мы гультаі, ляжым, дзевятая гадзіна пачынаецца. Ну, хто першы? Хто прыма? Хто сэкунда?
Але Янка не стаў яе апярэджваць, нібы не чуў бадзёрых слоў. Ён не любіў усхоплівацца, пачынаць спяваць, маршыраваць на месцы, весяліць сябе і ўсіх, а разварушваўся паволі, не спяшаючыся, разаграваў матор, як кажуць шафёры, на малых абаротах.
— Па-мойму, твая маці ўжо даўно прыма — золата, я чую яе рух за сцяною, так што ты будзеш ужо другая — сэкунда — срэбра, а я трэці — бронза, — без усякага энтузіязму сказаў, як сам сабе, Янка, нават не расплюшчваючы вачэй, якія проста як зліпліся і не хацелі раскрывацца. Каб гэта дома, у Мінску, дык паваляўся б яшчэ з гадзіну ў пасцелі, а тут трэба ўставаць, што-небудзь рабіць, не прыехалі ж яны сюды адсыпацца.
Зранку, яшчэ не паснедаўшы, Янка пайшоў у горад, сёння адзін, купіў малака, смятаны, тварагу, у кіёску ўзяў газету. Ля хлебнага магазіна ўбачыў Алега, жэнінага сына, ён чакаў бацьку, які недзе адлучыўся, будуць купляць хлеб, выстойваць доўгую чаргу-калейку, станавіцца па некалькі разоў, бо на рукі даюць толькі адзін бохан. А на добры лад праблемы з хлебам не павінна быць: дзесятага жніўня, жыта павінна быць зжата-абмалочана, а новы хлеб — спечаны. Тым больш, што пагода стаіць добрая, ніякіх затрымак, раса абсохла — і жні-малаці, пускай камбайны на ўсю магутнасць. Але хіба мы прывыклі да такога жыцця, каб усё ішло гладка, без усякіх там зрываў і збояў? Мо такое калі і будзе, але чакаць давядзецца доўга.
Читать дальше