Няхай не тымі словамі, няхай не так рэзка і катэгарычна яна думае, але нешта падобнае круціцца ў галаве.
Капанне Янка скончыў да першага дажджу, праўда, невялікага і не доўгага. Другая задача ў яго была — падрыхтаваць цяпліцу для памідораў. Мо і позна пра гэта падумалі, але хай: ён зробіць так, як яму сказана, не такая тут ужо складаная навука. Зрабіў аснову, каркас, а потым абцягвай яе плёнкаю, мацуй, каб не сарвала ветрам. Ад першага дажджу прайшла мо гадзіна ці болей, як пачаўся другі. Тут ён ужо схаваўся пад плёнкаю, якую нацягваў на раму, у хату не ўцякаў, як раней. Але доўга не ўседзеў, Рагнеда з ганка паклікала яго ў хату, гатовы полудзень. 3 гэтаю ежай цэлая бяда: не паспееш увайсці ў азарт, як тут цябе ўжо валаюць на абед, на вячэру, і застаецца такое ўражанне, што ты цэлы дзень тое і робіш, што ясі, а на работу сапраўдную проста не хапае часу. Але, відаць, такое адчуванне тады, калі твая праца не цяжкі абавязак, а нейкая як гульня, размінка-разрыўка, якая раз-два і скончыцца. Гэта не тое, што цяжкая сялянская праца ад раніцы да ночы, калі ажно цямнее ў вачах, цябе пачынае вадзіць у бакі, ногі ажно падрыгваюць у каленях, як у перагружанага каня. Тут да ператамлення не даходзіць, тут цябе ніхто не падганяе, не ідзе за табою з касою, а ты баішся, каб табе не падрэзалі пяты, бярэш з усяе сілы. Тут ты можаш у любы час зрабіць перадышку, паляжаць на траве ці схадзіць у хату, каб папіць якога квасу. Адным словам, ты ў адпачынку, хоць і робіш нейкую нязначную для сябе работу. Мо тут матцы яна здаецца вунь якою важнаю, цяжкаю, а для яго — гэта забаўка, гульня, гімнастыка ці фізкультура.
Абед быў смачны: салата з памідораў і гуркоў, галубцы — не надта мясныя, але затое шмат, на дэсерт — свежая сліва з цукрам, кампот з яблыкаў, піражкі гарадское выпечкі. Алкаголю — ні кроплі, хоць гутарка пра яго была, праўдзівей, гутарка пра Янку — што ён вядомы як вялікі прыхільнік Бахуса, градуснага бога, з якім ён вельмі сябруе, што няма таго дня, каб ён не прыклаўся да чаркі і не лёг спаць у абдымку з пляшкаю. Гэта быў як бы працяг тае гутаркі, пра якую расказвала Янку Рагнеда, цяпер яе ўдзельнікам быў ужо і Янка, пра якога і была гэтая гутарка-пагаданка. Быццам да маткі такія чуткі даходзілі паступова, порцыямі, яна іх збірала, хоць і не марынавала, яны забываліся, а потым узнаўляліся кім-небудзь і калі-небудзь.
Янку, як і кожнаму на яго месцы, не надта прыемна было слухаць такія байкі пра сябе, тым больш, што ў іх да праўды было, як ад зямлі да неба.
Рагнеда спачатку пасмейвалася з Янкі — вось глядзі, які ты ў анфас і ў профіль, мо нават і не падазраваў, што ты такі герой, — а потым пачала злаваць: ёсць жа людзі, якім прыемна некага абліць брудам, змяшаць з гразёю, каб яго не пазнавалі нават родныя. Але, дзякаваць Богу, усе, хто добра ведае Янку, могуць сказаць толькі, што ён чалавек як чалавек, нічога грахоўнага і антымаральнага за ім не водзіцца, на што маці тут жа знаходзіла контраргумент: а чаму ён кінуў першую жонку? Калі ён ужо такі добры ды справядлівы, чаго кінуў дзяцей? Няйначай, яму мала было аднае жонкі, яму патрэбны былі палюбоўніцы, якіх у яго было нямала, дык жонка не вынесла такога сямейнага шчасця і выгнала з кватэры.
— Не думайце, — казала маці, — што мне прыемна вам пра такое гаварыць, пераказваць гэтыя плёткі ў розных варыянтах, але яны плятуцца ўжо даўно, вы напэўна іх і самі чулі не раз.
Плёткі на тое і плятуцца, каб прынізіць чалавека, зрабіць яму балюча, каб даверлівы слухач ім паверыў і павыскаляўся, каб сказаў: бач, які ён разумны, які вучоны, які пісьменнік? Ды ён яшчэ горшы за мяне, хоць я і не выгінаўся, не вылузваўся са скуры, каб уцячы ў горад...
— Каб усё гэта была праўда, — умяшалася Рагнеда, — дык ад Янкі даўно адвярнуліся б усе яго сябры, яго выгналі б з працы, не выдавалі б яго кніжак. Гэта, мама, не проста плёткі, гэта папулярны сродак прынізіць ролю нашай інтэлігенцыі: вось паглядзіце, хто такія вашы пісьменнікі, эліта нацыі: гэта звычайныя п’янтосы і бабнікі, не верце ім, не чытайце іх кніжак, бо там нічога цікавага няма. Не могуць беларускія пісьменнікі стаць інжынерамі чалавечых душаў, бо яны не дараслі да такое высокае місіі, яны разбэшчаныя і некультурный пісакі — усяго толькі.
Маці задумалася, стала сур’ёзнаю, пакратала пальцамі правай рукі свой высокі лоб, нібы шукала нейкую патрэбную думку, і спыталася:
— А каму гэта так трэба бэсціць твайго Янку, калі ён не такі?
— Ёсць чорныя сілы, якім не падабаецца ўсё наша, беларускае, яны тым і займаюцца, што чэрняць нас, паказваюць у крывым люстэрку.
Читать дальше