— Мо ты прыдумляеш, Рагнеда? — усумнілася маці. — А што Янка скажа?
Янку было няёмка апраўдвацца, гаварыць пра сябе нешта такое ружовае, светлае, чаго ён не любіў рабіць. Лаюць — ну і няхай лаюць, рана ці позна праўда наверх вылезе, як бы яе глыбока ні закопвалі.
— Трэба сказаць, што ў гэтым пытанні ёсць два бакі: афіцыйны і звычайны, бытавы. Калі ўсё тое, што пра мяне гавораць знізу, на бытавым узроўні, даць у прэсу ці сказаць з нейкай афіцыйнай трыбуны, будзе скандал: дасведчаныя людзі скажуць, што гэта хлусня, звычайная лухта, што такое можа гаварыць толькі несумленны чалавек, якога можна прыцягнуць да судовай адказнасці за грубы паклёп. Але можна распускаць знізу, без усякай там прэсы і высокіх трыбунаў, вось такую гразюку, якая некаму ды здаецца праўдзіваю, нехта ды паверыць у гэта і будзе перадаваць сваім сябрам і знаёмым такія вось пікантныя падрабязнасці пра Янку Баркуна. I з плёткамі, як ні дзіўна, нічога нельга зрабіць, іх нельга злавіць і пасадзіць на лаву падсудных. Можна каму-небудзь набіць морду, але што гэта зменіць? Нічога. I плёткі будуць хадзіць датуль, пакуль не пахудзеюць і, як тыя асеннія мухі, самі не перадохнуць.
— А як жа адмыцца ад такога бруду, не насіць яго на сабе? — спыталася маці мо трохі іранічна. — Ці ёсць такі спосаб?
— Адзінае выйсце, мне здаецца — гэта трапіць пад праліўны чысты дождж, — адказаў Янка. — Я маю на ўвазе чысты дождж праўды. Ён і змые ўвесь бруд. Але ўсё яно не здарыцца так хутка, як хацелася б. Трэба набрацца цярпення — і працаваць. А кім памрэш — суседзі скажуць, — як раней казалі.
— Як раней казалі, дыму без агню не бывае, — нібы ўсё яшчэ сумнявалася маці ў Янкавых аргументах.
Янка ўжо канчаў свой кампот, вылоўліваў лыжачкаю скрылікі разваранага яблыка. Што ён мог адказаць цешчы? Яна да яго ставіцца з недаверам, ён адчуваў гэта яшчэ напачатку, калі яны з Рагнедаю прыязджалі да яе першы раз. Той недавер не прапаў у яе да цяперашняга часу, тым болей, што ён падаграецца такімі вось чуткамі пра яго — бабнік і алкаш. Не так лёгка змыць з сябе такі ярлык, калі ён на табе даўно, калі яго ўвесь час падмалёўваюць, паднаўляюць.
— Такія прымаўкі якраз для тых, хто вінаваціць некага ў нейкіх грахах, а вось як знайсці такія, каб апраўдацца? Так адзін казаў: як ні ары, абы чорным дагары. Святых на грэшнай зямлі няма, але людзі ўсё роўна не аднолькавыя: адны лепшыя, другія — горшыя, адны бліжэй да неба, другія — да зямлі. А ёсць такія, што паміж небам і зямлёю. Відаць, я адзін з такіх тыпаў: то я на зямлі, то ў неба пушчуся, то зноў на зямлю спушчуся. Раней я быў адзін, а цяпер мы ўдваіх з Рагнедаю. Яна таксама любіць лятаць, на зямлі ёй робіцца нудна, моташна, сумна. Вось яна і гатова палятаць — у думках, у марах, у снах. Каб далей ад зямнога тлуму-гаму, гвалту, віску, калатнечы, крыўды-няпраўды. А цяпер яна хоча з сёмага неба, з сёмага паверха спусціцца на грэшную зямлю, каб быць бліжэй да людзей, да жывёл, да птушак і мурашак. Яна і мяне ўсё агітуе, спакою не дае: кінем гэты горад-мурашнік, паедзем туды, дзе мы нарадзіліся, дзе нашы карані, дзе нашы дзяды-прадзеды пахаваныя, каб і мы леглі потым побач з імі... Часам я згаджаюся з ёю, а часам спрачаюся, за нейкія амаль што трыццаць гадоў у горадзе я ўжо адчуў, што ў мяне там выраслі карані, што яны праламалі асфальт і знайшлі сабе глебу, што яна мо нават і не горшая за гэтую вось нашу, вясковую. А тут мне трэба пабыць, каб, як адзін казаў, падзарадзіць акумулятар, набрацца свежых сіл, уражанняў, сюжэтаў, пазнаёміцца з цікавым чалавекам, каб ён расказаў мне нешта такое, пра што варта напісаць... I хто ва мне пераможа — не ведаю, мо хіба Рагнеда выведзе нас на правільную дарогу.
Янка спыніўся, каб перадыхнуць, здаецца, ён ужо стаміў сваіх слухачак, а вось ці пераканаў хоць трохі — не быў упэўнены.
— Ну, Яначка, ты так умееш гаварыць, што цябе спачатку заслухаешся, а потым заснеш пад тваю няспешную гаворку, — сказала Рагнеда і знарок пазяхнула, нібы яна сапраўды толькі што прачнулася. — Ты тут намяшаў і бобу, і гароху, і яшчэ нечага троху. Мо ты перад мамаю і апраўдаўся, а вось перада мною ты будзеш заўсёды вінаваты.
— У чым жа я так правінаваціўся перад табою? — здзівіўся Янка.
— Не прыкідвайся, што ты не ведаеш, што ты забыўся. А калі забыўся, дык я табе нагадаю. Чаму ты тады, як нам было па дваццаць гадоў, не падышоў да мяне і не сказаў: давай разам пойдзем па жыцці, бо мы вельмі падыходзім адно аднаму. А ты адвярнуўся — і прайшоў міма.
— Вось ты пра што! А я думаў... Што вы, мама, скажаце на словы свае дачкі?
Читать дальше