Толькі Янка стаў мянціць касу, як убачыў, што да яго ідзе Рагнеда. Няйначай, нешта важнае. Але памыліўся: Рагнеда сказала, што трэба схадзіць у горад, купіць хлеба, яшчэ ўсяго шмат.
— А ты адна не магла б? — здзівіўся Янка. — Я толькі ўвайшоў у смак.
— Нічога, адпачынь. А то прыехаў у адпачынак, а з хамута не вылазіш.
— Ах, як ты мяне шкадуеш! Фізічная праца ў меру — найлепшы адпачынак, ты ж сама ведаеш.
— Не распачынай дыскусіі, пайшлі! — настойвала Рагнеда.
— Хай будзе, як Сара казала, — скончыў «дыскусію» Янка вядомым у яго мясцінах прыслоўем.
Яны сабраліся і пайшлі ў горад. Яно гучала нават трохі смешна — ісці ў горад. Па-першае, які гэта горад: якіх дзесяць тысяч чалавек, па-другое, ісці было не больш як пяцьсот метраў, можна было па іх вуліцы выйсці ў самы цэнтр, на плошчу, трэба толькі абагнуць некалькі вясковага тыпу дамоў і мясцовы трохпавярховы гатэль, ля якога звычайна стаяла некалькі легкавікоў ці невялікі аўтобус.
Універмаг, двухпавярховы, прасторны, стаяў упрытык да рэстарана, а з другога боку — упрытык да кнігарні, а трошкі далей — гастраном, у якім звычайна людзей было шмат, асабліва як прыязджалі з бліжэйшых вёсак, каб купіць што-небудзь свежае і смачнае, бо ў вясковых крамах выбар быў малы. У вялікую пераменку і ў канцы заняткаў тут было поўна школьнікаў з блізкае адсюль школы, дзеці куплялі марожанае, булачкі ці цукеркі.
Пастаяўшы трохі ў чарзе, яны ўзялі смятаны, кефіру, хлеба і батон, масла, тварагу ў брыкеціках, дзесятак яек і нават «Зуброўкі» — на «заробленыя» Янкам грошы. Матцы ўзялі марожанае і бутэльку напітку. Дарэчы, хлеб у гастраноме быў рэдка, і сёння ім пашэнціла купіць яго, а звычайна ён прадаваўся ў хлебным магазіне, давалі на рукі толькі адзін бохан, яшчэ нават пыталіся, ты гарадскі ці госць. Як госць — маглі не прадаць. А чарга выстройвалася такая, што вылазіла з магазіна, і хвост яе віўся на метраў пяцьдзесят па тратуары. Адным словам, было весела, калі апошнім у чарзе хлеба не хапала: людзі мацюкаліся, лаялі савецкія парадкі, некаторыя іх супакойвалі — глядзіце, дадуць вам лёгкага хлеба, больш не захочацца.
Ішлі дадому — і Рагнеда стала пераказваць гутарку з маткаю, якраз пра яго. Яна шмат чаго ведае з Янкавага жыцця, няйначай, ёй расказвалі знаёмыя праз знаёмых, яго былых і цяперашніх сяброў, а мо нават са слоў Альбіны, якая нагаворвала матцы і пра Рагнеду ўсялякія непраўдападобныя гісторыі. То, што ёй варта было не паслухаць пра Янку, калі толькі пайшла гутарка пра яго збліжэнне з Рагнедаю: што ён не такі, як здаецца, што ён вунь які злыдзень, загнаў у магілу першую жонку, цяпер кінуў дзяцей і пайшоў да гэтай развядзёнкі на чужыя дзеці, хоць гэтыя дзеці ўжо маюць сваіх дзяцей. Смешна ўсё гэта было слухаць, і не першы раз, і не ад адной Рагнеды, а з другога боку — і балюча, бо ўсё гэта былі звычайныя плёткі, дзе ўсё перавернута, перакручана, перабольшана, а праўда там і не начавала. Але хіба забароніш людзям пра сябе гаварыць? Хай гавораць: пана клянуць, а пан таўсцее.
Вярнуўшыся, яны перакусілі салодкімі гуркамі з малінавым варэннем — і за работку. Па плане, які Янка атрымаў ад маткі, ён павінен быў зрабіць паддашак да хлевушка, каб пры ім можна было складаць дровы, і яны не моклі. Яна паказала сякі-такі матэрыял — тонкія дошчачкі, якія ляжалі ў гэтым хлевушку. Цяпер трэба было сабраць начынне, без якога нічога не зробіш: сякеру, малаток, абцугі, цвікі, нажоўку-пілку, усё гэта недзе ляжала, але трэба цяпер сабраць яго ў адно месца, каб усё было пад рукою. Як агледзеўся Янка, не хапала звычайнае, але патрэбнае рэчы — нейкага кавадла, на якім можна было раўнаваць старыя цвікі і рабіць новыя — са звычайнага дроту. У магазіне летам цвікоў не было, іх даўно разабралі.
Янка ўспомніў, што бачыў у адрыне нейкую металічную дэталь, круглую, як невялікая патэльня, але тоўстую, з дзюркаю пасярэдзіне. Вось яе, насадзіўшы на калодку, можна будзе скарыстаць, як круглае кавадла. Так ён і зрабіў: знайшоў круглы цурбан, падчасаў адзін канец, каб «патэльня» налезла на яго, пасадзіў на месца — і сапраўды, атрымалася добрая прылада для ўсякага кляпання. Потым ён устаўляў у гатовую дзюрку вострую бабку і кляпаў касу. Маці аднойчы ўбачыла яго «кавадла» і пахваліла за вынаходства, а Рагнеда жартам прапанавала ўзнагародзіць яго прэміяй і медалём з рэдзькі.
Як пераканаўся Янка, у кожнай справе важны быў пачатак. Калі ўсё на месцы, калі ўсё добра падрыхтавана, работа пойдзе як па масле. Праўда, на падрыхтоўку патраціў нямала часу, але што зробіш? Затое потым усё можна нагнаць.
Читать дальше