— Дак мо не грэх яшчэ i скласцiся? — павесялеў раптам стары малацьбiт, прыгладжваючы абедзвюма рукамi свой рэдзенькi чубок.
— Досыць, дзядзька, — адышлася ад стала i ляпнула вечкам куфра Алеся. — Вам, мужчынам, толькi патурай. Вунь работа жджэ — жыта ж вам трэба адсыпаць i зважыць.
Стары малацьбiт скоса зiркнуў на бутэльку — у ёй яшчэ пацела халодная, недапiтая на пальцы тры i празрыстая, як свежая вада з крынiцы, гарэлка, — i, перакiдваючы нагу цераз заслон, падняўся ад стала.
— А гэта ж ужо каму? — Алеся ўзялася за рыльца бутэлькi i пашукала вачыма акорак.
— Хай во старой на лякарства будзе, — Iмполь махнуў кучараваю галавою назад, паказаў на лаву, дзе, прымасцiўшыся каля другога акна, нямая Еўка са старою Мондрыхаю перавязвалi нiткамi начыненыя вантрабянкi.
Еўка трымала на абедзвюх выцягнутых руках тугiя колцы кiлбас — ад iх пахла часнаком i перцам.
Скруцiўшы з тоненькае паперкi папяросы, Iмполь са старым малацьбiтом усмак закурылi. Бэрсаючыся i выгiнаючыся пасмамi, пад столь падняўся сiнi дым, цягнуўся туды, дзе нямая Еўка падтыкала пад бэльку шасток з цяжкiм завiткам кiлбас.
Алеся ўзяла са стала недапiтую бутэльку i прыпынiлася каля дзвярэй, трымаючыся за белы ад iнею язычок клямкi, маргнула Iмполю.
Калi ён, разгарачаны ад чаркi, з ганарыста падбiтаю на патылiцу кепкаю, выйшаў у халодныя настылыя сенi, яна, блiснуўшы бялкамi, падняла на яго свае хiтрыя вочы:
— Жыта насыпай леташняе, з таго крайняга засека.
Ён кiўнуў галавою i распасцёр рукi, каб злавiць яе, але яна, зноў блiснуўшы спадылба гэтымi шарымi вачыма, прыгнулася i, выкруцiўшыся з яго рук, вышмыгнула з сяней, зарыпела на надворку хрумсткiм, крохкiм снегам:
— Я скоранька… Па бязмен токi збегаю.
Пасля полудня зважвалi старому малацьбiту жыта. Iмполь чэрпаў яго абслiзганай веялкай з цёмнага глыбокага засека. Алеся са старым насiлi з цёмнае стопкi на вiднейшае. Стары чапляў iржавым кручком бязмена за завязку мяшка, паднiмаў дрыготкаю рукою, другою лавiў алавяную булаву, пакручваў бязмен, каб была раўнавага, i, жмурачыся, глядзеў на сляпыя, сцёртыя вочкi, крычаў Алесi:
— Глядзi, акраз два пуды роўненька!
— Бачу, дзядзька, — крышку нагiналася яна, цiкуючы на шыйку бязмена адным вокам.
Вецер круцiў i гнаў у адчыненыя сенi дробненькi, як мука, снег. На шарай гадзiне Iмполь увалок у стопку тры туга завязаныя мяшкi жыта, прыставiў да кубельцаў з прыходу — назаўтра меўся везцi старога малацьбiта ў Дварчаны.
Але ўжо пасля вячэры, калi ўсе, пад’еўшы з картоплямi ржавых, купленых на посны дзень селядцоў, па чарзе забразгалi кубкам, прагна п’ючы пасля салёнага воду, Алеся, папярхнуўшыся каля вядра, раптам сказала ўсiм:
— Мужчынкi, i я з вамi паеду. Трэба ж фарбы купiць… I ўпоцемку, калi патушылi лямпу, калi густая цемната залiла хату, Алеся, горнучыся да Iмполя i абдымаючы яго мяккiмi голымi цёплымi рукамi, прызналася:
— Як жа ж мы жывём? Без вянца, без споведзi. Грэх жа ж.
— Хiба богу не сяроўна?
— Як богу, а во людзям…
— А iм што?
— Што? Вунь коляка чутак.
— Пагавораць ды перасцiхнуць.
— Не… Заўтра зойдзем да ксяндза, дамо на запаведзь.
Iмполь павярнуўся да яе, чуючы, якая яна гарачая, прыгарнуў да сябе, i яна, ужо змораная, задаволеная, зашаптала:
— Люблю цябе. Жыць будзем… Дзiця ад цябе мецьму…
Назаўтра яшчэ зацемна былi ў Дварчанах. У спiну падганяў сiверны настылы вецер. Сыпала зверху i мяло, падкручваючы, понiзу сухi малады снег.
Не агледзелiся, як пад’ехалi да белае атынкованае хаты з выплеценым лазовым шчытом.
З-за сыпкага, намеценага слаямi ў гародчыку кургана на вулiцу глядзелi зеленаватыя ад марозу неашалёваныя вокны. З тоўстае страхi дробнай пытляванай мукою курэў белы пыл, вiўся пад застрэшак, шоргаючы па сцяне, асядаў на высокую, выкладзеную сухiм картаплянiкам прызбу. Там хадзiў, схаваўшыся ад ветру, i заглядаў адным вокам у зашэрхлае акно рабы, з цыбатымi, у лапцях, нагамi i жоўта-пазалочанай шыяй певень. Лопаючы вялымi крыллямi, туды падлятала i не магла заляцець цяжкая жоўтая курыца.
— Вот, хлопчыкi, мы i прыехалi, — першым з саняў саскочыў стары малацьбiт у сваёй закуранай снегам авечай шапцы. Падышоў да дзвярэй, выбiў аб вушак шапку i пакруцiў драўляную закрутку.
Кудахнуўшы, певень адскочыўся ад дзвярэй i, топчучы порсткi картаплянiк, бокам пайшоў на другi бок прызбы.
Разварочваючы сыпкi курган, Iмполь завярнуў каня на надворак.
У абкладзеным кастрыцай хлевушку, што быў прыбудованы да кароткiх сеняў, дробненька замэкала, учуўшы людзей, каза.
Читать дальше