Алеся глядзела на косы, што бляк у покуце, пасак — месяц, заходзячы на сцяну, тух i апускаўся нiжэй, — слухала, як блiзенька сапе Iмполь, i, ап’янелая ад гэтага свайго маладога, мякенькага, як першая трава, шчасця, засынала зноў.
Назаўтра спраўлялi дамалоткi.
Яшчэ перад полуднем мужчыны лёгка паляпалi цапамi па горбе змалочанага ячменю — скаласавалi яго, адбiваючы ад зярнятак вусатыя асцюкi — i вясёлыя, закураныя пылам вярнулiся ў хату. Адхаркаўшыся i папляваўшы гэтым рудым пяршывым пылам у памялешнiк, стары малацьбiт, чырвоны ад задухi, выцер мокрыя вочы, змераў з ног да галавы Алесю i выскалiў свой дуплявы, счарнелы зуб:
— Ну, гаспадынька, не стой, лезь на хату па здор…
— Няўжо змалацiлi? — нейкiм вясёлым голасам перапытала Алеся.
— А ты думаеш што? — маргнуў калматымi абкурэлымi вейкамi Iмполь.
— Тады ўжо не грэх i да здору чаго. — Алеся азiрнулася на сцяну, знайшла на цвiку свой каптанiк i хустку i выйшла з хаты, вярнуўшыся назад са спацелаю, сiваватаю, мусiць, купленаю загадзя дзеля такога дня бутэлькаю i ружаватым бруском сала.
— Няма ўжо на цябе i бога. Гэта ж самы пост, а ты гарэлку, — падзюбала яшчэ картопляю ў горбачку зеленаватага патоўчанага семя старая Мондрыха i ўслед за нямою Еўкаю ўстала з-за стала.
— А што-така ўжо такое, калi мужчыны па кiлiшку вып’юць? Цi ж не зарабiлi? — i паглядзела на Iмполя — ён, памыўшыся, цёр ручнiком сваю ружовую шыракаватую шыю з хвосцiкам закручаных у лагчынцы валасоў.
Прымасцiўшыся на край заслона, села пры стале i сама, але гарэлкi не пiла, прыгубляла чарку i калацiлася, моршчачы свой роўненькi нос. Стары малацьбiт, седзячы спiною да глухога, замураванага шорсткiм абынелым лёдам акна, хукаў, ставячы на стол сiнюю, у павырабляныя кветачкi чарку, суслiў, як малое дзiця, сала, прыглядаючыся да Алесi з Iмполем, расцяжна гаварыў:
— Вот гляджу я на вас, i завiдкi бяруць — добрая пара.
— Ой, не ўрачы, дзядзька, — круцiла галавою i пасмiхвалася, жмурачы адно вока, Алеся.
— Што ты… Хай во скажа, як на споведзi, цi не я яго трохi сватаў?
— Было, дзядзька… Што таiцца, — саромеўся i глядзеў у сiвае, зацягнутае шорсткiм лёдам акно Iмполь.
— Ну, дак дай жа вам бог шчасця i здароўя! — стары зноў паднiмаў сiняватую чарку. На яго вострых, абцягнутых худою скураю скулах ружавелi i расплывалiся чырвоныя плямы. Выцвiлыя, у павучыне чырвоных жылак вочы пачыналi блiшчаць, рабiлiся вiльготнымi, як абцёртыя слiўкi.
Расчырванеўся i папрыгажэў Iмполь.
Алеся падсунула блiжай да яго палiваную талерку з нарэзаным салам, узяла тоненькi скрылiк. Схiлiўшы набок русявую з цяжкаю куклаю голаў, у якой блiшчаў карычневы круглы грэбень, скоса глядзела на Iмполя, любавалася яго хараством. Твар у яго быў няголены, густая шчацiна засiнелася кругом ружаватага рота, каля вушэй, дробненька кучаравiлiся даўно не стрыжаныя валасы. Было нешта вясёлае ў насупленых бровах, у густых, падкручаных угору вейках, у сцятых ружовых губах.
Згледзеўшы, як яна, не зводзячы вачэй, любуецца Iмполем, пачынаў падхвальваць яго i стары малацьбiт — паднiмаў голаў з рэдзенькiм чубком сiвых валасоў.
— Хлопец ён цiхi, сарамяжлiвы… Чаго там, будзеш жыць. Да гаспадаркi мо яшчэ не вельмi здатны… Але ж столькi вас, баб, у хаце — помач яму будзе.
— На чужога, кажуць, спадзявайся, але i сам не агiнайся, — крышку прыплюшчыла адно вока Алеся.
— Ой i хiтрая ты, — круцiў сiвым натапыраным чубком стары малацьбiт. — Голымi рукамi цябе не возьмеш.
— Ды ўжо ж i не дамся!.. — абгладжваючы кругом сябе скамечаную спаднiцу, яна паднялася з заслона.
— Я ж i бачу, дзiва што, — касiў сабе за спiну адным вокам малацьбiт, глядзеў, як яна адкрывала свой зялёны, у жоўтыя, крывыя пасачкi куфар, з дашчанае каробачкi дастаючы ўкручаныя ў белую хустачку грошы.
Адвярнуўшыся спiною i папляваўшы на пальцы, доўга адлiчвала iх. Нарэшце прыцiснула да стала порсткiя, што падымалiся, як сухое лiсце, паперкi.
— Вот, дзядзька, палавiну грашыма, а палавiну гатоўкаю — жытам плачу, як i ўмовiлiся.
Стары згроб вузлаватымi, жоўтымi ад тытуню пальцамi грошы, пералiчыў iх зноў, кладучы паперку на паперку.
Моршчачы лоб, падумаў i зняў з купкi адну паперку, прыпляскаў яе каля палiванае з ружаватым салам талеркi.
— Умаўлялiся то на двох, а як аднаму — цi не зашмат выходзiць?
Iмполь адхiлiўся ад стала, паклаў рукi на каленi:
— Як даюць, дзядзька, то бяры.
— О, нашто мне грэх? Нашто мне чужыя грошы? Чужога не спажывеш…
— За гэты грэх, дзядзька, я ўжо расплачуся, — зiркнуўшы зверху на лысаватую, з рэдзенькiм чубком на цеменi голаў старога, засмяялася Алеся i выкруцiла з хустачкi яшчэ адну паперку, кiнула перад Iмполем на стол.
Читать дальше