— Ды куды ж паедзем?
— Спярша во ў краму. На рубашку хачу табе набраць. Абнасiўся ж начыста…
Iмполь падганяў каня да белага атынкованага дамка з дашчаным ганкам, што стаяў тут у пачатку вулiцы, адразу за аптэкай. Прывязаў да шула ў плоце лейцы, укрыў радзюжкай каня i ўвайшоў у цемнаватую з затхлым, удушлiвым пахам нафталiну краму. Алеся, паставiўшы на прылавак сплеценую з шырокiх лучынак карзiну, аглядала пляскатыя скруткi паркалю i батысту. Адкiнуўшы ражок, мацала двума пальцамi белы ў жоўтыя вузенькiя пасачкi паркаль. На суконнай, накiнутай на плечы i голаў хустцы раставаў, пералiваючыся ружаватаю расою, снег. За прылаўкам, кiваючыся на адзiн бок i ледзьве дастаючы кароткаю нагою да падлогi, хадзiў стары крамнiк у чорнай аксамiтавай ярмолцы i карычняватай, пашытай з аўчын камiзэльцы, адзетай на пiнжак.
— Во глянь, i недарагое. — Алеся падклала пад ражок паркалю далонь — палюбавалася, цi прыгожа. — А што? Харошая будзе рубашка. У нашага Змiтрыка такая.
Утаптаўшы паркаль у жаўтаватую з лучынак карзiну, паказала яшчэ на шары ў палоскi корт:
— I гэтага яшчэ. На свянтэчныя порткi.
— Во як ты яго даглядаеш, — крамнiк зiркнуў спадылба чорным вокам i раскатаў тоўсты скрутак, намотваючы полку на акаваны бляшкаю метр.
— А хто ж яго дагледзiць? — засаромелася Алеся, дастаючы недзе з-за пазухi ўкручаныя ў аблямаваную тоненькiмi карункамi хустачку грошы: выняла сярэбраныя, з прыгожай маладзiцай на рэшцы, дзесяць злотых.
— Хто? — крамнiк надрэзаў тоўстымi кравецкiмi нажнiцамi корт i з тугiм звонкiм лускам разлупiў яго. — А кажуць, мужыка любi, як душу, а калацi, як грушу.
— За што? — чмыхнула злымi ноздрамi Алеся.
— Чым аўчыну больш мнуць, тым яна лепшая, — папляваўшы на пальцы, крамнiк адлiчваў рэшту.
На вулiцы, калi ўжо ад’ехалi ад крамы i зварочвалi назад на пераезд, захлынаючыся ад сiвернага ветру, спытала:
— Можа, ён i проўду кажа?
— Хто?
— Гэты кульгавы Герцык.
— Ты нешта да ўсяго сёння прыймаешся. Но-о! — Iмполь махнуў пугай, падагнаў змакрэлага, з зачэсанаю ветрам на адзiн бок грывай каня.
З-пад крамы завярнулi назад. Мiнуўшы пераезд з паласатым, паднятым, як аглобля, шлагбаумам i сiненькаю ашалёванаю будкай, над якою з бляшанага комiнка растрывожаным густым роем вiлiся iскры, скiравалi на вузенькую, перамеценую выспамi снегу касцельную вулiцу.
Абапал яе цiснулiся старыя з аблушчаным мелам на сценах драўляныя хаты. Падкручваючы ўгору снег, са стрэх мяла, аж круцiлася ўсё ў вачах, завея. Абкурвала чорныя слiўкi ў гародчыках, рагатыя, яшчэ з леташнiмi падпоркамi пад сукаватымi лапамi, яблынi, нiзкiя, рэдкiя платы з высокiмi брамамi. На надворках у зацiшку нагнала роўныя са стрэхамi хлевушкоў, слаiстыя, з тоўстымi брылямi курганы.
У канцы вулiцы ў сiвай, як пара над гарачым чыгуном, iмгле бялела высокая цагляная атынкованая брама. Нехта высунуўся адтуль з шырокiм дашчаным крыжам, што бяруць у касцёле, каб нясцi перад труною, калi хаваюць нябожчыка. За карычнева-голымi абветранымi клёнамi паднiмаўся ўгору дзвюма вежамi чырвоны цагляны касцёл. Вострыя жалезныя крыжы ўпiлiся ў каламутнае неба. Вецер зносiў адтуль лёгкiх кавак.
Было чуваць, як на ветры трашчалi сухiм намерзлым галлём тоўстыя, абкураныя з аднаго боку снегам старыя дрэвы.
У зацiшку каля каменнага муру Iмполь прыпынiў каня, абапёршыся рукою аб драбiнкi, ускочыў першым у сыпкi снег. Выставiў рукi, каб ссадзiць з саняў Алесю, падхапiўшы яе пад пахi, як ссаджваюць малое, укручанае ў хустку дзiця.
— Вой, яшчэ што выдумаў! — скрывiла свой чырванаваты, напечаны сухiм сiверным ветрам i папрыгажэлы твар Алеся. I, мусiць, давольная, пераступiла драбiнкi, раптам увальваючыся глыбока ў снег i ўскрыкнуўшы ад жаху.
Адчынiўшы ў пройме брамы настылыя, з жалезным крыжыкам, дзверцы, Iмполь прапусцiў наперад сябе Алесю.
Глыбокая, аж да цэментовых плiт расчышчаная i ўжо нанава перамеценая снегам сцежка абягала хмурны касцёл. Снег абсыпаў чорны, гладзенька абчасаны каменярамi гранiтны надгробак, што цяжарам прытаптаў магiлку. З кургана выглядвалi цэментовыя слупкi з абвiслым iржавым ланцугом. На цвiнтары пры каменным падмурку касцёла хавалi ксяндзоў. За жалезнымi, у карунках, аградкамi, над снежнымi капцамi стаялi гладзенька адпалiраваныя чорныя мармуровыя крыжы. Трапятлiвым холадам на iх зiхацелi сiняватыя блёсткi.
Выгiнастым вужом сцежка прыпаўзла да плябанii — нiзкага цаглянага дамка з жоўтым шкляным ганкам i драбiнкамi, як для курэй, на бляшанай страсе.
На настылым шкляным ганку з калючай шараватай намараззю на вузенькiх ажурных балонках Алеся з Iмполем прыпынiлiся. Доўга абiвалi жоўтым рысавым венiкам ногi, выцiралi iх аб выплецены з саломы кружок, што ляжаў перад белымi фiлянговымi дзвярамi з медзяною фiгурнаю ручкай.
Читать дальше