Адчынiлi iх i сумелiся, ачуцiўшыся яшчэ ў адным калiдорчыку, сонным i цёплым — у сцяне сапла белая кафельная грубка. Праз дзiрачкi ў чыгунных дзверцах ружаватай чырванню, як вуха процi сонца, свяцiўся, мiльгаючы, жар. Рэдзенькая чырвань трапяталася на выфарбаванай падлозе, на белых фiлянговых дзвярах. Тут iх было аж трое.
Алеся спатыкнулася на ходнiку, не ведаючы, мусiць, за якую клямку брацца.
Пусцiўшы ў калiдорчык слепаватую, раптоўную яснасць, кутнiя дзверы адчынiлiся самi, з-за iх вызiрнула абсыпаная густымi кудзеркамi завiўкi дзявочая галоўка.
Маладая, год дваццацi трох, ахмiстрыня ў паркалёвай сукенцы з кароткiмi рукавамi, у фартушку з нагруднiкам — прыгожая, як потым прыгледзеўся да яе Iмполь, — паклiкала iх увайсцi ў кухню.
— Вы да ойца прабошча? — спытала яна, адкiдваючы з сiняга вока кудзерку ясна-жаўтлявых валасоў.
— Ага, — Алеся спусцiла з галавы на плечы цёмную ў балонкi суконную хустку, астаючыся ў белай паркалёвай.
— То проша сядаць, ён скора будзе, — ахмiстрыня паказала на беленькi пафарбованы ўслонiк.
Iмполь стаяў у парозе, косячыся на кафельную плiту з вялiкiмi чыгуннымi кругамi, дзе смажылася на чорнай панiве рыба, на кухонным столiку, засланым белай у сiнiя клеткi цыратай, стаяла палiваная бляшаная талерка з нарэзаным i ўкачаным у муку шчупаком.
Ад шыпучай панiвы пахла падсмажаным алеем i цыбулькай. Iмполь глынуў слiну, учуўшы раптам малады здаровы голад. Збiраючыся ў мястэчка, яны толькi патаўклi звараных картопляў у буйную соль.
— Прошэ, нех панi сяда, — ахмiстрыня зноў паказала на белы пафарбаваны ўслонiк.
— Мы насядзелiся, нiчога — пастаiмо! — адмахнулася Алеся, аглядаючы невялiкую кухню з высокiм точаным буфетам i белымi, для посуду, палiчкамi. У тыльнай сцяне падазрона свяцiлася незашчэпленае ашалёванае аконца — туды, мусiць, падавалi ксяндзу есцi: ахмiстрынi няможна было заходзiць у сталоўку. «А дзе ж яна спiць?» — падумала Алеся, прыгледзеўшыся да гэтай маладзенькае спрытнае дзяўчыны ў лёганькай сукенцы i зялёных пантофлях з ружовымi пышнымi кутасiкамi.
Недзе там у сталоўцы паволi затупалi цяжкiя ногi, i ў ашалёваным акенцы мiганула чорная сутана.
Ахмiстрыня, зняўшы са столiка ажурную хлебнiцу, падала яе ў ашалёванае аконца.
Iмполю збоку было вiдаць, як адтуль, з акенца, высунулася тлустая, рыжаватая ад рабацiння рука i ўшчыпнула ахмiстрыню за купiнку натапыраных грудзей. Iмполь азiрнуўся на Алесю, бачыў, як у яе змянiўся твар i выцягнулiся ад здзiўлення губы.
Ахмiстрыня лёгка ляснула па гэтай руцэ, чырванеючы i аглядаючыся на Iмполя з Алесяю. Адапхнуўшы рыжаватую руку, зашаптала ў акенца:
— Тутай людзе!..
Iмполь з Алесяй угнулi галовы, тупа глядзелi ў падлогу, надавалi выгляд, што быдта нiчога не бачаць.
Ахмiстрыня вярнулася да плiты, адсланiўшы акенца. У яго ўсунулася чырванаватая галава з белымi, аж зеленаватымi, зачасанымi на радок валасамi. Выкацiўшы бялкi, з-пад чорных, як падфарбаваных, броў на кухню з цiкавасцю зiркнулi пукатыя вочы.
Лёгка, нячутна ходзячы ў зялёных з ружовымi кутасiкамi хатнiх пантофлях, ахмiстрыня падавала туды, у ашалёванае аконца, шклянку густога, на чырвоным сподачку, чаю, жоўтую, пасыпаную макам булачку.
Iмполь глытаў цягучую салодкую слiну.
Ксёндз паснедаў скоранька: з ашалёванага белага аконца была чуваць глухая малiтва. Iмполь разабраў тыя, невядомыя яму словы, што чуў яшчэ некалi ў высокiм халодным касцёле з дрыготкiмi свечкамi, прыкленчыўшы з мамай перад вялiкiм абразом маткi боскай: «Glоriа Раtri еt Filiо еt Sрiгitui Sапсtа» [2] Хвала айцу i сыну i духу святому.
.
I тады ксяндзу пазвоньвалi блiшчастымi срэбнымi званочкамi, прыкленчыўшы перад прыгожым алтаром, далiкатна прычасаныя дварчанскiя хлопчыкi. Iмполя разбiрала зайздрасць, хацелася i яму стаяць там за баляскамi i пазвоньваць гэтакiм блiшчастым званочкам.
Востра зацюкалi пустыя фарфоравыя талеркi — ксёндз паставiў iх на аконца, скрывiўшы набок голаў, вызiрнуў сюды, на кухню.
— Проша вэйсць!
Ахмiстрыня за медную ручку лёганька пацягнула да сябе выфарбаваныя беленькiя дзверы, пускаючы туды, у ядальню, Iмполя з Алесяю. Услед за чорнай, шырокай у падоле сутанай, з-пад якое мiльгалi блiшчастыя абцасы чаравiкаў, Iмполь з Алесяю прайшлi яшчэ адзiн, цемнаваты ад завешанага гардзiнаю акна, пакойчык.
Над нiзкiм, засланым белым вясковым абрусам столiкам, нiбы з-пад страхi павук, спускаўся аранжавы абажур. Як дробны конiк у траве, цiкаў бляшаны будзiльнiк з блiшчастым каўпачком званочка. Каля абклеенай шпалерамi сцяны стаяла абабiтая чорным хромам канапа. У кутку каля акна — прыгожа вытачаная, палакiраваная жоўценькая этажэрка. На верхняй палiчцы — нiкеляваны крыжык з чорным распятым Езусам. На падлозе простыя, вытканыя, бурачковыя, з белымi i жоўтымi па краях пасачкамi ходнiкi.
Читать дальше