Закiнуўшы на плечы, вынесла адтуль тоўсты, нагатаваны яшчэ з учарашняга вечара куль горшае жытняе саломы. Кiнула яго сярод пустога прыгумення, далей ад будынкаў i маладых, абвязаных саломаю яблынькаў.
Мужчыны ўжо вязлi сюды доўгага, што вяла пакалыхваўся на ўеханых па самыя дошкi ў снег саначках, жоўтага з ружовымi вушамi парсюка. Заклаўшы на адно плячо вяроўку, санкi цягнуў Iмполь: граз у шорсткiм снезе, набiраючы яго ў халяўкi чаравiкаў. Збоку санак iшоў Мiця, падтрымлiваў парсюка, паклаўшы растапыраныя рукi на яго гладкую, яшчэ цёплую спiну. Ззаду iшоў стары малацьбiт, перакiдваў з рукi ў руку, як гарачую дзе з прыску картоплю, сiвы, абмерзлы, недзе выкашчаны каля падрубы камень.
Алеся, збегаўшы яшчэ ў сенi па драўляную лапату, пабыла тут, каля мужчын, паглядзела, як яны збiраюцца смалiць парсюка, усунуўшы яму ў незастылы лыч абынелы камень, абкладваюць яго саломаю, i заспяшалася ў хлеў кармiць i паiць скацiну. Чула, як за спiною густа зашумеў агонь, абляшыўшы рэдзенькай жаўтаватай яснасцю снег i маладыя абвязаныя ўшчэпы. У порсткай саломе востра патрэсквалi цвёрдыя каленцы. На абшэрхлым ад марозу акенцы хлява адсвечвалася жоўтае полымя. З трапятлiвага, як мроiва, дымка вiлася i сеялася чорнымi чарвячкамi на белы снег перагарэлая салома.
Пад полудзень да Мондравай хаты, учуўшы свежыну, збiралiся чужыя каты, з абынелымi, белаватымi вусамi, цiшком абнюхвалi чорны ад перапаленай саломы i сточаны агнём снег, дзе Мондрыя смалiлi парсюка i дзе валялiся цяпер, адпараныя гарачым кульком саломы i скручаныя з свiных ног сiняватыя лейкi капытоў.
Да полудня мужчыны справiлiся абсмалiць i ўнесцi ў хату, зламаўшы пад iм старыя драбiны, ужо гладкага, пахарашэлага, вымытага цёплаю вадою i паскрэбенага нажом парсюка.
У хаце ад яго пахла жоўтаю скураю i свежым сырым салам.
Задраўшы спруцянелыя, з адпаранымi капытамi ногi, ён ляжаў на двух кароткiх, пазычаных у Лiтавараў заслонах. На карабатым, трохi падпаленым жываце двума радкамi гузiчкаў цямнелi бародаўкi незнарок зрэзаных саскоў. На сытым азадку вострым хвiшчом закручваўся асмалены караткаваты хвост.
Стары малацьбiт у шырокiм, што сядзеў на iм, як спаднiца, фартусе, закасаўшы да локцяў рукавы, вастрыў аб сточаную цэглу на прыпечку нож.
— Цi ж паспееце да цямна, — спытала Алеся, жмурачыся ад сонца, што, ужо растапiўшы лёд, падсушвала зверху шыбы акна,
З мокрае анучы ў падстаўлены чыгунок пляскала вада.
— А што, доўга ўмеючы… — стары малацьбiт пашаркваў нажом па фартусе i, падрэзаўшы ў калене парсюкову нагу, з хрустам скруцiў яе — сiняватым перламутрам, як ракавiнка, заблiшчала слiзкая, мокрая косць.
Алеся, прычасаная на радок, у чырвонай атласовай блузцы з кароткiмi на гумцы рукавамi, у туга зашпiленай збоку на блiшчасты гаплiк спаднiцы, узяўшыся ў бокi, цiкавала, што робiць стары малацьбiт. Чырвань ад блузкi аблiвала яе белую шыю, гладкiя мочкi вушэй.
Роўненькая ў плячах, тонкая, як пчала, у паяснiцы, яна сёння выдавала маладою, цвёрдаю, непадварушанаю дзеўкаю. Ад яе, як ад позняга, схаванага за хмаркаю сонца, iшла яснасць.
Iмполь, нават не азiраючыся на Алесю, чуў, дзе яна паварочваецца, i, задыхаючыся ад радасцi, угiнаў сваю чорную кучаравую галаву з гарбатым, як у барана, носам.
Нямая бачыла ўсё гэта, падцiнала сухiя, абсiвераныя губы, i, здаецца, было чуваць, як яны ў яе скрыпелi.
Стары малацьбiт, падклаўшы пад бок парсюку адрэзаныя ногi, зайшоў спераду да абкуранага, з жаўтаватымi дзяснамi лыча i на сытым шырокiм горле выразаў востры клiн мяккага распаранага сала — у вузкай пройме закурылася сiваю параю цёплая кроў.
— Кубак дайце, кубак! — ён падскочыў да печы i зняў са слупка на цвiку бляшаную, з паабiванаю палiўкаю, конаўку. Усадзiў яе ў тлустую, што льснiлася, рудаватую кроў, абводзячы ўсiх вачмi, чакаў, покуль яна сцячэ з конаўкi.
— Божа, цi не пiць будзеце? — Алеся пляснула рукамi i адвярнулася.
Задраўшы голаў з рэдзенькiм сiвым чубком i варушачы вострым гарляком на худой няголенай шыi, стары малацьбiт асушыў палiваную конаўку. Нямая зморшчыла, як у цяжкай пакуце, твар i, заенчыўшы ўдушлiвым крыкам, выскачыла ў сенi. Мiця з Iмполем, чмыхаючы насамi, стала, па-мужчынску пасмiхвалiся.
— I не зашкодзiць? — Алеся прычынiла за нямою дзверы.
— Чаго? Акраз на здароўе пойдзе… — малацьбiт выцер рукою губы, пакiдаючы з тылу на далонi даўгаваты, як ад раздушанага камара, пасак крывi. — Вэнь дактарэ чалавеку ды чалавечую кроў улiваюць.
— Свенты божа, якi ўжо свет настаў, што скорака чалавек чалавека жыўцом з’есць… — старая Мондрыха адвярнула да сцяны свой жоўты, як спечаны яблык, сцягнуты хваробаю твар.
Читать дальше