— Я ж i кажу, панечку мой: ёсць куды, абы было чым…
— Вой, разбэсцiлiся вы, дзядзька, пры сваёй Марыльцы…
— Што мая Марыля? Знасiлася, пяцёра прывёўшы… Мне каб такую, як ты, непадварушаную, то, дальбог… — памыляў губамi i, убачыўшы старую Мондрыху, засаромеўся, змоўк, выцер жменяю рот i, скасiўшы вока на палок, загаварыў ужо да старое Мондрыхi:
— А вы, панечку мой, чаго ўляглiся? Як маецеся?
— Як даглядаемся, так i маемся. Хварэю, Яначка, — нядужым голасам азвалася старая Мондрыха. Налiваючыся слязьмi, вочы ў яе заблiшчалi. — На той свет ужо сабралася.
— Не бярэце да галавы, панечку мой. Яшчэ будзеце жыць — у мяне знак такi. Па вачах бачу… Вы ж помнiце старога Станiслаўку? Ён усё, памiраючы, тастамант складаў, а як прыйшлося — так перажыў усiх.
Старая не даслухала, перабiла Вайтовiча:
— А мы што рабiцьмем з зямлёю?..
Перакрывiўшы рот, Вайтовiч пагладзiў няголеную шорсткую шчаку:
— Тут дзела такое: што галава, то й розум… Але я раджу апiсаць зямлю на Алесю. Даглядацьме вас абоiх, дзе дзенецца…
Алеся насцярожылася. Склаўшы рукi пад грудзьмi, настаўляла вуха, слухала, што гаворыць старая.
— А як жа яна во, мая Еўка?
— Так хто ж на калеку апiсвае зямлю? Трэба ж тады якога апекуна шукаць, цi што?..
— Глядзеце, Яначка, каб усё па-боску, пачалавечы…
— Што вы, цётка! — Вайтовiч задраў угору сваю пляскатую, у рудзенькiм пушку голаў. — Цi ж я ўраг вам? Я хачу, як найлепш…
— Ды ўжо ж, Яначка, рабеце, як найлепш, — сказала старая, мусiць, не даючы Вайтовiчу веры. Сухою вузлаватаю рукою нацягнула на сябе злямцаваную, у горбах кудзелi, коўдру i адвярнула да сцяны дзюбаносы твар.
Каля прыпека варушылася нямая Еўка: пад жалезнымi, аблушчанымi да лiловай чырванi трыножкамi патрэсквалi, нашчапаныя лучынамi, сухiя яловыя дроўцы. Жоўты агоньчык лiзаў край чорнае панiвы, там густа шыпела свежына. Чуючы саладжавы пах, малацьбiты глыталi слiну — яны ж з самюткае ранiцы былi галодныя.
— Ну што, будзем пiсаць? — адсоўваючы заслон, Вайтовiч сеў пры стале. Падрапаў пальцамi лагчынку цемя i спадылба паглядзеў на Мiцю з Лiтаварам. — Хадзем i вы сюды, хлопцы. Падсоўвайся, Бронiк, ты ж грамацей, здэцца, большы…
— Яшчэ невядома, — Лiтавар нехаця падсунуўся на другi бок стала.
— Колькi ж класаў скончыў?
— Чатыры.
— Уга, а я толькi два, але, панечку мой, яшчэ падзяжы знаю: iмянiцяльны, радзiцяльны, дацяльны, тварыцяльны, прадложны, звацяльны… Во! — скоранька, як пацеры, перагаварыў Вайтовiч, разгладжваючы на стале стары, жаўтаваты, недзе вырваны з канторскае кнiгi лiст паперы.
— I праўда, гаворыце, як пацеры, — пахвалiў Вайтовiча стары малацьбiт.
Падсмiхваючыся адныма вачыма, да стала падышла Алеся.
— Дзiва што, тады школа была не тое, што цяперашняя. — Вайтовiч адкаркаваў чарнiлiцу, абмакнуў пяро, выцягнуўшы адтуль размоклую муху, сарваў яе з пяра, двума пальцамi атрос на зямлю i закруцiў пяром, цэлячыся ў нейкую кропку. Нарэшце пяро дакранулася да паперы, зашморгала, як па шурпатым бруску. Зверху выцвiлага лiста доўга не высыхала вадзянiстае лiловае слова з трыма косымi крыжыкамi лiтараў: testament.
Няўзнак браўся нанач мароз. Белаватым i вострым, як лiсце на малачаi, iнеем зашэрхлi шыбы на вокнах. За iмi зрабiлася бурае, як перамешанае з чорным дымам, неба — там, дзе нядаўна раставала ў цемнавата-сiняй смузе ружовая макаўка сонца. Высока на полуднi знайшлася i заблiшчала першая дробная зорка. У хаце гус i лiп на вочы, як павучына ў лесе, сухi поцемак.
Алеся запалiла i павесiла на доўгi дрот над сталом лямпу. Рэдзенькiм кружочкам па паперы, па солтысавых руках бегаў, калываўся цень ад шклянога «магазына» з ружаватаю газаю. Расцягвалася i пакалыхвалася Вайтовiчава галава. Па паперы, як мыш дзе сярод ночы, скраблося пяро.
Усе, сцiшыўшыся, паглядалi на Вайтовiча. Скрывiўшы набок голаў i пакалыхваючы локцем стол, ён нешта чыркануў на паперы i разагнуўся.
— Так пачытайце, што там у вас выходзiць, — схiлiлася над Вайтовiчам Алеся, выцягваючы шыю i заглядаючы на паперу.
Вайтовiч патрупаў кончыкам драўлянае ручкi па зубах, прабег вачыма напiсанае i выдыхнуў з сябе дух, як скiнуў што цяжкае:
— А нiц сабе, складна выходзiць. — Ён тоўстым кароткiм пальцам падняў шапаткi лiст паперы. — Паслухайце, панечку мой…
Усе паднялi галовы, стары малацьбiт, заламаўшы вуха, прыклаў да яго руку.
Насупiўшыся i прыжмурваючы слепаватыя, нiзкiя вочы, Вайтовiч пачаў расцяжна чытаць:
«Я, Таквiля Мондрая, наперад душу сваю пану богу паручаючы, будучы на цела хвораю, але пры добрым розуме, усё памятуючы, з добрай волi свае i з парадаю прыяцеляў, перад сведкамi, на то прошаных: солтысам Янам Вайтовiчам i суседам сваiм Бранiславам Лiтаварам — зямлю сваю, а таксама быдла, вялiкае i малое, спрат весь дамовы, з ласкi божае набыты, гэтым тастамантам адказую i апiсую нявестцы сваёй Алесi Мондрай, абы яна да самае смерцi нашае мяне i нябогую дачку маю Еўку, тудака памянёную, даглядала i кармiла, а па смерцi цела грэшнае па-боску пахавала.
Читать дальше