Пiсана ў аўторак, 14 грудня 19З8 року, у вёсцы Верасава.
Руку ўласную прыклалi: Таквiля Гальяшова Мондрая.
Сведкi: Ян, сын Станiслава i Марыi, Вайтовiч.
Бранiслаў, сын Ясеў i Зосiн, Лiтавар».
— Дальбог, складна выйшла, — адняўшы руку ад вуха, першым азваўся стары малацьбiт.
Алеся, давольная, адышла на другi бок стала. Доўгi, пераломаны цень ад яе папоўз па сцяне, накрыў старую Мондрыху.
— Скажы, Яначак, чаму ж гэта я, аддаўшы сваю зямлю, грэшнаю стала, га? — спытала раптам старая Мондрыха.
Куток рота ў Вайтовiча расцягнуўся, ён, чмыхаючы носам, усмiхнуўся, потым павярнуў голаў, сказаў цераз плячо:
— Ты, цётка, не бойся. Тут усё, як у бёрдзе, лiшняга няма. Я па-справядлiваму, панечку мой…
— Чаго ж ужо баяцца: чы пнём па саве, чы савою па пнi — то саве бяда.
— Э-э-э, панечку мой, вы, цётка, пачынаеце мудраваць. Во, распiсацца толькi трэба.
— Ды як жа я распiшуся — цёмная. А крыжыка паставiць ужо рукi не служаць.
— Так, можа, Еўка за вас? — сказала i сцiшылася Алеся.
— Рабеце, як знаеце…
Вайтовiч кiўнуў галавою, падзываў нямую. Тая загула i замахала рукамi, крывячы, як у пакуце, твар.
— Iдзi, iдзi, не бойся, чаго ты?
Нямая, косячыся на старую, падышла да стала, тупавата i доўга ўзiралася на паперу. Нарэшце, выцершы аб фартух рукi, узяла ручку i, дзеручы пяром паперу, паставiла тры крыжыкi. Услед за ёю распiсвалiся, налягаючы грудзьмi на стол, Вайтовiч з Лiтаварам.
Алеся, адкрыўшы ў куфры абклеенае дзеля хараства царскiмi грашыма вечка, даставала адтуль новы засiнены абрус. Махнуўшы ветрам, заслала стол.
Мужчыны, блiскаючы вясёлымi вачмi, знiмалi i вешалi на цвiкi ў сцяне свае суконныя кепкi, адзiн за адным падыходзiлi да цабэрка — мыць рукi, няўзнак зiркалi на стол, дзе стаяў ужо лiтр падкрашанае ягадалi гарэлкi.
На торг верасаўцы збiралiся загадзя. Гаспадынi перабiралi ў куфрах сваё палатно, дастаючы нязгоршы скрутак, але пакiдаючы на далей тое тонкае, вытканае з аднаго кужалю яшчэ ў дзявоцтве нябожчыцаю мацераю.
Мужчыны, падсеяўшы жыта цi скружыўшы ячмень, ссыпалi яго ў мяхi, зважвалi на пуды старым, з алавянаю булавою бязменам. Выграбалi з кадушак грэчку.
Верасаўскi гарох збытку не меў — шары чарвiвы бурчак цяпер мала хто купляў.
У цане былi лён ды семя. Але лён у верасаўцаў не радзiў: у самы цвет на яго нападала блошка — чорная з сiненькiм адлiвам кузюрка, што сточвала маладое сцябло.
Пакiнуўшы на развод дужых пад коляды ягнят, што ўмелi ўжо есцi з кошыка сена, прадавалi старую авечку. У самыя халады, калi пачыналi цялiцца каровы, укiнуўшы ў палукашак саняў i прыкрыўшы радзюжкай, вязлi на торг вушатых бычкоў i цялушак.
Патрэбны былi грошы, каб што прыкупiць у хату. Бо даўно звялiся тыя акуратненька расшчэпленыя на дзве палавiнкi запалкi. Брыдка ж штодня бегаць да суседа, узяўшы вышчарблены, аплецены дротам гаршчок, ды пазычаць жар, каб распалiць у печы,
Выйшла апошняя кропля газы, пазычаная ўсё найбольш на прыстаўлены да бутэлькi карабок запалак. I колькi назбiралася тых карабочкаў. А сусед, лiха яму, скупы дый, мусiць, не верачы, што тую газу сышчаш, ужо знарок i недацэджвае.
Не шкодзiла б прыдбаць i новы, на сала, кубелец. Як звялiся тутэйшыя старавечныя лясы, звялiся ў Верасаве свае рэшаты, цэбры ды кубельцы…
Свае работы былi хiба выструганая з дзiкае грушы лыжка ды выдзеўбленыя з тоўстае, зваленае над рэчкаю алешыны ружовыя ночвы.
Нат дзеля граблiшча цi новага бiча верасаўцы ездзiлi за блiзкi свет у Восека, стары казённы лес, каб украдкам накарчаваць маладога грабу ды насекчы раўнюткага гарэшнiку.
Астатняе ўсё прыходзiлася купляць, прадаючы пудок жыта. Лiшку ў верасаўцаў не было, але прадавалi. Недарма кажуць: воз дадому возiць, санi — на базар. За тыдзень-два наперад згаворвалiся, хто з кiм паедзе i што павязе на продаж.
Змаўлялiся не толькi па суседстве цi па сваяцтве. У сяго-таго быў iншы iнтарэс…
Яшчэ за днi тры да Корсакаў забягаў Бронiк Лiтавар, прымасцiўшыся на калодзе каля парога i кiдаючы вострым вокам на лаву, дзе сядзела Хрысця — у руках у яе мiльгалi тонкiя пруткi: вязала шарую ў зялёныя пасачкi рукавiчку, — гаварыў, што збiраецца на кiрмаш: павязе прадаваць цяля i за адным, як кажуць, швом мог бы падвязцi кагонебудзь у Дварчаны.
— А чаму ж, Змiтрык во i паедзе. Газа вуньдзека выходзiць, — паказаў стары Корсак сваёю аблыселаю, з вянком чорных валасоў на патылiцы, галавою на заднюю сцяну, дзе вiсела палiца — там стаяў пачаты лiтр газы з прывязанаю да тоўстага рыльца мокраю вяровачкаю. — I солi не шкодзiла б. Пакуль маразэ, трэба ж было б каляду калоць…
Читать дальше