— Скажу, як на споведзi, крыўды я на твайго брата не меў. Ды бог нас рассудзiў… Шкода хлопца…
Мiця знарок, каб перабiць гэтую непатрэбную гутарку, штурхануў Лiтавара ў бок:
— Глядзi, куды едзеш! А то i без другое аглоблi астанешся…
Лiтавараў конь, разагнаўшыся, напiраў на чужыя санi-развальнi, ад злосцi цягнуў адтуль канюшыну. Стоячы на коленках, стары, у аблезлым каўпаку фурман не бачыў.
— Нiчога, няхай пакаштуе! Яму чужая канюшына, як добраму мужчыну чужая жонка — смашней.
Уехалi ў запруджаную саньмi i вазкамi местачковую вулiцу, жоўтую ад раздушанага i расцёртага палазамi конскага памёту. За рэдзенькiм частаколам мiльгалi выбеленыя вапнай хаткi. Чарнела нiзкае прысаддзе крывых рагатых яблынь i высакаватых, у дробным веццi, вiшань. З двароў праз занесеную снегам канаву былi перакiнуты нешырокiя, як пераехаць возу, драўляныя масткi. На доўгiм, пачэпленым ад хаты да хлевушка дроце звiнелi ланцугамi лянiвыя сабакi.
Загнуўшыся каленам, вулiца выбегла на шырокi пляц. За тоўстым мурам стаяла пабеленая i ад гэтага памаладзелая вясёлая царква з зялёнымi макаўкамi купалоў i пазлацанымi, у ланцужках, крыжамi. Высокiмi рагачамi круга яе паднiмалiся старыя таполi.
Каля муру ўжо збiлiся фурманкi. Накрытыя радзюжкамi конi грызлi жоўтымi зубамi сухую парэнчу.
Каля белых яўрэйскiх крамаў кiшэлi ў доўгiх спаднiцах, у цяжкiх, накiнутых на галовы хустках вясковыя кабеты. У ломкiх кажухах, у гаматных суконных бурках з зялёнымi i чырвонымi башлыкамi тапталiся панурыя, непаваротлiвыя мужчыны.
Вясёлым кiрмашовым гудам гуло мястэчка.
Пустым, як гарох, дробненькiм звонам шамацелi ў коней на ганарыстых шыях, блiшчалi жоўтымi, як спелыя расколатыя макаўкi, медзяныя галоўкi шастуноў; жалосна дзiлiнькалi алавянымi язычкамi прычэпленыя на дугу, начышчаныя пясочкам званкi. У чорных конскiх грыўках чырвонымi пiвонямi гарэлi шарсцяныя пышныя кутасы. Падковы вострымi шыпамi дзяўблi жоўты ад расслiзганага памёту, зацярушаны саломаю i канюшынаю цвёрды снег. Пырскалi iм, даставалi да ружовага бруку, высякаючы калючыя дробныя iскры.
Каля мураваных яўрэйскiх крамаў, што шнурком, адна за адною, высунулiся на шырокi пляц, Лiтавар аб’ехаў царкву i скiраваў у вузкi завулак. Уцiснуўшыся мiж дзвюх доўгiх хат, што стаялi адна да адной глухiмi сценамi, завулак выходзiў на рынак.
З шырокага пляца, як вада разводдзем, разлiўшыся перад вузкаю канаваю, туды, у завулак, сцякалiся людзi i фурманкi. Заторыўшыся, крычалi адзiн на аднаго фурманы:
— Го-го, куды прэш!
— А ты што, не бачыш? Вочы ялаўцом зараслi?
Кабета ў чорным ватовым каптане, з салявым мяшком на плячах, у якiм трапяталася i пiшчала парася, цiснулася мiж падвод, заступала дарогу Лiтавараваму каню, лезучы пад аглоблю.
— Гэй, баба, раздушу, — крыкнуў Лiтавар, скiроўваючы ўбок свайго каня i загароджваючы дарогу стрэчнай фурманцы. — Цi чуеш, баба?
— Цi я табе пуп завязала, што ты на мяне кажаш баба? — азiрнулася яшчэ маладжавая смуглявая кабета з чорным рэдзенькiм пушком на верхняй губе.
— Гы-гы-гы, — зарагатаў Лiтавар. — Дальбог, хлопцы, яна вусатая. I праўда ж, якая яна баба?
— О, каб да маiх вусоў ды твой нос! — адступiлася да выгарбленай, узятай у лiсiцы сцяны смуглявая маладзiца.
Лiтавар зачырванеўся, падбiраючы вышэй кепку, крыва засмяяўся, мусiць, не знайшоўшы, што сказаць.
— Ну, брат, i падцяла, га? — задраўшы голаў i губляючы на радзюжку сваю кепку, заходзiўся Мiця.
Нехаця крывiў сухiя абсiвераныя губы Жэнiк Рэпка.
— Не кажы, баба — як аса, — Лiтавар пакруцiў галавою i ўстаў з радзюжкi, пад’язджаючы да тоўстае парэнчы, дзе ўжо стаялi на прывязi параспраганыя конi.
Кiрмаш кiпеў, як растрывожаны мурашнiк. Людскiя галасы злiвалiся ў адзiн несцiханы гуд. Толькi было чуваць, як трупаў палачкаю па звонкiм палiваным збанку гарбаносы, з падкручанымi вусамi ганчар. Перад iм на вытаптаным брудным снезе стаялi жоўтыя гаршкi, мiскi, цёрлы, доўгiм радком, як грыбы без шапак, паднiмалiся гладышы i збаночкi. Трымаючы каля ног мяшок з лёгкiмi, што пахлi яшчэ свежым дрэвам, лыжкамi, ляскаў белаватымi кляновымi апалонiкамi лажэчнiк, прытупваў сiвымi з закручанымi галянiшчамi валёнкамi.
Дробная нiзенькая маладзiца ў цяжкай, суконнай, накiнутай на плечы хустцы трасла сiваватаю блiшчастаю ручайкаю часанага лёну.
— Во, лён! — крычала яна, паднiмаючы свой дробны абветраны рудаваты твар. — I сам прадзецца, i сам тчэцца, белiцца, i само палатно качаецца.
Каля яе збiралiся бабы, бралi ў рукi ручайку, траслi яе, перабiралi нальцамi, як слiзкiя валасы.
Читать дальше