— Чаго ж ён не светленькi? Ой, маладзiца, не хвалi ты ўжо яго. Добры лён, як сонца, ясненькi.
I адыходзiлiся, трымаючы на локцях прыкрытыя старымi хусткамi кошыкi, з якiх выглядалi з чырвонымi, завiтымi трубою на адно вока грабянямi старыя пеўнi. Iшлi туды, дзе на санях гарою падымалiся, увязаныя вяроўкамi, кадушкi ды кубельцы, дзе малады ружавашчокi бондар у барашкавай шапцы з доўгiм брылём, блiскаючы чорнымi вочкамi, падкiдваў на руках даўгаватую, у арэхавых абручах, бойку, крычаў нейкаму купцу:
— Гэ, цячы будзя? Ды я табе задарма аддам, калi яна прапусцiць ваду…
— Ты мне за грошы, але кубелец пакажы, — гаварыў нехта тоўстым, пракураным голасам.
Звязаныя ў пук аборачкаю, каля нечых саняў стаялi граблi з арэхавымi неаблушчанымi граблiшчамi. Высокi сыты мужчына, адзеты ў скураную тужурку, без шапкi, з блiшчастымi, намазанымi брыалiнам валасамi, пралазячы мiж фурманак, пасмейваўся з прадаўца, што сядзеў на санях i складаным ножыкам нарэзваў ружаватае, пакладзенае на лусту хлеба сала.
— Не жнуць, не косяць, а ты граблi прадаеш?!
— Э, чалавеча, кажуць, не кайся, рана ўстаўшы i рана жанiўшыся. Рана ўстанеш — многа зробiш, рана жэнiшся — дзяцей пры маладым здароўi пагадуеш. Так i граблi — купiш, то мецьмеш у пору.
— Гэй, фiлосаф, а цялятка ў цябе няма?
— Што няма, то няма, — чалавек, што прадаваў граблi, развёў рукамi, трымаючы ў адной кусок сала, а ў другой — гэты стары, без тронак, складаны ножык.
— Просiм сюды, во ў мяне цялятка, — пазiраючы туды на маладога высокага мужчыну ў скураной тужурцы i пазнаючы ў iм маладога асаднiка Грабянку, сказаў Лiтавар.
Малады Грабянка падняў голаў, абыходзячы чужыя санi, падышоў сюды, да Лiтаваравых. Ад яго гладка выбрытага ружовага твару, ад усяго яго запахла халаднаватым адэкалонам «тройкай».
Лiтавар адкiнуў радзюжку. Чорны бычок з белай зоркай на шырокiм лобе скасiў палахлiвае цёмна-сiняватае вока.
— Трэцi ўжо тыдзень… Бычок ад завадовай каровы…
— Ну што ты, пан, кажаш? — Грабянка крыва ўсмiхнуўся, сцягнуў з правае рукi карычняватую скураную пальчатку.
Жэня з Мiцем, угнуўшы галовы, маўчалi.
— Дальбог, не вёз бы на продаж. — Лiтавар адвярнуўся, высмаркаўся на снег i дагаварыў, шморгаючы рукою пад ногам: — Але, лiха яму, бычок…
— Колькi просiш? — Грабянка гэтаю праваю, без пальчаткi, рукою паляпаў бычка па чорнай, што палiскалася, спiне.
Бычок з перапалоху затрэпаў звязанымi нагамi, падняў вушатую бязрогую голаў, сiлячыся ўстаць.
— Як задарма… Пятнаццаць злотых!
— Ого, i праўда, што рукi ў людзей згiнаюцца до себе, а не од себе, — пакруцiў галавою Грабянка.
— А што ж, кужды мусi жыць.
— Дванасьце!..
— Ого, за такiя грошы я i сам з’ем.
Але цану незнарок падвысiла местачковая гандлярка, што прыпаўзла сюды, трымаючы пад пахаю звязаную за касматыя лапкi, чырвоную, з пачарнелым падмарожаным грэбнем курыцу.
— Чуеце сюды. I колькi ён важыць?.. Гэты бiк, — яна падняла на Лiтавара тоўсты з абвiслымi шчокамi твар.
— Стой, свiння, здалёку i не тыкай рыла, — Грабянка ганарыста прыставiў рукi ў бокi. — Я даўно заплацiў!
Схаваўшыся за чужыя санi, гандлярка ўжо асмялела, закрычала адтуль:
— Чуеце сюды, а што я, не заплачу-у?
Але яе ўжо нiхто не слухаў. Лiтавар выкiроўваў каня на свабоднае месца. Ззаду саняў, парыпваючы хромавымi ботамi з высокiмi заднiкамi i папружкамi на халявах, iшоў Грабянка. За iм трохi зводдаль пацягнулiся Мiця з Жэнiкам.
Ашалёваны i выфарбаваны, як велiкоднае яйка, у карычневы колер на два канцы дом, што стары Грабянка выштукаваў для свайго сына, стаяў недалёка ад рынка. Перад iм, як старыя пазелянелыя грыбы, з разложыстымi шапкамi, адна пры адной, раслi нiзкiя хвойкi. У прагале кронаў свяцiўся накрыты цынкаваю бляхай дах. Тоўстым пластом на край з’ехала цёмна-карычневая, нацярушаная з хвоек кастрыца.
Конь, як ведаючы, што яму трэба спынiцца, стаў сам перад шырокаю, на дзве палавiнкi, брамаю. Пераважыўшыся цераз яе, Грабянка адкiнуў зашчапiцу.
На Лiтавараў голас i тупат каня за акном махнулася фiранка i скоранька на карычневы ганак з прыгожымi павыразанымi баляскамi, незнарок прыкрываючы выпуклы жывот, выбегла курносая на ценькiх ножках маладзiца. На яе звялым, сцягнутым, як хваробаю, твары свяцiлiся пустыя вялiкiя вочы.
За ёю выйшла i зачынiла фiлянговыя дзверы высакаватая дзяўчына ў бялюткiм берэцiку на пышных, крыху рыжаватых валасах, адзетая ў вышываны, што неяк шчытна сядзеў на ёй, жоўты гуцульскi кажушок. Плiсаваная спаднiца ледзьве хавала яе круглыя гладкiя каленцы.
Читать дальше