— Бачыш ты, якiя раннiя, — дыхнуў параю i пасунуў вышэй на лоб авечую шапку стары малацьбiт.
Мужчыны пастаялi на крохкiм рыпучым снезе i пайшлi пад даўгаваты, з тоўстаю белаю страхою хлеў. Каля сцяны ўжо стаялi яшчэ недзе ўчора пазычаныя Алесяю i падгатаваныя для парсюка жалезныя саначкi.
Iмполь выняў з прабоя драўляную, прывязаную вяровачкай загваздку i адчынiў абедзве палавiны дзвярэй. З хлява густа запахла цёплым гноем. У высокай рэдкай загарадзi, зашастаўшы саломаю, падняўся i зарохкаў не кормлены нанач, згаладалы япрук. Учуўшы людзей, загрукалi, пераварочваючы кошык з сенам i цiснучыся ў кут, баязлiвыя авечкi. Адвярнуўся ад жолаба i падняў голаў у дальшым куце за жэрдкаю конь. Цяжка ўздыхнула, паднiмаючыся i чапляючыся за дошкi рагамi, карова. Усё, здаецца, пачула бяду.
— Будзем выганяць сюды. — Развязаўшы ў веснiках вяроўку, стары малацьбiт палез у свiную загарадзь.
Трасучы абвiслымi вушамi, з загарадзi высунуўся доўгi i шырокi, як лава, парсюк, зачмыхаў лычом, шукаючы, мусiць, карыта.
— Нiц сабе звер, пудкоў дванаццаць ёсцека… — Малацьбiт паляпаў япрука па абвiслай шыi, на якой целяпалася доўгая i круглая, як жалуд, завушнiца.
— Няўжо? — здзiвiўся Мiця.
— Будзе, калi не больш. Бачыш, завушнiца i хвост кручком. Пародзiсты, сальны…
Парсюк трывожна закруцiўся, зашамацеў нацярушанаю саломаю, наровячы вышмыгнуць на двор.
Iмполь заступiў яму дарогу, перакруцiўшы абухом наперад, падняў сякеру.
— Чакай, не спяшы. Мы яго i так укладзём. — Стары малацьбiт прыгнуўся i, выцягнуўшы руку, схапiў япрука за крывую заднюю нагу.
Япрук iрвануўся раз-другi i, учуўшы, што яго не пускаюць, завiшчаў, разявiўшы кароткi задзiрысты лыч са скручаным заржавелым дротам.
— Памагай, не стой! — закрычаў, каб перакрычаць востры, што закладаў вушы, свiнячы пiск, i папоўз на коленках стары малацьбiт.
Мiця з Iмполем падскочылi да парсюка, схапiлi за кароткiя ногi i перакiнулi яго на шырокую спiну. Заверашчаўшы на ўвесь канец вёскi, парсюк затрапятаўся, сiлiўся перавярнуцца на жывот, iрваў сваю нагу з Мiцевых рук. Стоячы на коленках, з другога боку яго трымаў за абедзве нагi Iмполь.
— А дужы якi, ядры яго макаўку! — Стары малацьбiт, чырвоны ад натугi, навалiўся на парсюка, зашчамiў пад паху пярэднюю ногу i, паклаўшы растапыраную руку на яго вострую грудзiну, слухаў, дзе дрыгае сэрца.
— Вось сюды, трохi нiжай! — крыкнуў Iмполь, выцягваючы шыю i паказваючы барадою.
— Не вучы, — малацьбiт падняў голаў з цяжкаю авечаю шапкаю, мацаў кiшэнi — мусiць, шукаў швайку.
— Во, яна ў мяне… — Мiця падаў яму закручаную вушкам з аднаго канца, а з другога — з заточаным блiшчастым вастрыём швайку.
З кароткага, з падпiленымi iкламi парсюковага лыча рваўся, то мацнеючы, то сцiхаючы, тонкi вiск.
Малацьбiт паставiў на белую, у рэдкай шчацiне, свiную грудзiну вострую швайку i з хрустам, недзе прабiваючы косць, увагнаў яе па самае вушка.
Парсюк, захлiстваючыся глухiм астатнiм вiскам, турзануўся ўвесь.
Малацьбiт, чуючы, што злавiў сэрца, трохi падзяржаў швайку i пусцiў яе — швайка затурзалася, як жывая. Кругом яе выступiла i расплылася круглаю плямаю цёплая кроў.
Мiця выпусцiў япрукову нагу — яна раптам выцягнулася i затрэпала, бразгаючы капытом.
— Эге, ядры яго ма, трымай яшчэ! — малацьбiт выцер рукою лоб.
Парсюк задрыгаўся, захроп i пачаў ацiхаць, як засынаючы.
Знайшоўшы каля сябе сякеру, стары малацьбiт выцягнуў са свiное грудзiны швайку i з хрустам пачаў заганяць у чорную дзiрку, адкуль сачылася кроў, алехавы, абкручаны пасмаю лёну гвозд.
Iмполь таксама выпусцiў звялую ўжо, нежывую япрукову нагу. Мякка, як мяшок, парсюк перавярнуўся на бок: каля затычкi на грудзiне застывала ружовая крывяная пляма.
Падняўшы з зямлi, Мiця пакруцiў у руках запэцканую ў кроў швайку i, не ведаючы, куды яе дзець, з размаху ўбiў у счарнелы мох мiж дзеравiн.
На дварэ павiднела. Дробненькi, як пыл, поцемак асядаў у кутках хлява. У каня, што трывожна задзiраў голаў, сiняватым, трохi перламутравым бляскам адсвечвала вялiкае вока. Цiснулiся ў куток i шасталi гарахавiннем, блытаючыся ў iм нагамi, авечкi. Па хляве мiльгнуў i злiўся з поцемкам у кутках цень. Каля парога стаяла Алеся, усунуўшы ў рукавы кажушка, хавала голыя, без рукавiц, рукi. Убачыўшы распластанага на баку парсюка з незаплюшчаным рудым вокам, здзiвiлася:
— Вой, а чаму ж ён глядзiць?
— Вiдаць, цябе яшчэ не бачыў, — засмяяўся стары малацьбiт, выстаўляючы свой чорны, дуплявы зуб.
— Ай, трэлiце, дзядзька, абы-што… — Алеся адвярнулася i пайшла трохi ўжо зацярушанаю за ноч снегам сцежкаю ў гумно.
Читать дальше