— А што за гэта будзе? — спытаў стары Корсак, абгладжваючы жменяю рот.
— Кусок свежанiны, — засмяялася Алеся, жмурачы адно вока.
— Дык вунь у стопцы. У сцяне разам з напiльнiкам сядзiць…
— Вой, цi знайду ж я?..
— Ну, ты як маленькая, — Корсак пераступiў цераз лазовы кошык, пайшоў расчышчанаю сцежкаю, сунучы сагнутыя, як падсечаныя ў каленях, ногi.
Пад яго старымi, са свежаю дратваю вышэй заднiка, ботамi сырою капустаю хрумсцеў снег.
Алесi здалося раптам, што ў бацькi змянiлася хада i падаўжэлi рукi. Яе ўзяў жаль, што так неўзаметку, за адну гэту восень, ён пахуднеў, усох i ўжо гнецца ў крук.
Гледзячы на гарбаватую бацькаву спiну ў шарай, сцёртай да рубцоў марынатцы, загаварыла ўжо пра сваё:
— Зямлю ж апiсваць будзем, складаць тастамант.
Корсак спынiўся, адкiнуўшы пало суконнага паўшубка, дастаў з кiшэнi завязаны на хвiчку капшук з тытунём, перапытаў:
— Што ты гаворыш?
— Кажу, што зямлю апiсваць буду.
— Знайшла калi.
— Чаму?
Сапучы носам, Корсак натаптаў у падстаўленую жалабком газету шчопцi мяккага збэрсанага тытуню:
— Меней знайся з гэтымi малацьбiтамi… Бо чуеш, што ў вёсцы плешчуць?
— Хiба людзям языкi пазавязваеш?
— А чаго раптам табе заманулася?
— Старая захварэла… Памрэ, крый бог!
Корсак скасiў вока, цераз плячо зiрнуў на Алесю, мусiць, не даў веры, першым увайшоў у непрычыненыя сенi — адтуль, нарабiўшы лопату, кiдаючыся ў ногi i губляючы пер’е, паляцелi перапалоханыя куры.
У сенi вызiрнула Хрысця, з-за дзвярэй было вiдаць яе рудаватае, блiшчастае, як вылушчаны каштан, вока.
— А я сабе думаю, хто ж тутака лопату нарабiў?
— Сенi зачыняць трэба, а то во не прайсцi, — Корсак паслiзнуўся на курачым памёце i борздзенька схаваўся ў поцемку стопкi.
— Вы ж з Мiцем i не зачынiлi, — адказала туды, у стопку, Хрысця i маргнула Алесi. — Аляксандрачка, зайдзi ж у хату.
— Вой няма калi. Па швайку прыбегла.
— Што, ужо свежаваць сабралася?
— Ага.
— Знаю, знаю, для каго стараешся.
— Каб табе такi нос, як ты ўгадала.
— А мо не? — падмаргнула i схавалася за абабiтымi злiнялаю радзюжкаю дзвярмi рудаватае вока.
Дзержачы адным пальцам за вушка ржавую няточаную швайку, са стопкi высунуўся Корсак.
— Тупая, але малацьбiтэ падгостраць…
— Такой бяды, як-небудзь дамо рады, — Алеся павярнулася iсцi, але Корсак ужо без злосцi папрасiў:
— Пачакай. Маю табе нешта сказаць.
Алеся епынiлася, падгладжваючы адною рукою пад хустку валасы, чакала.
— Я ўсё пра гэту вопiсь думаю, — Корсак забразгаў у кiшэнi крэсiвам. — Цi пагаварыла ты хоць з Вайтовiчам?
— Ой, дальбуг, не.
— Вот табе маеш, — ён секануў канцом пляскатага напiльнiка па вострым крэмнi — на руку пырснулi, зашыпеўшы, вострыя iскры, з кавалачка рудое, як пераспелая порхаўка, губкi закурыўся сiнi дымок. Корсак, смокчучы, прыкурыў папяросу, папярхнуўшыся дымам, парадзiў: — Трэба было пагаварыць, а мо й пачаставаць. Аладку, не падмазаўшы, i то не спячэш, а тутака такая справа… I за сведку свайго чалавека трэба ўзяць. Каго маеш?
— Дык вы, тата, i будзеце, — не дала яму дагаварыць Алеся.
— Вот галава, — крыва засмяяўся i выйшаў з сяней Корсак — за плячыма ў яго вiўся сiнi i горкi, як атрута, тытунёвы дым. — Трэлiш няведама што. Лiтавара, вунь, паклiч.
— Ой, баюся я яго. Блiнкае вачмi, як звер, вывiжоўвае ўсё.
— Яно проўда: звер не звер, а чорт яму вер. Але паклiч. Я пагавару з iм…
— А дзе ж я дзенуся — паклiчу, — сыходзячы ў снег, Алеся выперадзiла бацьку, борздзенька пайшла, махаючы ржаваю швайкай. Скiравала да пограба, нагнуўшыся, гукнула ў чорную кантовую дзiрку — Змiтрычак, i ты прыйдзi ж заўтра. Не забудзься ж!..
Там, у пограбе, дастаючы галавою да белых заплеснелых дзеравiн столi, на коленках сядзеў Мiця, грабучы абедзвюма рукамi, сыпаў у кошык картоплi.
— Прыйду, прыйду, — глуха, як з таго свету, аклiкнуўся ён.
Але Алеся яго ўжо не чула, бегла па разарваным ланцужку сваiх слядоў, нiяк усё не трапляючы нагою ў iх, думала пра тое, што сказаў бацька. Трэба дбаць, каб была зямля. Будзе свая зямля — знойдзецца Iмполь. Не ён, дык другi.
Алесi перахапiла, перацяло дых. Сколека ж чакаць таго другога? I нашто перабiраць? Лепшы цi знойдзецца? Iмполь малады i вiдны сабою. Грэх i думаць!
На грукат хатнiх дзвярэй на палку зашамацела перацёртым гарахавiннем старая Мондрыха. Падняла голаў — ззаду ў кароткай, як казiны хвосцiк, касе целяпалася палатняная, недзе вылупленая са старой сарочкi стужка. Застагнала, падсоўваючыся на вялiкую ў чырвоныя кветкi падушку i нацягваючы на сябе зношаную, у гарбах злямцаванае кудзелi, коўдру.
Читать дальше