Стары, без аднае нагi Грабянка з абвiслымi, як у Пiлсудскага, вусамi, у вайсковым фрэнчы i ў «мацеюўцы» — сiняй круглай фуражцы, паказваўся на полi рэдка — тады-сяды прыязджаючы ў брычцы з высокiмi жалезнымi рысорамi, у якую быў запрэжаны сiвы, у чорныя яблыкi, конь, на яго выгнутай шыi пруткаю чорна-сiняватаю шчоткаю дрыжала падстрыжаная грыва.
Грабянка, седзячы на пругкiм спружынiстым сядзеннi, засланым старым суконным коцам у клетку, блiскаў адным ботам з высокаю шчытнаю халявай, на другой, толькi да калена, назе калоша вайсковых брычэсяў была складзена i прышпiлена тоўстаю вялiкаю шпiлькай.
Грабянка чухаў тое адно вострае калена, моўчкi паглядаючы на жней, якiя, насунуўшы на вочы дзюбкi хустак, яшчэ спарней махалi сярпамi, i даваў знак насупленаму фурману паганяць каня.
Пры жнеях на полi быў найбольш Франак: ляжаў, уткнуўшыся падбародкам у кулак, на рудым ад пераспелага кмену замежку пад старою, ссыпанаю пучкамi карычняватых дзiчак карчыстаю грушаю, чытаў кнiжку.
Маладзiцы, навярэдзiўшы спiну — памахай, нагнуўшыся, сярпом — i хiтруючы, каб як перадыхнуць, паднiмалi голаў i крычалi, зiркаючы быстрымi вачмi з-пад насунутых на вочы хустак, туды, пад трапятлiвую блiшчастую грушу:
— Франусь, прачытаў бы нам што-небудзь са свае ксёнжкi!
Франак адрываў ад кулака падбародак, чырванеў, як налiты яблык, сарамяжлiва пасмiхваўся, крывячы чарнаватую ад не голенага яшчэ пушку верхнюю губу.
— Можа, там пра любоў пiшацца? — пыталася каторая, ужо саўсiм асмялеўшы i не саромеючыся маладога асаднiка. — Цiкава, як у ксёнжках любяцца?
— Наўме табе яшчэ гэта любоў, мужыка свайго меўшы, — круцiлi галовамi старыя бабы.
— Калi не мне, то няхай Алесi пачытаў бы, — не сцiхала тая баявейшая маладзiца.
Алеся, не ведаючы, куды дзецца ад брыдкасцi, яшчэ спарней шморгала сярпом гэты пераспелы, заглушаны высокiм распушаным асотам ячмень i нат не ўчула, як у мезенец на левай руцэ ўпiўся серп.
Убачыла кроў — i толькi тады ад страху i болю турзанулася, зайшлося холадам сэрца.
— Вой, што ж гэта з табою? — закрычалi бабы, мусiць, убачыўшы, што Алеся збялела, i раптам забыўшыся пра таго маладога асаднiка.
Алеся падняла здранцвелую руку, баючыся глядзець на парэзаны палец, з якога капала густая цеплаватая кроў.
— Ах, божачка, лапiк ёй дайце, лапiк! — заенчылi жнеi.
— Во, кроў як свiшча, аж страх глядзець…
— Пачакайце ж, дзеткi, дайце сюды руку, — шастаючы жоўтым ячменiшчам, да Алесi падбегла старая Лiтаварыха, схапiла за парэзаную руку, крыкнула на жней, каб тыя адвярнулiся, падаткнула руку пад падол свае доўгае, аж да пят, суконнае спаднiцы i пачала мачыцца, як агнём апякаючы Алесiн парэзаны палец.
Алеся спярша нават разабрацца не паспела, што гэта яна робiць, потым вырвала руку i ўсё азiралася, цi не бачыць Франак — было брыдка, хоць у зямлю правалiся.
— Стыд не дым, дзеткi, вочы не выесць, а рана во загоiцца.
Разарваўшы зубамi тоўсты рубец кужэльнае сарочкi, Лiтаварыха адарвала вузкаваты, даўжынёю на пядзю пасак.
— На, завяжаш, толькi бабкай спярша рану прыкладзi.
Трымаючы перад сабою парэзаную руку, Алеся пабегла на дарогу — там з цёплае прывялае травы варсiстымi лiловымi таўкачыкамi выткнулася бабкатрыпутнiк, — вырвала закурэлы пылам, прашыты нiткамi-жылкамi зялёны лiсток i завярнула назад, зводдаль абыходзячы дзiкую карчыстую грушу, дзе ляжаў, унурыўшыся ў кнiжку, Франак.
Чула, як суха шапоча на грушы рабое, нiбы абседжанае мухамi, лiсце. I нат збiлася з хады, калi яе дагнаў Франакаў голас:
— Чакайце, вы што, руку парэзалi?
— Ага, — яна не азiрнулася, толькi прыспешыла хаду. Блытаючыся нагамi ў высокiм пераспелым кмене на замежку, ён забег ёй наперад.
— Я схаджу дадому, прынясу ёду.
— Ой, нашто, я прыкладу бабкай, — камечачы гэты запылены лiсцiк, яна прыпынiлася, убачыла яго сiнiя вочы, рэдзенькi яшчэ пушок на шчоках каля вушэй, чырвоныя мяккiя губы…
— Ад гэтае травы можа быць заражэнне…
— Праўда, не трэба, — папрасiла яна, дзiвячыся, што ў яго гэткiя сiнiя вочы.
Але ён не паслухаў, пабег дадому, вярнуўшыся на поле з мацераю — тоўстаю, што, iдучы, перавальвалася, як качка, асаднiчыхаю. Алеся аж жахнулася, убачыўшы ў яе на шчацэ чырванаваты, як тая няспелая слiўка, гуз i рэдзенькiя чорныя вусы на губе, калi асаднiчыха пачала разверчваць гэты перавязаны ўжо i прыкладзены бабкай палец, каб памазаць яго ёдам i перабiнтаваць.
А ўжо зацiшным, ацяжэлым ад расы вечарам, варочаючыся з жнiва дадому, верасаўскiя бабы, як злыя асеннiя мухi, зноў пачалi кусацца:
Читать дальше