Перад самым вуглом нечы камень насцiг высокага, у шарачковым пiнжаку хлопца. У таго неяк раптам заплялiся ногi, i ён тыцнуўся носам мiж мокрых ад расы рэек у маладую, яшчэ не выпалатую траву. Двое ведраўцаў, вярнуўшыся, падхвацiлi яго пад пахi.
Дубатоўцы падбеглi туды, за пакгауз, але ў iхнiх руках каменняў ужо не было.
— Чаго ж стаiш? Хадзi блiжай, хадзi! — асмялелi ўжо ведраўцы, прыпынiўшыся па другi бок пуцей, каля шчыльна абгароджанага старымi шпаламi вугальнага склада, дзе чмыхаў дымам, паднiмаючы над комiнам адарванае драцяное сiтца, мурзаты паравоз.
Ачуняўшы, на нагах ужо стаяў той высокi у шарачковым пiнжаку хлопец, круцiў галавою, як круцiць ёю пабiты баран.
— Ну хадзi, раз ты такi храбры, — патрос недзе ўжо, мусiць, выкашчаным з травы каля плота клямарам плячысты, на крывых нагах, ведравец. — Хадзi! Чаго ж баiшся?..
Дубатоўцы круцiлi галовамi i суха паплёўвалi, паказваючы чырвоны кончык языка.
Сямён Качарга маўчаў, скрывiўшы набок галаву i падняўшы адно брыво, цiкаваў туды, на ведраўцаў, як цiкуе, напалохаўшы курэй i сеўшы на кол, пануры каршун. I ў яго гэтак драпежна загiнаўся нос, як загiнаецца дзюба ў каршуна.
Ведраўцы, трасучы кулакамi, крычалi адзiн перад адным:
— Ну хадзi, раз такi рызыкант!
— Чаго ж напусцiлi ў порткi?
— Гы-гы, ваякi!
— Завяжы калошы!..
Сямён Качарга крыва засмяяўся, памалу пераступiў цераз рэйку i пайшоў туды, ганарыста задраўшы голаў, як, бывае, iдуць адзiн да аднаго, завiнуўшыся за што, дзецi. Дубатоўцы, згледзеўшы каля пакгауза кучу ржавых кастылёў, кiнулiся туды, сапучы, граблi iх у рукi. Нехта адрываў ад пажарнага шчыта вострую, з кароценькай ручкай кiрку.
Але ведраўцы не ўцякалi. Падпусцiўшы блiжай да сябе Качаргу i бачачы, што ён ужо далекавата адлучыўся ад сваiх, неяк цiшком i прыгнуўшыся рушылi да яго. Прытоптваючы рукою натапыраную, з пакладзенаю ўсярэдзiне папераю, кепку. першым бег той самы з крывымi нагамi ведраўскi хлопец, махаў доўгiм, што збiваюць паколатыя шпалы, клямарам. За iм краўся, як кот да мышы, малады, гадоў семнаццацi цi дзевятнаццацi, хлопец у выцвiлым кароткiм пiнжаку. Адставiўшы назад руку, хаваў нешта ў ёй.
Качарга раптам спынiўся, не ведаючы, што рабiць — стаяць цi ўцякаць ужо назад.
— Не пускай! Рашай яго тут, на месцы! — махнуў клямарам крываногi.
Закрываючыся локцем, Качарга пачаў адступацца назад. Зачапiўся нагою за рэйку. Упаў, перакручваючыся i абапiраючыся на рукi. Але падняцца ён ужо не ўскораў.
Апярэдзiўшы крываногага, да Качаргi падскочыў той маладзенькi ведраўскi хлопец, замахнуўся, раптам паказаўшы складаны, з доўгiм, вузкiм лязом нож, i, выскаляючы зубы, цяў iм Качарзе ў спiну, якраз недзе пад левую лапатку.
Абапiраючыся на рукi, Качарга пастаяў ракам, потым, як хто яго папхнуў, тыцнуўся тварам у залiтыя мазутам шпалы. Перавярнуўся на спiну i, задыхаючыся ад удушлiвае гарачынi, пачаў драць рукамi грудзi.
— Тваю маць! Што робiш? Што! — прысядаючы i трасучы кулакамi, заенчыў нехта з дубатоўцаў. Яны ўжо спяшалiся на помач, на бягу шпурлялi гэтымi доўгiмi жалезнымi кастылямi.
Убачыўшы, што нарабiлi бяды i што дабром гэта не мiнецца, ведраўцы крута завярнулi назад, рассыпалiся хто куды.
Дубатоўцы якi мiг пастаялi над Качаргою, убачыўшы, як у яго ўжо сiнеюць губы i ён вяне, мяняецца ў твары, кiнулiся за ведраўцамi, не спускаючы вока з таго маладога хлопца ў выцвiлым картовым пiнжаку.
Рашылi б яго, пэўна, на месцы. Але ён, як ведаючы, што далёка не ўцячэ, заскочыў у аптэку, што была якраз блiзенька да станцыi, i ўскораў закiнуць на прабой у дзвярах тоўсты крук.
А тут надарыўся палiцыянт Гура — прыйшоў купляць лякарства.
Ведраўскага хлопца засудзiлi, але далi ўсяго тры гады — на дубатоўцаў даўно мелi вока гмiна i пастарунак.
Пасля гэтага сюды, на станцыю, ведраўцы не патыкалiся. Пiльнуючыся падхватнай работы, з ранiцы да вечара каля невялiкага, пабеленага, з вострым чарапiчным дахам вакзала, каля станцыйных складоў i заваленай дзеравам рампы тулялiся адны дубатоўцы.
На дварчанскай станцыi штатнымi грузчыкамi былi толькi двое татараў, братоў Кулемiных, ды пры сiндыкаце, да якога належалi пакгауз i склад — даўнейшая нямецкая бойня ў канцы Дварчан, сталую работу мелi: дварчанскi паляк Вунгер, дубатоўскi Платон Верамей ды верасаўскi Сяргей Рэпка.
Сёння ў сiндыкат прыйшло ажно чатыры вагоны цэменту, i работы павiнна было хапiць усiм — i сталым, i падзённым грузчыкам.
Падбiваючы полы стракатай, падпяразанай шырокiм паскам ясёнкi i расставiўшы кароткiя рукi, сюды подбегам iшоў сiндыкацкi загадчык, чырвоны, з тлустымi, абвiслымi шчокамi Давыдоўскi. З-пад яснай, у цёмную клетку, збiтай набакiр кепкi лезлi кудзеркi сiвых, як дзiчка-воўна на благой авечцы, валасоў.
Читать дальше