Iмполь пераступiў нечыя выцягнутыя на падлозе, сiняватыя вышай ануч ногi.
— Восьдзека скiнь, — паказала яна на пустое месца каля абслiзганае мяшкамi сцяны. — Мы будзем во за дзядзькам Радзюком.
Нахiлiўшыся, Iмполь спусцiў з сябе цяжкi, што адабраў плечы, мех.
Каля сцяны заварушыўся аблезлы барашкавы каўпак. З-пад яго скоса пазiралi знаёмыя вочы. Iмполь пазнаў старога Радзюка. Чуючы злосць, што ад гэтага каўпака ўжо нiдзе не ўцячэш, зноў пераступiў худыя, з задранымi калошамi ногi, пайшоў па другi мех.
Ваця, стаiўшыся ў палахлiвым кутку, цiкавала то за iм, то за Алесяю. Нейкаю знябожанаю, збедненаю i яшчэ больш пабрыдчэлаю выдавала яна.
Алеся, мусiць, учуўшы на сабе гэты позiрк, з ганарыстаю пыхаю пайшла да воза, чмыхнула носам, як чмыхае бадлiвая маладая карова, ганарыста круцячы вострымi вiлаватымi рагамi, i, маўчучы, памагала Iмполю пакласцi на плечы мяшок.
Пра Вацю яна загаварыла ўжо дома, калi яны, вярнуўшыся з млына, высыпалi ў кадушку муку.
У цьмянай стопцы, дзе пахла кiславатым вiнным хлебам, Алеся, як спатыкнуўшыся, прыпала да Iмполя, сказала, тулячыся шчакою да яго грудзей:
— Стары Радзюк сёння ў млiне казаў, што ты кахаўся з гэтаю белкаю. I хто такую любiцьме — белая, як злiнялы прусак, i броваў у яе нямашака. Дурны ён. Ты ж чысты да мяне прыйшоў. Ты не ведаў яшчэ баб… Дурны гэты Радзюк…
Iмполь прыгарнуў яе да сябе — губамi чуў мяккiя, гладкiя, як расчасаная ручайка лёну, яе валасы. Яны пахлi густою малiсай.
— Праўда, не ведаў?
Ён блiзенька ўчуў усю яе, бачыў, як заблiшчалi яе вочы ад яснасцi з акенца — адтуль дыхала халаднаватым, як з лядоўнi, ветрам.
— Хачу, каб ты астаўся ў мяне. Жыцьмем разам, чуеш?
— Чую.
— I зямля будзе наша, чуеш?
— Чую.
— Люблю цябе моцна-моцна, чуеш?
Але вымавiць слова ён ужо не паспеў — задыхнуўся ад яе вiльготных, крыху адкрытых губ.
Каля доўгага, паднятага на цэментовых слупках пакгауза з навiслым прычолкам i вузкiмi задратаванымi вокнамi сабралiся грузчыкi.
Сядзелi на выступе новае, усланае з сырых негаблёваных дошак падлогi, што прыходзiлася якраз упоравень з падлогаю нiзкiх вагончыкаў вузкае калейкi. Сюды, да пакгауза, ад брукаванае рампы, застаўленай штабелямi папяроўкi, па жалезных, паўяданых у зямлю шпалах беглi тонкiя ржавыя рэйкi. З другога боку блiшчалi роўныя, як нацягнутая навоем пража, са струпамi патушаных ужо каля стрэлак лiхтароў, пуцi шырокай чыгункi.
Там, за пакгаузам, чмыхаў паравоз, цяжка лязгала жалеза буфераў i пасвiстваў у бляшаны свiсток з гарошынай счэпшчык — падавалi вагоны.
Грузчыкi, чакаючы работы, курчылiся ад холаду i хавалi ў кiшэнi скачанелыя рукi, каля калень у iх целяпалiся, зашморгнутыя вяровачкай на запясцi, палатняныя торбы з полуднем.
Пасля ўчарашняга дажджу востры сiвер, сцягваючы вiльгаць, сушыў зямлю. Каля пакгауза камянела сiвая, трохi зеленкаватая, перамешаная з цэментам гразь. За шарым блочным дэпо вузкай калейкi, дзе ў шырокай пройме дзвярэй быў вiдаць нiзкi з доўгiм комiнам паравозiк, выяснiлася неба — вецер ссоўваў адтуль цяжкую, як адломаная крыга лёду, сiняватую хмару. Там недзе збiралася вызiрнуць позняе сонца. У ружаваты, адслонены пасак неба вострым чарапiчным дахам упiралася белая высокая вадакачка. У глыбокiх нiшах вузенькiх вокнаў вiлiся i крычалi каўкi.
На другi бок пуцей, на чорную абсмоленую страху прысадзiстага склада, стракатаю хмараю апускалiся галубы. Там, у тупiку, стаялi нагружаныя ружаватымi сырымi дошкамi доўгiя платформы, блiшчала, як аблiтая тлушчам, круглая рудая цыстэрна.
Ад рэек густа пахла мазутам, перагаранаю цёплаю смалою нясло ад чорных, складзеных у штабель там, за пуцямi, новых шпалаў. Дыхала салодкiм чадам — недалёка ад загнутае помпы мiж рэек тлеў i лускаў чырвонымi вуглямi высыпаны з паравоза шпур. Марудны ў замусоленай рагатыўцы чыгуначнiк, шоргаючы шуфлем, сыпаў яго ў жалезную тачку.
— Гэй, вязi сюды, дай пагрэцца! — крыкнуў i саскочыў з выступу падлогi на ржавыя, паўяданыя ў зямлю жалезныя шпалы тоўсты, мардаты грузчык з круглым i лiловым, як слiўка, носам.
— Iдзi бяры шуфель — пагрэешся, чаго ж! — пераважваючы цераз рэйкi тачку, азваўся чалавек у чорнай рагатыўцы.
— Пшэцеш, каб да свое жонкi ў помач паклiкаў, то пэўна не адказаўся б…
— Гы-гы-гы, — затраслiся ад рогату грузчыкi. Высыпаўшы за вадакачкаю растоплены ў мiгатлiвыя лiловыя пляйстры перагараны вугаль, чыгуначнiк, нiбы нiчога не чуючы, папхнуў тачку назад.
— Ну, як сабе хочаш: скупы два разы трацiць, — крыкнуў зноў яму ў спiну мардаты грузчык, тутэйшы, з Дварчанаў, паляк Вунгер, па мянушцы Лялька.
Читать дальше