— А хто гэта быў? — спытаў нiжэйшы за ўсiх, той самы хлопец у пляскатай кепцы.
— Хто ж, як не Катэ, — капаючыся ў мяшку, азваўся Лiтавар.
— Няўжо? I ты пазнаў?
— Чорта яго ўночы пазнае. Але ж гэтакi самы дробны, як Кот.
— Хто нi ўкраў, а бабе адна бяда, — сказаў Алесiн малацьбiт, прысаджваючыся на кукiшкi i памагаючы Лiтавару выцягваць з мяшка тоўстыя белыя скруткi. — Збiрала не адзiн год, пэўна, дачцэ на пасаг…
— Няма чаго ёй бога гнявiць. Гэта агонь, кажуць, усё забярэ, а злодзей хоць вуглэ пакiне. Так што i бабе нешта асталося, — Лiтавар выбраў з мяшка i склаў бярэмем на руку тоўстыя сувоi.
— Сколяка ж тут? — спытаў Алесiн малацьбiт, сцiскаючы пад пахаю ўжо свой скрутак.
— Шэсць, — падняў Лiтавар. — Бяры, хлопцы, па кавалку.
Начлежнiкi, маўчучы, пачалi браць тоўстае, згорнутае ў дзве столкi i цвёрда скачанае на качалку палатно — кожны па сувоi.
— Бяры, Мiця, два… Табе ж на сарочку нiхто не вытча, — Лiтавар зняў з рукi i кiнуў Мiцю яшчэ адзiн скрутак.
— I цякайма, хлопцы, — Алесiн малацьбiт подбегам пусцiўся да свайго белага ўпоцемку каня, што хадзiў тут, каля начлежнiкаў.
— Конi ж не наелiся.
— Здыхата iх не возьме…
— Будуць шукаць зладзеяў, а патрапяць на нас, — закiдваючы на плечы мяшок i iдучы каля маладога, не вельмi рослага, у пляскатай кепцы, хлопца, гаварыў Лiтавар. — Яны ж, вiдзiш, не дурныя, знарок сюды iшлi, каб след спутаць. Каб на нас хто падумаў.
— А-а, — памахаў пляскатаю кепачкаю хлопец. Конi разышлiся па жыце, скублi рунь, адвярнуўшыся ад ветру. Было толькi чуваць, як яны гупалi капытамi па гузах мёрзлае зямлi, паднiмаючы пярэднiя спутаныя ногi i махаючы галавою. Вецер падварушваў у iх доўгiя, непадстрыжаныя хвасты i грывы.
Ноч апускалася нiжай — сцямнела яшчэ больш. Замiльгаў рэдкi сухi снег. Яго не было вiдаць, толькi чутно, як ён калючым холадам апякае твар, як садзiцца i растае прэснаю, нiшчымнаю вадою на губах.
Начлежнiкi пачалi распутваць коней: нехта мацюкнуўся, выпусцiўшы з-пад пахi палатно.
Падсаджваючы за ногi, Мiця Корсакаў памагаў сесцi Алесiнаму малацьбiту.
— Скарэй, скарэй! — падганяў усiх Бронiк Лiтавар, кiруючы каня з рунi ў цёмны нiзкi хвойнiк, на дарогу.
Начлежнiкi азiралiся на ялаўцовыя кусты, але нiчога не бачылi — усё завалок шары поцемак ночы, перамешаны з гэтым сухiм снегам.
— Ляжа зiма, — азваўся Алесiн малацьбiт, аб’язджаючы разгалiсты нiзкi дубок, што звiнеў цвёрдым лiсцем. — Снег пасыпаўся на ўмёрзлую зямлю.
Уехалi ў зацiшны маладнiк. Конi ўгiналi галовы, каб не секла галлём па вачах, прыгiналiся i адварочвалiся начлежнiкi.
Дарога ў лесе зрабiлася белаю ад снегу. Белым, як абмешанае мукою цеста, было i поле за лесам. Абапал дарогi ляжала стракатая ралля. Дужэў на голым грудзе вецер, падганяў у спiну, качанелi ад холаду рукi. Конi iшлi ўнурыўшыся. Маўчалi начлежнiкi, думалi пра сённяшнюю ноч, пра зладзеяў, якiх невядома чаго прынясло сюды, пра мяшок з палатном i, мацней сцiскаючы пад пахаю цвёрдыя скруткi, падганялi коней.
У палахлiвым поцемку стаiлася вёска, адна за адну хавалiся хаты. Вялiкiмi каўпакамi выглядалi зза iх прыцярушаныя снегам гумны. Нiдзе ў вокнах не было агню.
Толькi за вёскаю, на Прылуцкiх хутарах, у нечым акне тлеў жоўты агонь. Там гаўкаў, недзе рвучы ланцуг, тоўстым, прастуджаным голасам сабака. Нехта блiскаў каля вугла батарэйкай.
— Хлопцы, гэта палiцыянты, — расцяжна сказаў Мiця Корсак.
Усе страпянулiся i сталi падганяць коней. Учуўшы начлежнiкаў, зайшлася i выбегла на вулiцу Алесiна сучачка.
— Пайшла вон! — прыкрыкнуў на сучачку Алесiн малацьбiт, i яна, цяўкнуўшы, нiбы яе схапiў воўк, раптоўна сцiхла.
Астаўшыся адзiн, Мiця праехаў пустою вулiцаю, чуючы, як аддаецца грукат конскiх капытоў у чужых надворках, скiраваў дадому.
Востра зацюкаў па бруку яшчэ не збiтымi падковамi конь. Пад’ехаўшы да хлява, Мiця саскочыў з каня. З-пад пахi выслiзнула i мякка гупнула палатно. Не падымаючы яго, Мiця зняў з каня вобруць i за грыву завёў яго ў цёмны i парны ад гною хлеў. Разбуджаная грукатам, паднялася, цяжка ўздыхнула карова, затупалi, тручыся бокам аб сцяну i шастаючы гарахавiннем, авечкi.
Высунуўшыся з хлява, Мiця навастрыў слых туды, на Прылуцкiя хутары. Вецер iрваў, адносiў тоўсты голас сабакi. Гнулася i шастала доўгiм галлём над хатаю пры вулiцы вiлаватая бярэзiна. Снег зрадзеў саўсiм.
Мiця падняў скруткi палатна, падышоў да парога i затрос дзвярыма — яны былi прысунутыя.
— Хто тама? — трохi счакаўшы, азвалася з сяней Хрысця.
— Гэта я, Мiця.
— Ай, божачка, — сказала яна, грукнуўшы са звонам жалезнай засаўкай. — А мне падалося, што зноў палiцыянты. — Яе белая сарочка мiльганула ў шараватую цемнату хаты. — З гадзiну як пайшлi…
Читать дальше