Мiця ўздыхнуў, падняўся з лавы, прыкусваючы нiжнюю губу, пайшоў за плiту.
— Во, i не ў нос. Пыхi колькi, бачыў ты. — Корсак пагнуўся i стаў заглядваць, круцячыся сярод хаты, то пад ложак, то пад лаву. Вочы ў яго налiвалiся крывёю. — Дзе ж яно?.. Палатно дзе, лiха твае матары!
— Дзе? — хмыкнуўшы, перапытаў Мiця. — У печы — дзе ж?..
— Як?
— Спалiў.
— Во, дадумаўся, дапетрыў, — Корсак пакруцiў галавою i забегаў па хаце. Нарэшце дайшоў да аква, доўга глядзеў у шыбу — ад гладкай, як качан, яго галавы адсвечвала нiзкае жаўтаватае сонца, — потым спытаў, не азiраючыся, ужо ў Хрысцi: — I хто гэта ўсё гаворыць? Распускае гэтыя плёткi?
— Хто ж? Вольга Ваўчкова…
— Ну сучка! Я ёй пакажу! — Корсак адарваўся ад акна, зняў з цвiка свой паўшубак з рудым цялячым каўняром i суконную, заношаную да рубцоў кепку. — Не, я пайду! — i вачаў акрывацца, не трапляючы рукою ў рукаво.
— Чаго ты пойдзеш? Чаго? — азваўся з-за плiты Мiця.
— I праўда, дзядзька, — Хрысця пастаранiлася, сыходзячы яму з дарогi. Стаяла, склаўшы пад грудзьмi рукi. — Толькi сабе пашкодзiце. А яна пабрэша i сцiхне.
— Воўк сабакi не баiцца, але звягi наравiцца. Яна будзе мянцiць языком, а я цярвецьму — не на таго нарвалася. — Корсак узяўся за клямку i, нацiскаючы пальцам на абслiзганы язык, пхнуў плячом дзверы.
Канаў кароткi дзень. Пад самы вечар аглянулася сонца — свяцiла праз шчылiну нiзкае сiняе хмары толькi чырвоным краёчкам. Рэдзенькая, як прасеяная, чырвань ляжала на сценах, заглядвала пад прычолкi стрэх, адбiваючыся на сухiх, з няроўным шклом, вокнах.
Корсак ад спешкi iшоў неяк бокам, гроб адною нагою перамешаны з пяском снег.
Ваўчок жыў акурат пасярэдзiне вёскi — плота ў яго не было, ад вулiцы ляжалi вялiкiя, выслiзганыя заднiцамi каменнi: тут улетку збiралася сяло, сыходзiлiся бабы сустракаць кароў, што, пускаючы слiну i тручыся бакамi аб кусты, ляцелi з пашы да рэчкi; познiмi вечарамi ў зацiшку пад цёмным навiслым бэзам любiлiся хлопцы з дзяўчатамi.
Цяпер бэз быў голы i рэдкi: праз яго свiцiлiся чырвоныя ад нiзкага сонца вокны з старымi, у воспе шашалевых дзiрачак, лiштвамi.
Пад застрэшкам над вокнамi вiсеў доўгi вянок густа начапляных на дрот чырвоных, ужо сухаватых, рабiн — мусiць, на зiму на лякарства.
Хата была старая, з павыгнiванымi да стрыжняватай сарцавiны падвалiнамi.
Ваўчок гаспадаркi не глядзеў. Год пятнаццаць назад, вярнуўшыся з войска i прынёсшы дадому доктарскi сакваяж з начыннем, ён пахвалiўся ўсiм, што пры вайсковым доктару быў спярша санiтарам, потым фельчарам i ўмее цяпер лячыць людзей. Языкаватыя верасаўцы далi яму мянушку «фэйчар» i лячыцца да яго, вядома, не пайшлi. Людзi ж з дальшых вёсак, шукаючы ратунку ад якое нязлечнае хваробы, прыблуквалi часам i ў Верасава, i потым Ваўчок хвалiўся, цi найболей яго Вольга, што чалавек з-пад Белiцы, у якога аднялiся абедзве нагi, праз месяц пачаў хадзiць i кiй нават выкiнуў. Верасаўцы слухалi яе, у каго-небудзь крывiлася ад смеху губа, жмурылiся вочы, i ён ужо трос галавою: «Фэйчар, што скажаш». I ўсе пачыналi рагатаць. Вольга моргала выцвiлымi вейкамi, а праз дзень цi два, калi на абслiзганых каменнях, чакаючы з поля быдла, збiралiся верасаўскiя бабы, зноў пачынала пра тую нязлечаную хваробу.
«Вот махляр», — думалi бабы, разыходзячыся кожная за сваёю кароваю, што ўжо цiснулася ў двор i тоўстымi бакамi ламала крывыя, на адным прабоi, веснiкi.
«Махляр-то махляр, тут i ў цюрму праз яе сядзеш», — думаў Корсак, скiроўваючы да Ваўчка на надворак.
Забарабанiўшы па дошцы ланцугом, з буды высунуўся i загыркаў, шчэрачы рэдкiя зубы, чорны, з карычняватымi кропкамi над вачыма, Ваўчкоў сабака. Але караткаваты ланцуг не пускаў яго да дзвярэй, сабака турзануўся раз-другi i толькi вяла, не хочучы, гаўкаў.
Корсак пакруцiў за абслiзганую закрутку i ўвайшоў у цемнаватыя сенi, спатыкаючыся тут на старым павыбiваным току.
— Ты, браце, хоць ямы зараўняў бы, — сказаў Корсак у хаце, замiж таго, каб даць «дзень добры». — А то ж чужы чалавек i ногу зломiць.
Ваўчок, шчуплявы, дробны мужчына з шырокiм прысадзiстым носам, адкiнуў з патылiцы на белае, лысае цемя рэдзенькi касмык валасоў:
— Нiчога, дзядзька Улас, калi на бяду пойдзе, то i на роўнiцы спатыкнешся.
На лаве каля яго калываўся, мусiць, толькi што выразаны з палена, драўляны чалавечак з пiлоюшчэпкаю, на канцы якое вiсела сырая картопля.
У наструганых, паскручваных у трубкi стружках стаялi босыя дзецi — хлопчык год чатырох у шарачковых портках, з мокрым, заслюненым станiкам, i дзяўчынка гадоў двух, у паркалёвай, па самыя пяты, сукенцы, белая, як злiнялая пад каменем мурашка.
Читать дальше