— Чаго ж гэта?
Але Вайтовiчавай дачкi ўжо не было. Крывячы вялiкiя снягоўцы, яна пабегла вулiцаю — падскоквала то на адной, то на другой назе. На плячах целяпаўся рог хусткi з доўгiмi кутасамi.
Корсак паглядзеў ёй услед i, ужо аслепшы ад нiзкага, што асталося ў вачах зялёнымi кропкамi, сонца, пайшоў у хату.
Усталi Корсакi зацемна: толькi прайшла «калейка» — пасажырскi поезд на тры вагончыкi, што працяжна пасвiстваў на пераездзе перад вёскаю.
Каля Верасава асталася вузкакалейка, якую вайною зрабiлi немцы, нiшчачы i высякаючы тутэйшыя лясы. Пасля вайны людзi паразбiралi рэйкi на паграбы i картапляныя ямы, але палякi аднавiлi разабраную чыгунку, i цяпер за вёскаю чмыхаў невялiкi паравозiк, прасейваючы праз сiтца комiна рой чырвоных, падсвечаных агнём, iскраў. У вагончыках свяцiлiся, завешаныя фiранкамi, жоўтыя вокны.
У Корсакавай хаце быў чуваць здушаны сценамi грукат.
— Во, сёмая гадзiна ўжо, — сказаў Корсак, несучы ў хату карыта з застылым i нявыедзеным свiнячым цестам.
На вялiкiя чыгуны з намытымi дробнымi картоплямi, на закарэлыя ражкi, цабэркi i вёдры, што стаялi з прыходу, пакацiўся рэдзенькi сiвер.
Да снедання Корсакi ўпраўлялiся накармiць i напаiць скацiну.
У печы весела пастрэльвалi i палалi дровы, лiжучы выкрышаны чалеснiк, у комiн шугала полымя, ад яго чырванела накарэлая, вуграватая сажа.
У лямпе, што вiсела пад закурэлаю бэлькаю, падскокваў пляскаты язычок агню i брэнкала на дроце палiваная талерка, калi Корсак адчыняў цi зачыняў хату.
Мiця збiраўся ў Дварчаны, старое, за вёрст пяць ад Верасава, мястэчка, дзе былi гмiна i пастарунак. Ён сядзеў на лаве i поркаўся шылам у чаравiку з разяўленым перадам, у якiм, як у звярка зубы, вышчарылiся вострыя драўляныя цвiкi.
— Нашто порашся, цi абуць няма чаго? — беручьтся за сякач i плюючы сабе на рукi, сказаў Корсак.
— Не на баль можа клiчуць, — пачырванеў ад натугi Мiця, круцячы шылам у тоўстым ранце.
— Выскалiшся, нябось, — Корсак застукаў еекачом па хрумсткiх сырых картоплях, дастаючы да дна i бухаючы ў дошку.
Гаварыць абодвум не было больш чаго — перасварылiся яны ўчора, калi бацька прынёс дадому павестку i, прыпляскаўшы яе рукою на стале, мацюкнуўся:
— Iдзi ты з ёю разам… i дадому не прыходзь!
Мiцю як нешта пад’юшчыла — ён не стрываў:
— I пайду! Не столькi, кажуць, свету, як у акне!
Бацька нават быў падскочыў з кулаком, у яго ад злосцi дрыжала тоўстая нiжняя губа.
Але Хрысця, распасцёршы рукi, заступiла дарогу, збялеўшы i закалацiўшыся ад страху сама.
— Дзядзечка, пабойцеся бога, нашто вы так!
Мiця скасiў вочы, выкацiўшы бялкi, але раптам асекся, што брыдка ўсё ж такi бiцца са старым бацькам, схапiў са сцяны пiнжак i выбег з хаты.
Злы, разгарачоны, пайшоў у канец вёскi да Бортнiкавых — там у хаце ўжо запалiлi лямпу: за праснiцамi сядзелi дзяўчаты. Пад высокiм падвязаным фiкусам на табурэце ўмасцiўся Бронiк Лiтавар, дзеразаваўся з хiтраватай i дзюбаносай, як сарока, Касяй — адбiраў верацяно. Яна, выхапiўшы верацяно, бiла яго галоўкаю па пучках i рагатала, паказваючы вялiкiя пярэднiя зубы з цёмным свiшчом. Дзяўчаты цярплiва маўчалi, зыркаючы на Лiтавара, i, мусiць, злавалi, што не чапае iх.
Мiцю ела нейкая тупая гарката. Ён пасядзеў дзеля блiзiру i вярнуўся дадому, чуючы, што чахне гэтая вострая злосць на бацьку. Маўчаў потым ужо i бацька, поркаўся ў хамуце, палажыўшы яго на каленi, балазе знайшоў, за што зачапiць рукi.
Але сёння ўспомнiлася яму нешта зноў.
— Выгадаваў, дачакаўся… — Корсак усё бiў секачом у дно, мусiць, забыўшыся перамяшаць ссечаныя на сярэдзiне i нечапаныя, жывыя ў кутках ражкi картоплi.
— Садзецеся снедаць, — крыкнула Хрысця знарок, каб перабiць старога, адцэджваючы ў цэбар з сечкаю ўжо звараныя нялупленыя картоплi, паразразаныя напалам, каб добра ўсалiлiся.
Стары прыставiў да сцяны сякач, спаласнуў над карытам рукi, сцягнуў з галавы кепку i, прыгладжваючы на патылiцы чорны вянок валасоў, пайшоў да стала. Угнуў лысую, жаўтаватую голаў з гладкай i блiшчастай скурай i перахрысцiўся на счарнелы, у шырокай аправе, абраз.
Хрысця яшчэ прынясла на стол у точаным драўляным кубку шарую, як на згоне зiмы снег, i скамянелую соль. Блiзiлiся каляды, былi запускi — есцi скаромнага няможна было.
Мiця дастаў з-пад лавы старое, з разбiтаю коткаю, сукала, куды ўжо хавалася ўсякае начынне, кiнуў туды шыла i клубок з дратваю i прымасцiўся таксама да стала.
Елi маўчучы, абiралi пазногцямi развараную сопкую картоплю, таўклi ў шарую, насыпаную горбачкаю на стале соль.
Читать дальше