Вольга, у гладка завязанай на лоб касынцы, сядзела на калодцы сярод хаты, трымаючы мiж тоўстых тупых каленяў бойку, бiла масла — ганяла крыжыкам згорклую пад восень смятану, што, паднiмаючыся шумам, выплюхвалася на накрыўку.
Убачыўшы Корсака i як чуючы вiну, не паднiмала ад бойкi сваiх зеленаватых, як у кошкi, вачэй. Мацней загрукала крыжаком.
— А ты галавы не ўгiнай, — Корсак расшпiлiў пад барадою гаплiк: яму, пэўна, там муляла i было горача.
— Чаго я маю ўгiнаць, дзядзька? — Вольга залiлася чырванню, i ў яе стала гарэць не схаванае пад касынку вуха.
— Што такое? — Ваўчок паклаў на акно складаны нож з драўлянымi тронкамi i, адпiхваючы ад сваiх каленяў дзяўчынку, устаў з лавы.
— А тое, брат, што твая гаспадыня плёткi носiць па вуглох, чуткi пускае…
— Якiя плёткi? — Ваўчок зноў злавiў недзе ззаду на патылiцы абшморганы, як пасма лёну, касмык i кiнуў на цемя.
— А такiя, што быдта я ў Лезнявiчах палатно пакраў!
— Як гэта? — рот у Ваўчка не закрыўся.
— Дальбуг, — Вольга перастала грукаць бойкаю, — нiчога не гаварыла…
— Не гаварыла? — Ваўчок сцяў зубы, на пашчэнках пад скураю ў яго сабралiся i заварушылiся гузы.
— Бажуся, як перад споведдзю, — Вольга адхiнулася набок, бо адно плячо ў Ваўчка трохi паднялося, другое апусцiлася нiжай, рука папрутчэла i пальцы сцялiся ў кулак, аж на iм пабялелi пучкi.
I не паспеў Корсак згледзець, як гэтая рука гладка ляснула Вользе па твары. Ён толькi ўбачыў, як, перавярнуўшы бойку, паляцела на падлогу Вольга i, скоранька хаваючы сукенкаю заголеныя каленi, крутнулася i падхапiлася зноў.
— Нябось адвучу! — Ваўчок падхапiў бойку, з якое ўжо выскачыла накрыўка — смятана плюхнула, расплываючыся белаю густою лужынаю па сукаватай, вытаптанай падлозе.
Перапалоханыя дзецi, скрывiўшыся i шморгаючы ад плачу насамi, пабеглi за плiту, схавалiся там, дзе ўжо стаяла Вольга, адтуль i чуваць было яе задыханы голас:
— Злыдух, за што гэто? Каб ты не даждаў, каб ты!..
— Сцiхнi, бо рашу на месцы! — Ваўчок зноў закiнуў на лысiну касмык, што целяпаўся i недзе, мусiць, казытаў за шыю, i ганарыста, як нешта зрабiў важнае, стаяў перад Корсакам. Шырокiя ноздры ў яго варушылiся.
— Ты заўсёды такi, толькi бiцiся, — голас у Вольгi быў ужо з плачом.
— Гавары, ды знай што, — сказаў Ваўчок, косячы на плiту белаватыя ад злосцi вочы. — Гэта табе не смешачкi. Тут дзела такое: каб i бачыў, дык маўчы. Праўда, дзядзька Улас? — ён лiслiва зiрнуў Корсаку ў вочы.
— А хто гэта бачыў? — насупiўся Корсак. — Яна бачыла?
— Ды я так кажу.
— А вось i бачыла, — ужо, мусiць, выцершыся краем сукенкi, аказалася з-за плiты Вольга. — Лезнявiцкая баба казала наранкi…
— I што ж гэта яна казала?.. — Корсак ступiў блiжай, выцягнуўшы шыю, каб зiрнуць за плiту. На ёй ужо раставала рэдзенькая, спярэшчаная цёмнымi паскамi ад шкла, жаўтаватая ружовасць.
Закрываючыся ад яе голым локцем, Вольга высунулася блiжай на хату:
— Што ў нашу вёску след прыйшоў!
— Так што? — зноў сцяў зубы Ваўчок.
— Нiчога…
— Дурнiца ты. Можа, хто знарок у вёску ўцякаў. Нават лiс свой след замятае хвастом, а што пра чалавека казаць…
Корсак паглядзеў, як на лаве ўсё яшчэ калываецца драўляны чалавечак, цягаючы сваю цяжкую з сырою картопляю пiлу, i павярнуўся да дзвярэй.
— Ат, дзядзька Улас, не надта прымайцеся, — Ваўчок стаяў, апусцiўшы доўгiя рукi. — Цi мала што баба насакоча.
Корсак яшчэ павярнуў галаву, але нiчога не сказаў, толькi грукнуў дзвярмi.
Каля парога зноў захроп, шчэрачы зубы i рвучы ланцуг, чорны, з карычняватымi кропкамi над вачыма, Ваўчкоў сабака.
Спускаючыся надворкам на вулiцу, Корсак яшчэ чуў з хаты працяжны енк:
— А людцы, а добрыя, а-яй-ё-ййй!
Корсак мiнуў абслiзганыя каменнi — i енк ужо сцiшэў, быў чуваць, нiбы з-пад зямлi.
Перапальваючы тонкае галлё старых вербаў, нiзенька пры зямлi дрыжала паружавелае сонца. Кругом па небе распаўзалася лiловасць, мяшалася з сiняватай смугою. Стыў блiзкi вечар.
Падыходзячы пад сваю хату, Корсак убачыў цыглястую солтысаву дзяўчыну ў цёплай з доўгiмi кутасамi хустцы i ў гумовых снягоўцах. Яна, мусiць, даўно мерзла каля веснiкаў, саромеючыся заходзiць у хату — на сiнiм даўганосым тварку ад холаду паўпадалi ямачкi.
— Дзядзька, вам павестка, — яна выцягнула з абшморганага кажушка жоўтую паперку.
Корсак нiбы спатыкнуўся:
— Якая павестка?
— Змiтрыку вашаму на пастарунак.
Корсак узяў складзеную ў дзве столкi жоўтую паперку i нiяк не патрапiў яе разгарнуць тоўстымi пальцамi, покуль не лiзнуў iх языком. Прымружваючы вочы i мылячы губамi, стаў чытаць. Разабраў сваё прозвiшча i азiрнуўся на дзяўчо:
Читать дальше