— Думаеш, i ён не ведае, якая ты?
— Маўчы! — Iмполь папхнуў Хрысцю наперад сябе, пайшоў паволi ўслед за ёю. I калi яна схавалася за вуглом, абярнуўся, сказаў зноў тым асiплым i п’яным, дурнаватым голасам: — Яе ты не чапай! Вiнi мяне!
Алеся стаяла, як абязвечаная. Цяжкiм стукам у галаве аддаваўся тупат яго ног, сухi хруст i шамаценне нацярушанага пад застрэшкам леташняга лубiну. Перад вачыма раптам усё паплыло, закружылася, нiбы яна стаяла пры беразе над глыбокiм вiром.
— Божа, за што мне гэтая кара? — яе павяло на сцяну. Каля самага вугла за дзеравiнаю ў саломе вясёла шалпацела i тоненька пiшчала мыш.
Яна некалi баялася iх. Цяпер брала дзiва, што можна нечага баяцца: мышэй, поцемку, ночы, нат смерцi.
Недзе далёка з нiзкiм шумам, нiбыта падразаючы яго, iшоў поезд. За iм доўга слаўся ляскат колаў, як хто скоранька бiў у тры рукi цапамi: тах-тах-тах.
«Скарэй туды, пад поезд!» — падумала яна i ўжо хваталася за гэтую мысль, як хватаецца за ўсё чалавек, падаючы з вышынi. Яе цягнула i пад’юшчвала бегчы за гэтым глухiм ляскатам, што нечакана наплыў i так скоранька ацiхаў, точачыся ў чарнату блiзкае ночы.
Туды, на высокi насып з хрумсткiмi i вострымi каменнямi! Алесю ўжо разбiрала шалёная, звар’яцелая радасць. Там ратунак i збавенне ад усяго — брыдкасцi, гаркаты, злосцi, ад усяго, што так раздзiрае душу, што навальваецца i абдымае, як цёмная хмара. Гэта кароценькi мiг — i яна не ўчуе, як балецьме. Не, можа, яна i не чуцьме нiчога. Хiба толькi гэты ляскат колаў, гэты чорны i цяжкi грукат паравоза i гэты ясны, што коле ў вочы, бляск ад лiхтара. Божа, нашто ён будзе свяцiць на яе, гэты чорны паравоз?
Яна не ўчула, як адлучылася ад сцяны — ногi ўжо грузлi ў пухкай мяккай раллi. У лакеркi набiраўся — востра калоў у падэшвы пясок. У яе макрэла спiна, халадзеў, аблiваючыся потам, лоб, рабiлiся вiльготнымi i лiпучымi рукi. «Няўжо я не дайду? Няўжо?» — у гарачым жаху задыхнулася яна, закiдваючы назад голаў, каб не ўпасцi.
У тым баку, дзе грукаў i потым зацiх поезд, на ясным небе пералiвалася i блiскала калючай радасцю ў вочы буйная ядраная зорка.
Ззаду, за гумном, быў чуваць п’яны рогат, задушлiвы, з пераборамi рып гармонi, тупат ног i нечы крык:
— Эй-ва! Эй-ва!
Музыканта, мусiць, вывелi з цеснае хаты на надворак. Нехта пусцiўся ўпрысядкi, бiў з усяе моцы нагамi ў глухую цяжкую зямлю.
Грузнучы ў зямлi, яна памалу дайшла да плота. Ад яго пахла цвiлым дрэвам, адсырэлым, гаркаватым, як воўчы грыб, мохам. За плотам шарэла вузкая з чорнымi калдобiнамi дарога.
Не саромеючыся ўжо нiкога i паднiмаючы вышэй каленяў спаднiцу, Алеся пералезла цераз жэрдку.
Ногi ўчулi цвёрдую ўтоптаную сцежку, што тачылася па леташняй неперапрэлай траве ўздоўж дарогi. У лагчынцы блiшчала, вылiўшыся з каляiн i адбiваючы густое сiняватае неба, доўгая вострая лужына. Ззаду ляскатала, перавальваючыся з боку на бок, фурманка.
Баючыся, што нехта нагонiць, Алеся прыспешыла хаду. За гумнамi ў вёсцы сцiхаў дробненькi рып гармонi, толькi спуджанай пташкай з глухога поцемку паднiмаўся крык i рогат.
Мацней заляскатала фурманка. Алеся азiрнулася: чорным калматым ценем ззаду варушыўся конь.
«Ах, божачка, скарэй!.. Дагонiць!» — Алеся сышла з дарогi на шапаткое з маладою канюшынаю ржышча. Нешырокi, зеленаваты сярод чорнага зааранага поля загон якраз просценька ляжаў туды, дзе ўсё вiсела i моргала, пералiваючыся, колючы ў вочы, ядраная сiняватая зорка.
Далёка мiж гарбатых грудоў напроцi яснага, зеленаватага, як бярозавы сок, неба чарнеў шчарбатаю пiлою лес.
«Куды ж я iду, дзе ж будзе тая калея? — пад нагамi ў Алесi шапацела порсткае ржышча. — Дзе ж будзе той ратунак? Ад усяго — i ад таго смеху баб на ложку, ад п’яных Хрысцiных вачэй, ад граха, ад Еўкi, ад Iмполя…»
Нешта мякка, як хто махнуў хусткаю, мiльганула над Алесяю. Алеся нават прыпынiлася, доўга глядзела, як, нячутна махаючы крыллямi, улукаткi ляцела над iржышчам сава. Пэўна, шукала мышэй. I гэтак нячутна, мякка згiнула ў папяловым змроку перад лесам. Ён ужо блiзiўся, уставаў чорнаю шырокаю сцяною. За вострыя верхавiны елак чаплялася i прападала сiняя зорка. I раптам паказвалася зноў, блiшчала мiж калматых, як сабачыя хвасты, яловых лап. Перад лесам бэрсаўся, гусцеў, блiскаў, як пыл, каламутны поцемак. Адтуль яшчэ цягнула напаранаю духатою, густою тарпатынай пахла яловая смала.
Iржышча кончылася — i Алеся ўчула зноў пад нагамi цвёрдую ўкамянелую дарогу, мяккi i пухкi ў калдобiнах пыл. Ад яго пяршыла ў горле, горка пахла сухiм пяском. Дарога шылася пад цёмны, навiслы хмараю лес. Ад поцемку, ад мiгатлiвае цiшынi тоненька звiнела ў вушах.
Читать дальше