— Во, яшчэ жадункаў шукае, — засмяяўся Корсак, саскочыўшы з брычкi, каб таксама, мусiць, адлучыцца ў лес.
— Бо ёй трэба, — затупала нагамi Хрысця. На леташнiм сухiм лiсцi дробненькiм дажджом шапацелi мурашкi, недалёка пад елкай кiпеў гарачы, з цёмнай, аж блiскучай, макаўкай капец.
— Бабам толькi патурай, — зноў са злосцю сказаў Корсак, але азiрнуўся на Алесю. У яе на пукатым лобе, на падпухлых губах цямнелi рудаватыя плямы. У асалавелых выцвiлых вачах таiўся глыбокi боль.
I Корсак, ужо дагадаўшыся, чуючы вiну, памякчэў:
— Разбярэшся тут з вамi…
За лесам у лагчыне расцягнулася доўгая, у адну вулiцу вёска.
У карычняватым, яшчэ голым прысаддзi хавалiся саламяныя мяккiя стрэхi. Абапал дарогi пацягнулася сухая патрэсканая загарадзь.
За мастком, што перабег вузенькую ржавую крынiцу, пад колы з грукатам лёг няроўны, у выбоiнах брук.
Корсак спынiўся пад тоўстаю, ружаватаю ад набрынялых почак лiпаю. За высокiм рэдзенькiм частаколам свiцiлася пабеленая, з блакiтнымi вокнамi хата. На брукаваным, падмеценым дзеркачом надворку стаялi параспраганыя конi, смецiлi, цягаючы з вазоў сухую леташнюю канюшыну.
Каля парога, мусiць, ужо вылезшы з-за стала, збiлiся ў купку мужчыны. Найбольш без шапак, з высока падстрыжанымi, сiняватымi, незагарэлымi патылiцамi. У рослага мужчыны, што высунуўся з цемнаватых сенцаў, на сiвай галаве, як няспелыя чырванаватыя слiўкi, блiшчалi нарваныя ад натугу гузы.
На жардзяной браме вiселi дзецi, трымаючы ў руках ласунак — кавалак пiрага цi сыра.
Ляснуўшы пужкай, Корсак сагнаў iх, як перапалоханых вераб’ёў, аднёс пад плот браму. На грукат колаў з хаты выбег сам гаспадар — бязрукi Хрысцiн брат — у сiняватай, без каўнерыка кашулi, махаў ад спешкi пустою торбачкаю доўгага рукава. Пад вострым кадыком блiшчала жалезная кнопка.
Услед за iм, падмятаючы доўгаю бурачковаю ў чорных шляках спаднiцаю высокi парог, з сеняў выкацiлася невысокая з востранькiм тварком старая кабета. Тужэй зашмаргнуўшы пад барадою белую засiненую хустку, абхапiла за плечы Алесю, нагнуўшы, палацавала ў абедзве шчакi. Зiрнуўшы знiзу ўверх на рослага Iмполя, здзiвiлася:
— Дак ён надта ж маладзюсенькi ў цябе!
— Нiчога, цётка, пасталее, — засмяялася Алеся, косячы вокам на акно, дзе ў шыбы ўткнулiся мяккiя паўнаватыя твары маладзiц.
— Дзiва ж што, — засмяялася старая, выстаўляючы два нiжнiя, як у малога дзiцяцi, зубкi. — I прыгожы надта ж. Мужчыну мо i не трэба гэта.
Сюды да цёткi, трымаючы ў руцэ жоўценькую з ружовымi кветкамi карзiну, цiшком падкралася Хрысця, схавалася цётцы за плечы.
— А дзе ж яна, а дзе ж мая сiрацiнка? — азiралася кабета, згубiўшы раптам з вачэй сваячку.
Хрысця, засмяяўшыся, радая, як малое дзiця, вынырнула ў цёткi перад носам.
— Ой, усё дачвараеш, — пакруцiла галавою цётка i, азiраючы разружавелую з быстрымi жучкамi чорных вачэй Хрысцю, уздыхнула: — Каб не ўрачы, харошая ты зрабiлася, акраз як мацi-нябожчыца стала. — Высачыўшыся, як кропелька соку з бярозавай лапкi, на вачах у старое заблiшчалi слёзы.
— Вой, а я ж яшчэ i сынка Iрэнiнага не бачыла, — каб, мусiць, не замiнаць у гэтай цётчынай жалоснай радасцi, Алеся адышлася да воза, выцягнула адтуль абвязаную хусткай талерку i, трымаючы за вузельчык, панясла ў хату.
Распрогшы i павярнуўшы да воза з канюшынай свайго каня, Iмполь услед за Корсакам падышоў туды, дзе, збiўшыся ў купку, рагаталi мужчыны. Чалавек з блiскучымi, як абцёртыя слiўкi, гузамi на галаве зноў пачынаў перабiтую гутарку:
— Значыць, як патушылi лямпу, так гэты вахмiстр да Ганны на ложак. А яна мац яго рукою i ўсё пытае: «Лявонка, цi гэта ты?» А Лявон той храпе сабе з дзецьмi.
Мужчыны, азiраючыся на старую з Хрысцяй, пырскалi смехам, закрывалi рукою рот.
У старога Корсака хiтра жмурылiся вочы, крывiлася i дрыжала нiжняя губа.
— Ты так спрытна расказваеш пра таго немца, што быдта было ўсё гэта не ў Лявона, а ў цябе, — улучыўшы момант, ён лоўка падцяў мужчыну з гузамi.
— I проўда ж…
— Адкуль жа ж чалавек ведаў бы?..
Падгуквалi i рагаталi мужчыны. Збiты з панталыку чалавек крыва пасмiхваўся i, угiнаючы голаў, чухаў шорсткую шчаку.
Але з сенцаў ужо вызiраў бледны, схудалы, на якiм блiшчалi адны вочы, тварок парадзiхi.
— Просiм, госцейкi, у хату просiм!..
Мужчыны выцiралi заслезеныя вочы, тапталi перад парогам недакураныя папяросы i адзiн за адным, угiнаючы голаў перад нiзкiм вушаком, сунулiся ў сенцы.
За сталом сядзелi нядоўга — прыспешваў час: кумам трэба было ўскораць пад канец iмшы да касцёла, каб застаць там ксяндза. За перагародкай нядужым галаском кугакала дзiця — бабкапавiтуха з парадзiхай збiралi яго ў дарогу. Першаю з-за стала вылезла Хрысця. Падгладжваючы закручаную чорную пасму валасоў, што спадала на крутое брыво, выйшаў расчырванелы Iмполь.
Читать дальше