Патрапляючы пад яго крык, звiнела закураная бляшаная засланка.
Доўгiмi спаднiцамi бабы ганялi вецер. Сцягнуўшы з галавы хустку, трасла цяжкiмi грудзьмi дзябёлая, сытая, як ялавiца, баба:
Гоп-пстрык з-пад калодкi…
З-пад ног у яе курэў сухi, гаркаваты пыл.
Алеся, папярхнуўшыся iм, выйшла за перагародку, чула, як мякка пагойдваецца ўсё перад вачыма. Там ужо на засланых ложках сядзелi бабкi. Парадзiха цiха паварушвала вялiкую, плеценую з лазы калыску.
— Вой, прысядзь, Аляксандра, хоць пагаворымо, — падсунулася на ложку парадзiха.
— Вой, проўда, Iрэначка, пагаворым. Колькi ж не бачылiся? З леташняе вясны…
Алеся прысела на ложак, праз шчылiнку мiж сабраных у фалды занавесак бачыла, як вылазiлi з-за стала, жмурачыся ад сонца, што жаўтляваружаватай плямай пералiвалася, гаснучы на покуцi, Iмполь з Хрысцяю. Памкнулася паклiкаць яго. Але, мусiць, злавiўшы яе зiрк, на слове перабiла Iрэна:
— Не цiкуй ужо за сваiм, не нацешылася? Харошы ж надта. Каб хоць жыццё ўдалося. З тым пазнала бяды…
— Ой, усе яны аднакавыя, — пакiвала галавою сухенькая бабка, седзячы на ложку i не дастаючы нагамi да току. — Мой некалi мяне як змалацiў, так i сёння рук не зварухну. Ушкодзiў недзе косць.
— Ой, не кажэця, цётка, як чыя доля.
— Мая доля жджэ мяне ў канцы поля. А вам, маладым, трэба жыць. Жывы ж пра жывое думае.
Алеся паслухала пустую бабскую гутарку, учула, што недабрыцца i нешта гiдкiм камяком падступае пад грудзi, выйшла з затхлае гарачынi хаты на чысты i ўжо сыраваты халадок двара.
За гумно хавалася нiзкае сонца — над страхою дрыжала яго залатая сляпучая макаўка. Высокая белая хмарка налiвалася цяжкай чырванню. З беланогага, голага яшчэ садку дыхала заараным гноем i жывою яшчэ раллёю. Востра пахла з двара параспраганымi коньмi, iхнiм едкiм, цяжкiм потам. Пад калодзежам стаяў п’яны рогат i крык. Узяўшыся за лучок, мужчыны цягнулi барану. Пасадзiўшы на яе, вязлi «тапiць», калi не адкупiцца пляшкаю гарэлкi, бабку-павiтуху. Згубiўшы шапку, ззаду барану папiхаў Iмполь. Яму памагала i падала на барану, бессаромна блiскаючы голымi сцёгнамi, п’янаватая Хрысця.
«Во набралася, як жаба гразi», — гарачым кiпяткам злосць апякла Алесiны грудзi.
Падхапiўшы на рукi, мужчыны няслi барану на абымшэлы ад вiльгацi зруб калодзежа. На ёй крычала i заходзiлася ад рогату Хрысця.
Бабка сядзела цiха, мусiць, баючыся ад страху нават дыхнуць.
— Яшчэ не набралiся, мала iм, — Алеся сказала ўслых, каб чуў Iмполь.
Але тут выскалiўся чырвоны ад натугi, мардаты мужчына, iдучы задам да калодзежа:
— Цiха, маладзiчка, не пераступай цераз аглоблi, а то будзе цяжка каню.
— I проўда ж, як конi, — за Алесю азвалася, дагнаўшы яе, чарнявая вуграватая маладзiца — Iрэнiна братавая. — Але ж i яна цi лепшая? — маладзiца азiрнулася туды пад калодзеж, мусiць, прыглядаючыся да Хрысцi, i ўздыхнула: — Праўду ж кажуць: гадка глядзець на яўрэя рванага, на свiнню худую ды на п’яную бабу. Але чаго ж мы стаiмо? Хадзем, Алесечка, паглядзi маю новую хату. Яшчэ во i не дакончылi.
На другi бок вулiцы стаяла жоўтая ад новага акалоту з адным яшчэ закладзеным акном хата. Там быў чуваць пусты стук барабана, глухi, задыханы рып гармонi i нечы п’яны, як тупат ботаў, ашалелы, урасцяжку крык: «Эй-ва, эй-ва!»
— Гэта ж мой хлопец рыпае, — сказала маладзiца, адчыняючы жоўтыя, яшчэ не злiнялыя ад сонца дзверы.
У горкiм сухiм пыле круцiлiся, выбiваючы польку, i траслi локцямi старыя мужчыны з бабамi. У галаве тупым болем адзываўся грукат барабана i востры звон талерак.
Алеся прысела на доўгай з парэнчаю лаве, зiркнула ў акно, што там робiць Iмполь, але высокая стрэшка пограба засланяла вулiцу. У хату, учуўшы музыканта, ужо валiлi ўсе хрэсьбiннiкi.
Угiнаючы сваю з гузамi голаў, лез пад нiзкi вушак той самы мужчына, што разам з Iмполем вёз на баране бабу-павiтуху. Здурэлы, мусiць, ужо ад гарэлкi, задраў голаў, тупнуў нагою i заржаў:
— I га-га-га-га!
— Ах, каб ты выдах, як ты зноў аброку захацеў, — азвалася з кутка кабета, пэўна, яго жонка.
Зарагаталi, пачалi падсмейвацца дзецi:
— Кось! Кось! Дзе ты?
У хаце пагусцеў, як туман у адлегу, змяшаўся разам з пылам поцемак, перастаў iграць музыкант — чакаў, покуль не запаляць лямпу. Пападаўшы на ложак, саплi змэнчаныя полькаю бабы. З кутка было чутно скоранькi шэпт i цiханькi здушаны смех. Адтуль, як з каламутнай вады, выплыла да светлай проймы акна белая хустка. Над Алесяю нагнулася Iрэнiна братавая, дыхнула гарачынёю ў вуха:
— Алесечка, выйдзi ж на двор, хачу табе нештачка сказаць.
I, ужо скочыўшы з парога на шапаткi жвiрысты пясок, загаварыла, задыхаючыся ад навiны:
Читать дальше