Маладзiцы, стаiўшы дых, паглядалi на яго, iх, мусiць, бралi завiдкi, што ў Алесi такi прыгожы мужык.
На надворку пазвоньваў шастунамi гладкi, выкармлены Корсакаў конь, запрэжаны ў нейкую, мусiць, пазычаную брычку з мяккiм на спружынах сядзеннем. Яе засцiлаў суконнаю ў чырвоныя крыжы радзюжкаю бязрукi Хрысцiн брат — звесiўшы пустое рукаво, накiдваў адною рукою радзюжку на сядзенне.
Трымаючы перад сабою доўгi i тоўсценькi пакунак, з хаты выйшла бабка-павiтуха. Збоку каля яе бегла перавязаная пад пахi цёплаю хусткаю, каб не застудзiць грудзi, схуднелая вастраносая парадзiха. Услед за iмi з хаты высыпалi бабы i маладзiцы.
Чырванеючы, саромеючыся ад гэтае гаманы i крыку, Хрысця села ў брычку, спадыспаду абедзвюма рукамi прыняла ў бабкi жывы пакуначак. Адкiнуўшы з яго тонкую леткую хустачку, паўзiралася на жаўтлява-карычневы тварок з вузкiмi шчылiнкамi налiтых яшчэ крывёю вачэй. Тварок у дзiцяцi моршчыўся, пацмоквалi i варушылiся вывернутыя губкi.
— Во, яшчэ не нассаўся, — заглядваючы ў пройму коўдрайка, засмяялася парадзiха.
— Цьфу-цьфу, каб не ўрачы, — суха паплявала высокая з жаўтаватым i зморшчаным, як спечаны яблык, тварам бабка-павiтуха.
— Гэдакi галыш быў, мо фунтаў з дзесяць. Так ужо яе, бедную, змэнчыў, — загаварыла яна да Алесi, што прыглядалася ўсё найбольш да Iмполя, а не да таго, што рабiлася тут каля брычкi. Бачыла, што Iмполь быў нейкi занадта вясёлы, спрытна завiхаўся каля каня, падпiнаючы тужэй супоню. Зiрнуў асалавелым, п’янаватым вокам на Хрысцю. Нешта злое, нядобрае варухнулася ў Алесi. Гэты падазроны зiрк яго яна прыкмячала не раз. I нейкая дасада i полымя раптоўнага жалю апяклi яе. Яна выцiснулася з грумадкi раз’ятраных, паружавелых ад гарэлкi баб. Там наперабой паднiмаўся галас.
— Во дзiця, ёсць на што глянуць.
— Надта ж харошае.
— Як жа ж называцца будзе?
— Росцiк.
— Вой, проўда ж не чула!
— Iмя не торба, абы рос здаровенькi!
Падхвальваючы дзiця, бабы яшчэ памкнулiся за брычкаю на вулiцу, некаторая з iх утоптвала на сядзеннi кавалак хлеба з застылаю скваркаю, каб было што даць перад касцёлам жабраку.
Цэлаю плоймаю туды, на вулiцу, высыпалi дзецi. Самы большы з iх, цыбаты ў сiняй рагатыўцы хлопец, падчапiўся ззаду брычкi.
— Вацiк, Вацiк, цi чуеш? От дам! — крычала на яго дзябёлая маладзiца з выпуклым жыватом, што выступаў з-пад цесна завязанага фартуха.
Ужо расчырванелыя, з асалавелымi крышку вачыма ад першае чаркi, каля парога зноў збiралiся мужчыны, па адным адлучаючыся ад купкi, дробненька трусiлi за хлеў, топчучы пры сцежцы купку лiловае, што дрыжала ад ветру, крапiвы.
Унурыўшы голаў, на вынесеным заслоне паселi кабеты, грэлi на прыполах сухiя, з набраклымi жыламi рукi. Абапiраючыся сухiм, вострым падбародкам на кiёк, сутулая ў суконнай камiзэльцы баба расказвала, як недзе ў Аханянах, напрадвеснi, калi выбiралi з ямаў на насенне картоплi, нявестка прыняла драбiны, пакiнуўшы ў яме свякроў. I тая прасядзела аж тры днi, ледзьве там i не зайшлася. Балазе нехта iшоў уночы каля хутара ды ўчуў, што крычыць баба.
— Няхай крые бог! А дзе жа ж сын быў, цi ён не бачыў?
— Вятры яго знаюць, мо адлучыўся дзе з дому.
— А мае вы людцэ, во свет настаў!
— Не кажы, мая любка… Свет той, ды людзi не тыя.
— Пачакайце ж, — раптам перабiла ўсiх дробненькая, сухенькая, з пучком растапыраных, як вусiкi ў матылькi, валаскоў на шчацэ. — Гэта ж я чула, проўда цi… Кажуць во пра Корсакаву дачку, што з прымаком прыехалэ…
Бабы павярнулi галовы на адзiн бок, адна, зачапiўшы кручкаватым пальцам, адсунула з вуха хустку:
— А што?..
— Гавораць жа ж, што i яна сваю свякроў… — але баба не дагаварыла, падцяла сухiя, звялыя, з сiнiм пятняком губы. Сюды падышоў гузаваты мужчына, загукаў п’яным голасам:
— Гэй, бабы, шэпты хату зводзяць!
— Во, ужо залiў вочы, — на яго спадылба зiркнула i адвярнулася кабета ў суконнай камiзэльцы.
Кумоў з касцёла чакалi доўга. Ужо праспяваў разоў сем, адбiваючы крыллямi полудзень, рабы з крывым, з’еханым на адно вока грэбенем певень. Пякучае, як выпуклае шкельца, маладое сонца перайшло ўжо за вушаты канёк страхi, па сцяне на лаўку, дзе грэлiся старыя бабы, з-пад застрэшка споўз яшчэ халаднаваты вясновы цянёк. Паспелi нагаварыцца i выхаладацца ад першае скупаватае чаркi мужчыны i ўжо ўкрадкам паглядвалi праз адчыненае насцеж акно на белыя засланыя кужэльнымi абрусамi сталы. Нецярплiвыя кабеты азiралiся на вулiцу i пасылалi туды дзяцей — глянуць, цi не вiдно кумоў.
З’явiлiся яны нечакана, разам з галосным крыкам дзяцей, што пасыпалiся з плота, каб адчынiць жардзяную браму.
Читать дальше