— I спытай за што? — Старэнькая кабета падтрасала на плечы аб’еханую суконную хустку.
— За што?.. Вуньдзека, кажуць, мейсца не саступiў.
— Каб яны ўжо каменем селi, — закляла старэнькая кабета.
— У Польсцы мейсца тылько для полякув! — пахiснуўся i, страцiўшы раўнавагу, неяк бокам паляцеў сюды на Мiцю Рысек Пясэцкi. Цяў падкоўкаю чаравiка Мiцю па назе.
Што было ўжо сiлы, плячом i локцем, Мiця пхнуў яго ў плечы. Растапыранымi рукамi Пясэцкi пляснуўся ў аўтобусiк, пастаяў так, звесiўшы голаў, i раптам, нiбы працверазеўшы, павярнуўся. Нейкаю сiняватай дурнатою, як у раз’ятранага сабакi, заблiшчалi яго вочы:
— А, то ты, хаме? Псякрэў, скурвiсыну!..
Азiрнуўшыся, Мiця ўбачыў, як за плячыма ў яго пашырэў круг, — бабы палахлiва адхлынулi ад аўтобусiка. Мацаючы нешта ў кiшэнi, да Мiцi краўся распэтланы хлопец у стракатай ясёнцы.
— Вой, уцякай! — Мiцю за рукаво турзанула дзябёлая кабета, што трымала на руцэ кошык з жоўтаю нявысыпанаю сечкаю.
Нехаця Мiця адступiўся.
— Яшчэ i ўпiраецца, чакае, покуль гэты недавярак абязвечыць, — кабета з лазовым кошыкам на сагнутай руцэ зноў турзанула Мiцю за рукаво.
Хлопец у стракатай ясёнцы ўжо адчынiў складаны ножык — доўгае лязо блiснула вострым пякучым холадам.
Мiця адскочыўся ад аўтобусiка. Недзе на сподзе душы цяжкiм каламутам асядала злосць i брыдкасць, i нiбы ад азырватага холаду бралi дрыжыкi.
Хлопец, трымаючы руку над галавою, з гэтым раскрытым нажом памкнуўся сюды да Мiцi, але нечакана спынiўся, апусцiў руку, недзе торкаючы расчынены ножык у кiшэню.
— А во, палiцыянт, палiцыянт! — За спiною ў Мiцi крычалi бабы, нарабiўшы раптоўнага лопату.
Хлопец у стракатай ясёнцы нечакана шмыгануў за аўтобусiк. Крышку пахiстваючыся, улукаткi за iм пабег тоўсты i няўклюдны, як мядзведзь, Рысек Пясэцкi. У сутоку мiж белых яўрэйскiх крамаў заглух цяжкi тупат iхнiх ног. Туды да жалезнае брамкi падскочыў шафёр, але ў сутокi не пабег.
Падтрасаючыся на бруку i дробненька пазвоньваючы роварам, сюды да аўтобусiка пад’ехаў тоўсты мардаты Гура.
— Так-так, — не слухаючы яўрэйкi, што ўсё забягала яму наперад, Гура перакiнуў цераз сядло кароткую ногу i спынiўся каля Мiцi: — Дзе якi звон, там i ён, усюды Корсак.
— Не, што вi, — закрычала, паказваючы туды на крамы, тоўстая на тонкiх ножках яўрэйка, — бандзiта, вунь пабег!
— Ага, вунь яны! — енчылi ўжо, збiўшыся каля жалезнае брамкi i заглядваючы ў сутокi, вясковыя кабеты.
— А вой, уцякуць!
— Лавеця!
— Ашалець можна, чаго яны енчаць. Я i так iх ведаю, нашто лавiць, — Гура зняў сiнюю фуражку з доўгiм акаваным брылём, выцер хустачкаю спацелы, нацiснуты да чырвонага абручыка тугiм аколышкам, шырокi лоб.
Да Гуры падбег задыханы шафёр.
Мiця працiснуўся праз цесны гурт разамрэлых ад гарачынi баб i наўпрасты, мiнаючы вулiцы, каля дашчаных прыбiральняў, сырых, яшчэ не падмеценых дрывотняў, раскопаных, злiтых смярдзючаю жыжкаю гародаў i чорных голых садкоў выйшаў да шашы на чыгуначны пераезд, раптам апомнiўшыся, што так i не купiў свежых газет. Саладжавы чадны дым, што курыўся недзе мiж рэек, густы пах нагрэтае мазуты, чыгуначнае станцыi перабiў тую невыносную вонь кiслых дрывотняў i загаджаных прыбiральняў.
У Мiцi адлягло, паспакойнела на душы. Счахла горкая, як пячайка, злосць за тое здарэнне каля аўтобуса. Гарачыню i нервовасць студзiў лёгкi вецер, што дзьмуў з блiзкага поля. Каля крайнiх хатак з карычневымi абамшэлымi стрэхамi блiшчалi гладкiм галлём разложыстыя яблынi. Заляцеўшы на слупок нiзкага плота, на ўсё горла спяваў рабы з жоўтаю шыяй певень. Недзе далей у мястэчку яму наперабой адклiкалiся iншыя. Дзень браўся на полудзень. Рэдзенькаю смугою хмар зацягвалася неба.
У Мiцевай душы зноў нейкiм мяккiм пташанём затрапяталася радасць. I, як нешта жывое, ён зноў учуў Чэсiна пiсымо. Задыхаючыся, выцягнуў яго з кiшэнi, разгарнуў шапаткi лiсток: залацiстай лускою на лiтарах затрапяталася густое чарнiла.
Мiця прабег вачыма пiсьмо, зноў убачыўшы Чэсiн тварок, рыжавата-ясную пасму яе густых валасоў, што завiвалася над стрэшкаю брыва.
Але твар раптам расплыўся, мяшаючыся з нечым чужым. Мiця заплюшчыў вочы, i перад iм заварушылася, паплыла, пералiваючыся то чырвоным, то чорным полымем, цемната. Сонца суха пякло ў твар. Нага раптам саступiла з цвёрдае жвiрыстае сцежкi, i Мiця, трацячы раўнавагу i губляючы з галавы шапку, збег у глыбокую, засыпаную збуцвелым леташнiм лiсцем канаву. Падымаючы шапку, учуў, што там, наперадзе, каля мастка зноў рагаталi рамонтнiцы.
— Анцячка, глянь, дальбуг, хлопец упiўся! — абапёршыся грудзьмi на кароткае граблiшча, знарок моцна, каб, пэўна, учуў Мiця, крычала тая самая бялявая дзеўка з аблупленым чырвоным носам.
Читать дальше