«I проўда ж, як даўно гэта было! I нiбы ўчора!» Калi ўжо дзецi паднялiся — Радзiвон з Еўкаю — i калi яна прагнала ад сябе Сымона, раз ледзьве не пабiўшыся з яго Агатаю, — усё адно, iдучы дзе блiзенька, зварочвала пад гэты грудок: спамiналася i чулася ўсё даўнейшае, маладое.
«Божа, як скора мiнула ўсё», — думала яна цяпер, лежачы ў настылым яшчэ, здаецца, ад зiмовага холаду, цёмным i гаркаватым ад старога пылу гумне, i нейкi жаль браў да ўсяго, што мiнулася, бо ўсё, што мiнецца i пройдзе, здаецца чалавеку значным i светлым, зiхацiць у чалавечай памяцi, як ясная радасць.
Ёй рабiлася шкода тых старых чорных алешын, тае крынiчкi, што сачылася з-пад грудка, i Таквiля не помнiць, калi яна ўжо звялася — там пайшла расцi маладая лаза. Як перайначыўся, змянiўся на вачах свет. Змянiлiся i людзi ў Верасаве: паўмiралi адныя i панарасталi, паднялiся новыя. I яна ўжо думала, што яна лiшняя i непатрэбная сярод гэтага новага свету, i чула нейкую вiну, што жыве сярод гэтых новых людзей: бо ўсё мае сваю пору — усходзiць, расцi i памiраць.
Калi яна, перабраўшы ўсё, думала пра смерць, ёй рабiлася шкода не сябе — бо разам з ёю адыходзiў той свет, у якiм яна жыла, якi бачыла. Ёй шкода было Еўкi: з кiм жа яна астанецца? Хто яе, калеку, дагледзiць? Будуць ездзiць на ёй, покуль яна будзе магчы, а потым?
Чым больш Таквiля думала пра Еўку, тым большая злосць паднiмалася на Алесю, навальвалася, як цяжкi камень на грудзi.
Алесю яна не любiла даўно. Ды не толькi яе — усiх Корсакаў, а найбольш Алесiну мацеру — нябожчыцу Каралiну. Помсцiла i нiяк дараваць не магла яшчэ, што разам з Сымонаваю Агатаю — тою няскладнаю i насатаю дэбаю, — перастрэўшы яе, Таквiлю, у лесе, калi яна выбегла ў нядзельку, каб назбiраць дзецям хоць збаночак ягад, падняла нейкi ражон i, пад’юшчваючы Агату, усё крычала: «Агатачка, любка, вазьмi во ды запары яе, як гадзiну. Я яшчэ памагу». I Агата тады, збялеўшы, вытрашчыўшы вочы, усё адно як адышоўшы ад памяцi, кiнулася да Таквiлi, наставiўшы гэты ражон. Пэўна, абязвечыла б, каб Таквiля не адскочылася ад яе. Каб не ўпала сама, наткнуўшыся на нейкi лапушысты, стракаты ад сiвенькiх бубак ягаднiк.
Узненавiдзела Таквiля пасля таго не гэтак Сымонаву Агату, як Алесiну мацеру — Каралiну. Не хацела, каб потым Радзiвон i Алесю браў — баялася iхняга роду. Але рады не дала. А яна ж i праўда ўся ў мацеру ўдалася — з’яд i злыдзень. I хiтрая. Падлашчылася i зямлю апiсала на сябе. Праўду казала Ваўчкова Вольга: «Глядзi, цётка, каб чужою не асталася ў сваёй хаце». На яе й выйшла. Во, жыцьме, як на сваём, з гэтым прымаком. А iх б’е, з хаты выганяе — i не знайся. Учора гэтак у грудзi пхнула… Божа ты мой мiлы! I колькi ж яна будзе бялiць тую хату? Другi ўжо дзянёк, як седзiмо ў гумне. Холад яшчэ ж, зямля добра не раскрылася…
Як каструбаватая нiтка з кудзелi, цягнулiся i круцiлiся на быстры калаўротак памяцi Таквiлiны мыслi. Яна ўжо не чула, калi перасцiх грызцi сцяну той ненажэрны пацук, не згледзела, як у гумне стухла рэдзенькая яснасць, што сачылася праз шчылiнкi ў дзвярах, растаў ружаваты i густы ад пылу слупок нiзкага сонца, што прашыўся мiж дзеравiн у сцяне, падпальваў мiгатлiвай чырванню салому. У гумне ўжо шапацела порсткая цемната. Асядала лёгкая i густая, як пыл, сцiшанасць, зацярушвала вочы. Старая Мондрыха, ужо нiчога не бачачы, чула, як варочалася, побач пад коўдрай, на гаркаватай сточанай мышамi леташняй саломе i сапла, як кавальскi мех, нямая Еўка.
Мондрыха падсунулася блiжай, навобмацак знайшла Еўчын лоб, прыклала сваю руку — ён гарэў, як агнём. Нанач у нямой, мусiць, падняўся жар. Яна злавiла Мондрышыну руку, загуўшы, са злосцю адвяла ад сябе.
— Вой, — застагнала старая, — у цябе адкiнулася хвароба. Можа, той самы тыф.
Нямая, нiбы ўчуўшы, замармытала нешта. Сцiшыўшыся i думаючы пра Еўчыну хваробу, старая паляжала i сказала ўслых зноў:
— Дойдзем мы тут абедзве. Нiякага ратунку…
Але ёй нiхто не адзываўся. Старая прыслухалася — каля застрэшка пырхаў, шукаючы, мусiць, нанач седала, порсткi верабей, упоцемку на вулiцы яснеў крык дзяцей, дзынкала пустое бляшанае вядро, блiзячыся, тупалi нечыя шпаркiя крокi.
«Можа, есцi нясе?» — падумала старая, учуўшы раптам голад i ўспомнiўшы, што ўдзень яна з’ела лыжку цвёрдага, як жвiр, няўпаранага крупнiку.
Крокi сцiхлi, i адразу ж зарыпелi, пускаючы ў гумно скупую яснасць, шырокiя дзверы.
Еўка, мусiць, учуўшы на сваiх вачах гэтае раптоўнае святло, падняла голаў, замармытала, сiлячыся нешта сказаць.
— Хто ж там? — не бачачы адсюль, з торпа саломы, спытала старая.
З таку азваўся Iмполь. Недзе там, на другой старане гумна, зашасталi граблi, дзеручы на трасянку грацкоўiшча з аўсянаю саломай. Сюды, на Таквiлю, панясло горкi пыл. Яна папярхнулася кашлем. Душачыся ад гэтага пылу i тое перасохлае, як даўнi накiп на гаршку, злосцi, сказала:
Читать дальше