«Што я нарабiла, што? Цi не здурэла я?..» — яна ўжо, не помнячыся, зачыняла з гэтага боку гумно. I схамянулася, што зачыняе на драўляную загваздку. «Пута трэба, жалезнае конскае пута, каб не вылезлi», — раптам падумала яна.
Адчынiўшы ў лiхтары шкляныя дзверцы, фукнула на свечку, подбегам кiнулася ў хлеў, пашастала рукою каля вушака па шорсткiх дзеравiнах, але на гаку абмацала, скарэй нават учула, як пахне дзёгцем хамут.
Успомнiўшы, што каля падрубы бачыла надоечы нейкi валяшчы шворан, выскачыла з хлява, упоцемку заграбла рукамi па халоднай зямлi, нечакана ўкалоўшы палец аб iржавы калючы дрот. Пацягнула яго да сябе. Ад сцяны, зарыпеўшы, адкацiлася вялiкая скручаная котка. Напальваючы да гарачынi, яна пачала адломваць кавалак дроту, раптам успомнiўшы, што ў сенях павiнна вiсець тое жалезнае конскае пута. Надоечы ж, здаецца, сама бачыла.
Яно i праўда вiсела ў сенях на пустым цвiку каля жалезнага ключа: рукi спачатку абмацалi халодны тоўсты ланцуг, а потым трубку замка.
Бразгаючы цяжкiм жалезным путам, прыпусцiлася назад да гумна, спатыкнулася, учуўшы ўжо здушаны крык старой Мондрыхi:
— Ах, божа, жывот рэжа, жывот! Не вытрываць!
Нечаканая радасць апалiла Алесю, што чэмер ужо разбiрае старую.
Не адзываючыся на гэты крык, начапiла на тоўсты жалезны прабой конскае пута, нават яшчэ патурзала, цi добра замкнула, i памаленьку адышлася ад гумна. Чула, як у грудзях растае, аблiваецца холадам сэрца, як вянуць i падкошваюцца ногi. I, нiбы ступiўшы ў калдобiну, спатыкнулася зноў: з гумна iшоў страшны, надрыўны голас — як з глыбокае картаплянае ямы, ужо крычала нямая Еўка.
«Праўду той знахар казаў — атрута», — усмiхнуўшыся, Алеся абцерла з лоба халодны лiпкi, як смолка, пот.
Прыспешыла хаду, сцiнаючыся ад трывогi: а можа, далёка чуваць гэты страшны крык, i абамлела ад новага страху — на ганку шарэла, злiваючыся з поцемкам, злiнялая Iмполева рубашка. Ён, мусiць, слухаў, што робiцца тут у гумне.
— I чаго цябе халера носiць? — вар’яцеючы ад злосцi i нечаканае здагадкi, што Iмполь, мусiць, ведае ўсё, крыкнула яна.
Злiнялая рубашка, зашамрэўшы на ганку, растала ў чорным, як вугаль, поцемку сяней.
Алеся, ужо як сама не свая, усунулася ў чорныя сенi, незнарок, спатыкаючыся там, прыгрукнула дзвярмi.
У густой цемнаце надворка разбiўся iхнi цяжкi ляскат. Двойчы аддаўся сухiм водгаласам за гумном. Нейкую хвiлю на дварэ душылася глухая цемната. Потым яе з гумна разарваў цяжкi здушаны крык — крычала старая Мондрыха, але, апроч Алесi, яе нiхто не чуў.
— А божачка мой, а людцэ мае, ратуйце! — Таквiля скацiлася з пасцелi, папаўзла па слiзкай шапаткой саломе i з’ехала ў яму. Задыхаючыся ад горкага саламянага пылу, пачала церабiцца назад.
«А божачка, атруты дала», — ад вострага нечаканага болю яе кiнула спачатку ў гарачы, а потым у халодны пот.
Бэрсаючыся ў порсткай калючай саломе, яна папаўзла ўздоўж пярыла, нарэшце знайшла ў iм пройму i выбралася на сухi, прасторны ток.
Цьмяна, ледзьве знаць у дзвярах, свiцiлiся вострыя доўгiя шчылiны. I яна папаўзла да iх, ткнуўшыся раптам галавою ў дошкi. Боль у жываце паднiмаўся, пераварочваўся, як скрутак калючага дроту, але тут было лягчэй — са шчылiн у дзвярах цягнула свежасцю. Разяўленым ротам яна глытнула гэтай густой сыравата-халоднай вiльгацi. Хватаючыся рукамi за неагабляваныя дошкi i заганяючы пад ногцi стрэмкi, паднялася на каленi, папхнула з усяе сiлы дзверы, яны зарыпелi, падаўшыся трохi наперад, але не адчынiлiся — iх моцна трымала на жалезным пуце клямка.
— Людцэ, ратуйце! — крыкнула яна, аб’язджаючы на гэтых дзвярах.
У жываце зноў, як хто ўсадзiў туды ражон, пераварочваў i рваў кiшкi боль. Каб суняць яго, яна заскрыгатала зубамi i скоранька папаўзла па сухiм халодным таку, знянацку выцяўшыся галавою аб кола сячкарнi. Чуючы, як пякучаю гарачынёю налiваецца на лобе гуз, завярнула назад. Зноў знайшла ў пярыле пройму i зноў улезла ў тую глыбокую, мiж пярылам i тоўстым пластом саломы, задушлiвую яму. Нечакана абамлеўшы ад страху, чаго маўчыць i не аказваецца Еўка, яна што было моцы заскраблася па слiзкiм высокiм торпе саломы, аб’язджаючы i падаючы назад у яму.
— Еўка, Еўка, цi чуеш ты? — крычала, забыўшыся, мусiць, што Еўка не чуе, i, заплюшчыўшы вочы i абдзiраючы саломаю твар, пашылася зноў уздоўж пярыла, грабла рукамi гэтую слiзкую калючую салому, покуль не далезла да самае сцяны. Падумаўшы, што там за сцяною, на дварэ, яе ратунак, абмацала рукамi настылыя каменнi, пачала раптам драць iх, аб адзiн, маленькi i востры, абразаючы рукi i ўжо не чуючы болю. Чула толькi той, што пераварочваўся калючым клубком дроту ў жываце, разыходзячыся гарачынёю па ўсiм целе i апякаючы сэрца. Пад горла падступала нешта атрутнае, горкае, але не блажыла.
Читать дальше