Вунь колькi мiнула часу, а яна ўсё помнiць белае гарбаценькае кураня, помнiць нават той мiг, калi яно счахла ў яе на руцэ, раптам дробненька задрыжаўшы i выпручваючы худзенькую калючую лапку.
У нейкiм ужо страху, аж пачалi варушыцца валасы, падумала пра сябе — няўжо яна дойдзе i счахне тут у гумне, як счахла тое гарбаценькае недалужнае кураня? Бо ўжо, як касою, пачынае рэзаць жывот, зацiнае дух i, кiдаючы ў пот, калоцiць, б’е ад нейкага раптоўнага холаду. Гэты нечаканы, звар’яцелы страх падняў яе з пасцелi, гонячы туды, дзе цiха, як вада, пагойдвалася i варушылася порсткая салома. Там недзе была мацi, там было не гэтак страшна.
Разводзячы адною рукою гэтую мiгатлiвую глухую цемнату, яна папаўзла на край торпа.
А тут у яме яшчэ ўсё граблася, не ведаючы, што там зрабiлася з дачкою, i нiяк не магла залезцi на высокi торп саломы старая Мондрыха.
— Еўка, цi чуеш, дзе ты, Еўка? — крычала яна, ведаючы, што нямая не чуе, i шморгаючы слiзкую салому.
Рука яе раптам злавiла гарачую Еўчыну руку.
— Ы-ы-ы-ы, — загула нейкiм страшным змардованым крыкам Еўка, зарадаваўшыся, што знайшла ў гэтай чорнай, як сажа, цемнаце мацi, i аб’ехала з торпа ў яму, набiраючы ў рот калючых асцюкоў i пылу.
Старая схапiла яе за плячо, пацягнула ў праточаную каля пярыла i задушлiвую нору, туды да халоднае падрубы, дзе яна ўжо адна пачынала капаць яму, усё яшчэ спадзеючыся на нейкi ратунак.
Заплюшчыўшы вочы, каб не выпараць iх у гэтай удушлiвай саламянай нары, i задыхаючыся ад сухое гаркаты, ад таго моцнага, як вытрываць, болю, што рэзаў у жываце, нямая паўзла за старою Мондрыхаю, не ведаючы, куды i дзеля чаго паўзе. Яна яшчэ чула, як на вочы з лоба набягаў гарачы едкi пот, лiпла i паролася салома, як казытаўся ў носе востры асцюк.
Старая, схапiўшы Еўчыну гарачую руку, раптам спынiлася i пачала таўчы гэтаю рукою недзе пад сцяну. Нямая абмацала халодныя каменнi i неглыбокую, што пахла сухiм пяском i мышыным памётам, ямку. Дыхаючы гарачынёй у твар, мацi нешта крычала i грабла рукамi тую неглыбокую ямку. I Еўка дагадалася, што яна хоча падкапацца пад падрубу, каб вылезцi з цёмнага i глухога гумна, з гэтае ўдушлiвае гаркаты туды на двор, дзе будзе чым дыхаць, дзе будуць людзi i будзе нейкi ратунак.
Перамагаючы нясцерпны, востры, як ад бiтага шкла, боль, млеючы ад духаты, ад нейкае слабасцi, што навальвалася на яе, Еўка пачала дзерцi абедзвюма рукамi гэты сухi халаднаваты пясок. Ад яго падымаўся, забiваючы дух, горкi пыл, лез у нос, дзёр горла, скрыпеў жарствою на зубах. Але яна грэбла, чуючы, што поруч варушыць локцем мацi, чуючы, што вочы залiвае i есць пякучы, перамешаны з гразёю пот, што ўжо здзiрае свае ногцi i слабее ад цяжкае задушлiвае гарачынi, што яе вядзе i хiлiць набок — i яна ўткнулася лобам у гэты халодны i цвёрды ўжо глыбей пясок. I нiчагутка ўжо не хацела — нi жыцця, нi таго надворка, нi людзей, а толькi вады.
Яе зноў разбiрала i мучыла смага. Яна аблiзвала сухiя з накiпелай гаркатою i пяском губы, глытаючы горкую, як атрута, слiну.
Раптам ёй пад сэрца падкацiлася нешта балючае, перахапiла горла i ў голаў хлынула густая i мяккая, як цiш лесу, гарачыня. Еўцы здалося, што яна ляжыць на мяккiм сырым моху, у маладнiку за рэчкаю, а на яе навальваецца гэты страшны з белаватымi вачмi i жоўтымi, вялiкiмi, як у каня, зубамi Вайтовiч. Яна паварушылася, каб скiнуць яго, i з яе горла вырваўся глухi здушаны стогн.
— Еўка, Еўка, цi чуеш, Еўка? — яе за плячо тармасiла старая Мондрыха, жахнуўшыся ад халоднага страху, што Еўка ўжо нежывая.
Дзеручы сябе за валасы i ўжо не чуючы болю, закрычала зноў:
— Людцэ мае, ратуйце, людцэ! Яна памерла!
Але на яе крык баязлiва азвалася i, скавычучы, пакацiлася пад вулiцу перапалоханая сучачка.
Адсунуўшы ад ямы Еўку, старая пачала грабцiся мацней.
Адыходзячы ад памяцi, яна ўжо граблася не пад падрубу, а тут, пад сабою, выкапаўшы да поўначы глыбокую, можа, у калена, яму. Яна яшчэ чула, як падвывала, счуўшы чалавечую смерць, сучачка, як свiстала на пераездзе пад вёскаю калейка.
Сканала яна на свiтаннi, калi на надворку каля гумна загаварылi людзi.
На варту ў Верасаве выходзiлi па дзве хаты засаб. Корсакам выпадала з Жыткамi, але на сённяшнюю ноч замест iх выйшаў Марцiн Ваўчок, што надоечы вярнуўся з Баранавiч. З пецярых верасаўскiх рэзервiстаў далей павязлi толькi двух — Бронiка Лiтавара ды Iвана Жытка, — старэйшых мужчын, каму бралася пад сорак, пусцiлi дахаты.
Расшпiлiўшы драўляныя бiрулькi ў шэрай, паточанай моллю бурцы, Марцiн Ваўчок сядзеў у Корсакавай хаце, чакаючы, покуль павячэрае i збярэцца на варту Мiця, расказваў Уласу Корсаку, што рэзервiстаў, як ён чуў, мелiся вязцi недзе аж у Млаву, пад самую нямецкую гранiцу.
Читать дальше