У абмялелай перад дажджом рэчцы з ружаватым дном адбiвалася сiняе неба з белаю пухкаю хмараю, свярдзёлкамi тачылiся тонкiя камлi маладога голага алешнiку. З яго пляскала рэдкая раса. Па беразе блiшчала, прабiўшыся праз леташняе сатлелае лiсце, абмытая густая цылiндра, вострым ружовым верацяном выкруцiлася конскае шчаўе.
Конь, скалыхнуўшы i разварушыўшы нагамi белую пухкую хмарку, увайшоў у плыткую рэчку, забухаў нагамi — пырскаў сабе на жывот i персi ваду.
Выцягнуўшы з драбiнак ногi, Алеся прысела на коленкi, ухапiўшыся абедзвюма рукамi за драбiнкi, глядзела, як, абмываючы колы, з жалезнага вышмарганага да бляску вобада сцякала з густым шумам вада.
Iмполь задзiраў свае ногi, пераважваўся на другi бок воза, лёгшы спiною на драбiнкi.
Пад густы аднастайны плёскат i шум вады ў Алесi паплылi нейкiя аднастайныя, цiхiя думкi — i раптам абарвалiся: конь выйшаў з рэчкi. Налiпаючы на колы, зарыпеў шапаткi, прамочаны ўсяго на палец пясок.
Азiрнулася зноў сонца. Курыўся на Ваўчковай хаце зялёны, замшэлы лоб страхi. У гародчыку выпусцiла сiвенькае, скручанае, як аблепленае павучынай, лiсце дзябёлая маладая рабiнка. Алеся загледзелася на яе, прыгадаўшы, як улетку, пасля дажджу, што так спорна шапоча па дзiравым лiсцi алешнiку i сiвых вербах, азiрнецца з-пад нiзкае хмары зжоўклае сонца — i тады заблiшчаць, засвецяцца празрыстай чырванню чачоткi на гэтай рабiне — iдзеш цi едзеш з-пад рэчкi ў вёску i ўсё дзiвiшся на гэтую рабiну: i хараство, i нейкi смутак тады сцiскаецца ў душы.
За рабiнаю цямнела аброшанае дажджом акно. У яго ўсунуўся белы твар, прылiп сiняватай плямай да шкла пукаты лоб: счуўшы тупат каня, у акно цiкавала Вольга.
Алеся жахнулася, злавiўшы на сабе зiрк яе лупатых вачэй. Угнула голаў, не ведаючы, куды падзецца. Сядзела сцяўшыся, покуль воз не схаваўся за рабаватую, спярэшчаную дажджом Ваўчкову хату.
«Божа, i гэты пляткар усё дапiльнуе», — яна абмацала ў кiшэнi каптана пучок сухога чэмеру. I раптам суцешыла сябе: «Цi ж яна ведае, што я чэмер вязу». Чула, як адлягло i палягчэла на сэрцы. Але ненадоўга.
Мiнуўшы кароткую тут каля Ваўчка выкладзеную абапал пазвожванымi з поля каменнямi папярочную вулiцу i выехаўшы на сваю — зноў баялася чужых вокнаў.
Угнуўшы голаў i чуючы на сабе гэтыя чорныя чужыя вокны, глядзела, як бегла каля воза зялёненькая шчотка маладое травы. Думкi бэрсалiся, як волас, чаплялiся ўсё за пучок маладога чэмеру: «А можа, заўтра, не чакаючы, зварыць яго i, калi ўжо добра ўпарыцца, змануўшы тымi парашкамi, што купiць Змiтрык, напаiць iх нанач». I нечакана спахапiлася, аж выступiў лiпкiм холадам пот: «А што, калi старая пазнае, што гэта чэмер? Што тады? Якi ж ратунак знайсцi? Што рабiць?»
Алеся прыгледзелася да сцежкi, убачыла, што яна ўжо не цягнецца шырокiм палатном уздоўж воза, падняла, схамянуўшыся, голаў — фурманка стаяла напроцi Пытлевага калодзежа. Каля поўных вёдраў з каромыслам тапталася старая Лiтаварыха, босыя ногi стылi ў лiпкай гразi.
— У цябе ж пытае? Цi чуеш? — заварушыўся на возе i штурхнуў Алесю плячамi Iмполь.
Яна, як пасля сну, яшчэ ўсё нiчога не разбiраючы, перапытала:
— Што пытае?
Босыя сiняватыя ад холаду ногi выйшлi з кiслае, расквашанае каля калодзежа лужынкi, старая крывым пальцам адхiнула ад вока расслаблены край хусткi.
— Пытаю, цi выздаравела твая свякроў? — сказала, нават крыкнуўшы, як да глухое, i засмяялася, гледзячы на Iмполя, паказваючы нiзкiя з’едзеныя зубы, старая Лiтаварыха.
Алеся ўчула, як нешта вострае, як маланка, прабiла яе навылет, пад грудзi падкацiлася гарачыня.
— Не, дзе там…
— Во сколека хварэе, — старая адступiлася да вёдраў, паклаўшы на плечы каромысла i прыгнуўшыся, лавiла кручкамi iх мокрыя восiлкi. — Але ёсцека каму ўправiцца… Во мелу, бачу, накапалi… А мне каб хоць якая помач.
«I чаго яна чэпiцца? Усё адно як ведае што. Божа лiтасцiвы!» — падумала сабе i ўжо папрасiла ў Iмполя:
— Дак едзьма, чаго стаiмо?
Пад двума вёдрамi старая, кiваючыся, як качка, iшла за возам, гаварыла, што надоечы прыйшло ад Бронiка пiсьмо — пiша ён, што служыць пры самай гранiцы, недзе аж каля Нямешчыны. I раптам прыпынiлася, сiлячыся ўспомнiць цяжкае i чужое ёй слова.
— Дай божа памяць, забылася, — засмяялася яна, паказваючы свае нiзкiя з’едзеныя зубы.
«Усё спраўдзiцца ў мяне, усё, — раптам падумала Алеся, гледзячы, як старая зноў пусцiлася подбегам, даганяючы фурманку i расплюхваючы з вёдраў на ружаваты спарышнiк ваду. — З поўным стрэла, з поўным. Не разбярэ старая, што гэта чэмер. Скажу, што Змiтрык у Дварчанах купiў разам з парашкамi. Скажу, што нараiў Ваўчок!»
Читать дальше