Залiўшы карычняватую смугу алешнiку, купы жаўтлявых голых вербаў, на верасаўскiм балоце, як кiнуць вокам, блiшчала вада. Заторыўшыся мiж старых вербаў, з шкляным хрустам крышылiся, трашчалi i лезлi адна на адну прынесеныя недзе з возера крыгi. Густа, як падаючы з заставак, у глыбокiм рэчышчы шумела вада, падмывала на крутой луцэ стромыя абвiслыя берагi, адносiла далей старыя карчы i купiны.
Перад змярканнем пад калыскаю маладзiка, што зачапiўся за востры цвiчок першае яснае зоркi, збiўшыся з дарогi i закруцiўшы пятлёю свой роўны шнурок, свойскiм голасам закрычалi дзiкiя гусi. Iхнi гагатлiвы крык паплыў над ружаватаю вадою — на захадзе, не стухшы, яшчэ гарэў пасак неба.
На трэцi дзень паводка спала, толькi скрозь на гразi каля смугi карычняватага алешнiку вострымi i сiняватымi, як лёд, палосамi зiхацела нерухомая вада. На рудым ад леташняе травы поплаве стаяў занябожаны бусел — ногi яго яшчэ чулi ўмерзлую зямлю.
Пры выцвiлым за зiму жаўтлявым хвойнiку, па заплеснелым жыце ў разорах яшчэ ззяў палосамi ясна-белы снег. Але верасаўцы ўжо разбiралi прызбы, носячы радзюжкамi ў хлеў на подсцiл скацiне сухую порсткую кастрыцу, выскрабалi i мялi забруджаныя за зiму надворкi, раскручвалi з маладзенькiх яблыняў збуцвелую салому. Раздражджалаю прэснаю зямлёю, раскiслым леташнiм лiсцем, заплеснелаю травою i брудам пахла вёска.
Каля хлява ў Мондрых курэлася куча гною. Выпусцiўшы на надворак чырвоную з абкарэлымi сцёгнамi карову, каля якое яшчэ круцiлася нядужае цыбатае цяля, Iмполь выкiдаў з хлява гной. Яму памагала нямая Еўка: начапiўшы на жалезны сахор заплеснелыя пласты, нясла iх далей ад дзвярэй, кiдала на ружовенькую шчотку спарышнiку, што дробнымi чарвячкамi ўжо вытачыўся на сцежцы. З-пад выцвiлае хусткi ў Еўкi вылезлi стрэшкай русявыя валасы з белаватаю, як чужою, пасмаю. Дробнаю расою на лобе выступiў i палiўся на бровы пот, нязвыклаю сiняватаю чырванню загарэлiся шчокi. Абапёршыся на сахор, яна пастаяла, сашмаргнула з лоба рукавом пот i памаленьку, пахiстваючыся, як п’яная, падышла да адчыненых насцеж дзвярэй, скрывiўшы рот, загукала да Iмполя. I калi ён высунуўся з поцемку хлява, падбiваючы локцем аб’еханую кепку, паказала абедзвюма рукамi на голаў, потым, склаўшы iх, як для малiтвы, прытулiла да шчакi. У яе асалавелых вачах свяцiўся каламутны бляск.
— Ну iдзi прыляж, раз хворая, цi што? — варухнуў плячом Iмполь, мусiць, не вельмi разабраўшыся, чаго яна хоча, i зноў пасунуўся ў затхлы ад едкага смуроду хлеў, з дзiвам азiраўся на Еўку. Яна, як знябожаная, уцяўшы голаў у плечы i насiлу перастаўляючы тоўстыя кароткiя ногi ў сiвых суконных панчохах, iшла ў хату. Неяк ззаду целяпалiся яе доўгiя, чорныя ад гною рукi. Ёй, пэўна, нядобрылася.
Уночы Еўку здушыла гарачыня, як з кавальскага мяха, з яе пагнала дух. Пачырванелi, налiлiся крывёю вочы. Задыхаючыся, яна пачала паказваць на разяўлены рот — там, калi падняслi лямпу, быў вiдаць набрынялы карычняваты патрэсканы язык. Назаўтра, як ад плачу, у яе распух i змянiўся твар, на iм распаўзлiся лiловыя плямы.
Еўка качалася ў гарачцы, скiдала з сябе злямцаваную коўдру i, задыхаючыся ад плачу i вырачыўшы невiдушчыя шкляныя вочы, выцягвала спруцянелыя рукi, лезла на сцяну, хваталася за яе растапыранымi пальцамi.
— Ах, матка найсвенша! — чапляючыся за абшморганую цэглу, старая Мондрыха злазiла з печы, скоранька здымала з цвiка ручнiк i, ткнуўшы яго ў вядро з вадою, прыкладвала Еўцы да лоба.
Ачуняўшы i прыйшоўшы да памяцi, Еўка ацiхала, гэтымi чырвонымi, як у ангорскага труса, вачмi глядзела на жоўты i звялы твар старое Мондрыхi i, уздрыгваючы i турзаючыся, засынала зноў.
На пяты дзень Алеся паклiкала Ваўчка.
Зухавата насунуўшы на адно вуха стракатую пляскатую кепачку, ён прыйшоў са сваiм тоўсценькiм, абшморганым на кантах сакваяжыкам. Зняўшы i павесiўшы на цвiк стракатую кепачку, доўга прытоптваў на патылiцы, закiнуўшы за вуха, рэдзенькi касмык валасоў, доўга мыў над вушатым цабэркам рукi, тады ўжо раскрыў, пстрыкнуўшы замком, свой карычневы з абшморганымi кантамi скураны сакваяжык. Зiркнуў на печ, дзе зза мурка выглядвала сiвая галава старое Мондрыхi, здзiвiўся:
— Ого, дак вы тут усе ўпокат ляглi.
— Не кажы, Марцiнка, — старая Мондрыха перавярнулася на бок, падперла рукою голаў. — I што гэта на нас упала, цi не кара боская? Я ўжо ж каторая пара хварэю i нiяк во не выкачаюся, як тая паршывая авечка, i на табе, яна во…
— Даўно? — Ваўчок выцягнуў з сакваяжыка аблезлую бляшаную трубачку.
— Каторы дзень… Гарыць, як агнём. Здаецца, на ёй i скура зварылася. А ўчора гарачка была.
Читать дальше