I ўжо калi паклалiся спаць — ён з Алесяю на Мiцевым новым ложку (Мiцю, прынёсшы куль саломы, паслалi на падлозе за плiтою), ён украдкам пачаў цiкаваць, калi яна будзе распранацца, кладучыся спаць на той ложак, што стаяў упрытык да акна, але не дапiльнаваў: яго, змучанага за дзень работаю, змарыў, цяжка навалiўшыся, сон.
Не спала толькi Алеся — перад вачыма ўсё калыхаўся той закураны пылам пучок чэмеру ды шалясцеў газетаю Мiця. Там за плiтою яшчэ гарэла, павешаная на доўгi дрот, ледзьве не дастаючы «магазынам» да стала, з падкручаным кнотам цьмяная лямпа.
— Мiця, цi чуеш? — сказала яна туды, за плiту, цiхiм, здушаным голасам. — Ты не спiш?
— Не, не сплю, — там зноў зашалясцела газета.
Алеся цiха ссунулася з ложка i, абгладжваючы караткаватую сарочку, пайшла за плiту.
— Вой, ты не глядзi, я ж раздзетая, — яна раптам засаромелася сваiх высока адкрытых ног i голых рук, села на лаву, каб трохi схавацца за варштат, абедзвюма рукамi каля вушэй зграбла на плечы доўгiя раз’еханыя валасы, спытала: — I што ты там вычытаў?
Ён адкiнуў газету, перавярнуўся на бок, топчучы локцем падушку, сказаў:
— Ды во гляджу, што вайна блiзiцца.
— Якая вайна? — яна страсянула галавою, зноў закiдваючы далей на плечы свае валасы.
— Iтальянцы занялi Албанiю. Трыццаць пяць тысяч войска…
— Ая-ёй! I далёка тая Албанiя?
— Дый не блiзка, — скрывiўся ад смеху Мiця.
— Так, можа, да нас не дойдзе?
— Ты як маленькая.
— Вой, цi ж я разбiраюся, — абхапiўшы рукамi каленi, яна пакалыхвала iмi з боку на бок, памаўчала, заглядваючы Мiцю ў вочы, раптам загаварыла: — Войны прыходзяць i адыходзяць, а людзям жыць трэба… Лякарства во трэба. Цi не будзеш ты, Змiтрычак, у Дварчанах?
— Буду, — насцярожыўся ён, падсунуўся вышай на падушку.
— Парашкоў мне якiх ад кашлю вазьмi.
— Чаго там — вазьму.
— Дзякуй табе, Змiтрычак, — яна, абхапiўшы рукамi голыя плечы i стулiўшыся, нiбы ад холаду, скоранька запляскала босымi нагамi да ложка.
Адсоўваючы Iмполеву руку, ляжала ўжо радая, што прыдумала з гэтым лякарствам: дасць яго разам з чэмерам, скажа, што Ваўчок нараiў…
I зноў браў нейкi страх, аблiваў усё цела халодным лiпучым потам. Супакойвала сябе ў нейкай гарачцы — нiхто ж ведаць не будзе. Затое б будзе зямля… воля… Iмполь…
Не згледзела, калi Мiця патушыў лямпу — бачыла перад вачыма ружаватую чарнату хаты, той пучок сухога счарнелага i крохкага, як высушаны тытунь на блясе ў печы, чэмеру.
Як камень, разарваўшы зялёную раску, скалыхне затхлую завоньку, так нечаканыя весцi скалыхнулi цiхае, затоенае Верасава.
Першую з iх, вярнуўшыся з дварчанскай пошты i зайшоўшы да Корсакаў, каб аддаць Мiцю газеты, прынёс верасаўскi солтыс Янка Вайтовiч.
— Свет кiпiць, як у гаршку. На, чытай во, — Вайтовiч, азiраючыся на Мiцю, выцягнуў з доўгае кiшэнi свайго суконнага паўшубка i кiнуў на стол скручаныя ў некалькi столак газеты.
— I проўда, гонiць, як з прорвы, — не адрываючыся ад акна, пакруцiў лысаю галавою стары Корсак: на дварэ, завесiўшы, быдта туманом, белы свет, курэў i шоргаў па шыбах дробны сухi снег. — Гэта ўжо на птаства.
— Што@снег, выпаў ды растане, — Вайтовiч расшпiлiў i атрос свой сiвы ад скалкаў расы суконны паўшубак. — Я кажу вунь пра тое, што пiшацца ў газетах. Цi чуў — нямцэ занялi Чэхаславацыю? Захмурваецца свет, каб не сабралася на вайну.
Корсак адышоўся ад акна, паскроб за вухам чорны вяночак валасоў:
— Ты кажаш — вайна, а чаму ёй не быць? Калi кожны жук i жаба ўсё палiтыкуе.
— Я чуў, што такiх во, панечку мой… Нанова, — Вайтовiч не дагаварыў, скасiў вока на стол, дзе зашархацеў газетамi Мiця.
— Як нанова?.. — падняў чорныя густыя, што вывiсалi, як прычолкi, пад вачмi, бровы Улас Корсак.
— Усё нанова. I варту ў вёсцы нанова трэба ўводзiць, — не даўся распытваць i загаварыў пра iншае Вайтовiч. — Росказ гмiны. Пайду нават сёння i скажу, каб пачыналi з таго канца.
— Варта. Была ж варта некалi, а ў Лявона Шайбака цыганэ каня ўкралi.
— Гэ, цi ж цыганэ? — ужо з сяней азваўся Вайтовiч, дзвярмi заглушыўшы нават тое, што, мусiць, яшчэ не дагаварыў.
Поцемкам, ужо топчучы на вулiцы крохкi неглыбокi снег, што насеяўся за дзень, да Корсакаў паслухаць навiну адзiн за адным цягнулiся верасаўскiя палiтыкi, найбольш сталыя мужчыны. Тупалi каля парога на засланым Хрысцяю старэнькiм ходнiку, абiваючы дзеркачом з ботаў i валёнкаў снег, церлi пакрэплыя ад воетрага, што пачаў брацца нанач, марозу чырвоныя рукi i, не чакаючы запрашэння, цiха i панура садзiлiся на лаву, не здымалi з галавы сваiх суконных, выцертых да рубцоў кепак, касматых авечых шапак i зiмовых барашкавых каўпакоў. Адно Бронiк Лiтавар, заклаўшы на шафу ясную, у сiнiя клеткi кепку, прыгiнаючыся i неяк бокам косячыся на расколатае люстэрка, што вiсела на сцяне каля нахiленае рамкi з картачкамi, прычэсваў свае тлустыя i блiшчастыя ад лямпы валасы.
Читать дальше