Алеся з перапуду, яшчэ нiчога не сцямiўшы, нагнулася над Еўкай, хацела падняць. I раптам, як ступiўшы ў прысак, адскочылася назад. Успомнiла тое, нядаўна ўчутае ад Ваўчка: «Хвароба заразлiвая. Каб бронь божа…» Зводдаль глядзела, як старая Мондрыха, чэрпаючы скурчанаю жменяю з вядра, пырскала вадою на скамянелы Еўчын твар, адлiвала яе. Бачыла, як у Еўкi заварушылiся векi i па твары прабегла сутарга, памякчэў скамянелы твар — яна паварушыла губамi, аблiзвала тлустыя скалкi вады.
— Памажы ж падняць, — коўзаючыся па мокрым таку, старая пад пахi паднiмала Еўку.
«Праўда, што будзе жыць. Лiха яе не возьме». — Алеся, быдта не ўчуўшы старую, вышмыгнула за дзверы. Прыпынiлася ў адчыненых сенях, падумала раптам, нават жахнуўшыся сама: «Хоць вазьмi ды… атруты якое. Як абрыдлi яны абедзве!»
Па спiне халоднымi мурашкамi заказытаўся раптоўны страх — гэта ж грэх.
Пастаяла, гледзячы на варштат, што вiсеў на сцяне, успомнiла, што пара ставiць кросны — верасаўскiя бабы даўно ткуць, — i, прыпёршы да сцяны збiтыя з жэрдак драбiны, палезла на гору: там недзе ляжалi з леташняе вясны скручаныя нiчальнiцы.
Чужы вялiкi кот блiснуў жоўтымi вачамi, шмыгануў пад застрэшак, задрапаўся па вугле, спускаючыся ў гародчык. Ад вялiкiх, прывязаных да кроквенных папярочак кошыкаў на гары пахла кменам i кiлбасамi, пяршыла ў горле ад сухога, перамешанага з кастрыцаю пяску.
Прывыкаючы да поцемку i прыгiнаючы голаў, каб не зачапiцца за падсаджаны за крокву стары серп цi касу, Алеся пайшла туды, пад самы шчыт, дзе праз закурэлую i невялiкую, усяго на пядзю, шыбу цадзiлася яснасць, дзе на дошках мiж кроквенных папярочак ляжалi ад леташняга вялiкадня нiчальнiцы i бёрды. Спатыкнулася на старыя расколатыя ночвы i зноў зазлавала на Мондрыху, што пазносiць сюды, на гору, спытай дзеля чаго, розных зломкаў. Адцягнула, каб не стаялi пад нагамi, за комiн. Пад нагамi зашамацела перасохлае з калiвамi счарнелага чэмеру закурэлае сена, якога ўжо, мусiць, нацягала Еўка, калi ўсё спала тут.
Алеся нагнулася, падняла перасохлую кветку, яна крышылася, як сатлелы, высушаны ў печы тытунь. Iзноў на памяць набегла тое, што думалася тады ў сенях: «Гэта ж, кажуць, атрута. Во каб узяў ды i наварыў…»
Але нейкi страх зноў перабiў мыслi — што яна, дурная, думае.
Перабiраючы бёрды i нiчальнiцы, чула ўжо, як дрыжыць ад гэтых звар’яцелых i раз’ятраных думак.
Але гэты счарнелы сухi чэмер успамiнаўся ўвесь дзень. Нават у бацькавай хаце, калi яна прыйшла зiрнуць, цi не навiвае Хрысця свае кросны.
Там i праўда ўжо замест адсунутага стала на покуцi ў Корсакаў стаяў варштат. Седзячы на падлозе i ўпiраючыея босымi нагамi ў кантовы збоiч, Хрысця нацягвала жаўтлява-зеленаватую, пад колер моху, выфарбаваную мучарнiкам пражу. Мiця круцiў за рассохлую, збiтую ўжо бляхай котку скрыпучы навой.
— Вой, дак ты апярэдзiла мяне, — сказала яна, увайшоўшы ў хату i расшпiльваючы ад духаты тоўсты на кудзелi каптан.
— Нiчога, паспееш i ты. Вот кончым i табе паможам, — падмаргнуў ёй Мiця.
— Дзе ж тыя кросны паставiш, калi вунь абедзве ўпокат ляжаць, ды яшчэ з заразлiваю хваробаю.
— Што ты кажаш, з якой хваробаю? — Хрысця зняла з калень цяжкi, тоўсты жмут пражы, прыгнуўшыся, вылезла з-пад варштата.
— Ваўчка сёння клiкала, кажа, тыф у Еўкi.
— Няўжо? — Хрысця выпнула нiжнюю губку i вырачыла свае чорныя лупаваценькiя вочы.
— Можа, да вас трэба прыйсцi нанач. А то, няхай крые бог, набяруся якое заразы. У Еўкi блох — як пяску.
— Во праўда, сястра, даўно не начавала ў бацькавай хаце, — засмяяўся Мiця.
— Табе смех, — незалюбiла Алеся.
Ужо вечарам, калi, управiўшыся пры доме, напаiўшы i накармiўшы скацiну, яна прыйшла з Iмполем да Корсакаў, бацька пачаў чмыхаць:
— Вот яшчэ выдумляюць цяперашнiя людзi. У нямецкую вайну гэты тыф быў у Жыткоў, усе там покатам ляжалi, i ты малая бегала да iх, i нiчога, дзякуй богу…
Але бацьку перабiў Мiця:
— Ты ўжо дачцэ шкадуеш удома пераначаваць, цi што?..
— Вот табе маеш, — засмяяўся, але пачаў чырванець стары Корсак. — Няхай спiць — хаты не пралежыць.
Iмполь, цiхенька стаiўшыся, сядзеў на лаве ў канцы стала, прыглядаўся да Хрысцi. За гэтыя паўгода, як ён застаўся ў верасаўскiх прымах, Хрысця яшчэ больш паспраўнела, пахарашэў, крышку ўжо загарэўшы на першым вясновым сонцы, яе смуглявы твар з белаватым абадком каля вушэй i валасоў, дзе сядзела хустка. Хiтранька, як у малога дзiцяцi, што нарабiла шкоды, блiшчалi яе пукаценькiя чорныя, вавёрчыны вочы i няўзнак, усё болей з-за пляча, зiркалi на Iмполя. Ён, чуючы i вясёлую радасць, i нейкую вiнаватасць, перамешаную з сорамам, азiраўся на Алесю, цi не бачыць яна.
Читать дальше