Гутарку мужчыны пачыналi здалёк: то пра вясну, што, глядзi ты, змянiлася зiмою, то пра цэны на парасят, што астатнiм часам падаражэлi — не дакупiцца, а тое парася, як мыш, то пра ўчарашняе здарэнне з Цiмохавым хлопцам, што, беручы ваду, увалiўся ў Бортнiкаў калодзеж, але балазе схапiўся за ланцуг, то пра асаднiка Шумскага, што надоечы застрэлiўся.
— Ты кажаш, Шумскi? — перапытаў, падхапiўшы чужую гутарку i скрабучы замшэлае сiваю валаснёю мясiстае вуха, старэйшы тут за ўсiх Язапат Змысла. — Помню, чаму не. Дробненькi быў, вусаты, як прусак. А яна кабета спрытная, гладкая i высокая, як жарэбка. Некалi я ў iх жыта звозiў, дак яна прыйшла на поле. Акраз уцiскалi воз. Яна кажа: «Дай жа памагу», — i ўзялася за вяроўку, упёршыся нагамi ў снапы. Я з усяе моцы пацягнуў за другi канец. Яна i паехала плячамi ўнiз, а спаднiца ёй на голаў…
— Гы-гы-гы, дзядзька, на картачку цябе зняла? — зарагатаў, закiдваючы дагары голаў з доўгiм, як рашпiль, носам Бронiк Лiтавар.
— Не кажы, — пасмiхваўся i паказваў чырвоныя бяззубыя, як у малога дзiцяцi, дзясны Язапат Змысла.
— Во абляшыла, як сонцам….
— Там жа ж сцягно, братачка мой, гладкае, белае, як сыр!
Хрысця, скрывiўшыся i скоса зiркаючы на мужчын, накiнула на плечы суконную хустку, скоранька вышмыгнула з хаты.
— Стары ж Мiрон кажа: цi ў каралiхi, цi ў пастушыхi — то ўсё адно, — азiраючыся на дзверы, чапiўся да старога Змыслы Бронiк Лiтавар.
— Яблыкi бываюць аднакавыя, кругленькiя, ды смак iншы, — саромеўся i ўгiнаў голаў у старым абцёртым барашкавым каўпаку Язапат Змысла.
Мужчыны, нарагатаўшыся, выцiралi вочы, раптам прыцiхшы i спамiнаючы, пэўна, кожны нешта сваё. Покуль дзюбаносы, з шырокiмi няголенымi пашчэнкамi Ладак Чабоцька не папрасiў у Мiцi:
— Пачытай, Змiтрык, што там пiшацца ў свежай газеце, бо рогату гэтаму не будзе канца.
Мiця падступiўся, зняў з шафы пук пераломленых газет, зашуршэў iмi, выбiраючы адну, падышоў блiжай да лямпы, растапыранаю пяцярнёю падгроб навiслы кучаравы чубок, нараспеў прачытаў спярша толькi вялiкiя, на ўсю газету, чорныя загалоўкi: «Чэхi i маравы занятыя праз Гiтлера», «Чэхi паддалiся без аднаго стрэлу», «Венгры займаюць Падкарпацкую Русь», «Валошын уцёк да Румынii».
Пасопваючы ў нос, мужчыны слухалi. Нехта толькi, прыкурваючы, востра чыркнуў тоненькаю палавiнкаю расколатай запалкi, потым сiнiм дымам схукваў трапятлiвы жоўты агоньчык. Мяккаю, як растрэсенаю на верацяне, кудзеляю каля лямпы пад палiваным абажурам бэрсаўся едкi тытунёвы дым. Мiця, папярхнуўшыся ад яго, скончыў чытаць.
Падсунуўшы на лоб кепку, маленькi, што не даставаў нагамi да падлогi, Марцiн Ваўчок паскроб ногцямi патылiцу, хацеў нешта сказаць, але яго апярэдзiў Язапат Змысла:
— Дак, значыцца, гарманец ужо маршыруе па Празе?
— Як чуеш, — пакалыхаў кароткiмi нагамi пад лаваю Ваўчок.
— Чуць-то чую, але нягож вайна прыйдзе адтуль, з Нямешчыны?
— А скуль жа ж ты думаў? Нямешчына распладзiлася, а зямлi мала, няма дзе жыць.
— I ў мяне зямлi менш, як у цябе, дак я, выходзiць, павiнен iсцi на цябе вайною? — падцяў Ваўчка i засмяяўся, паказваючы верхнiя бяззубыя дзясны, Язапат Змысла.
— А хiба не йдуць? — Ваўчок падбiў вышай на лоб аб’еханую кепку, цераз плячо скасiўся на Чуваковага Петрыка — летась увесну, пасля бацькавай смерцi, не падзялiўшы з братам зямлю, той бiўся з iм насмерць, сядзеў нават у наваградскай турме.
Петрык заварушыўся, кусаў нiжнюю адвiслую губу, чуючы, як на яго азiраюцца мужчыны.
— Але я маю знак, — блiснуў прыплюшчанымi вочкамi i задраў свой чорны, што споўз на адно вуха, аблезлы каўпак Язапат Змысла. — З усходу сонца прыйдзе ўсё. Саветы будуць тут.
— Якi ж гэта твой знак? — крывiлiся ад смеху мужчыны.
— А ты што, не бачыў, як летась увосень на небе чырвоныя слупы iшлi?
— Дак гэта ж, дзядзька, было паўночнае ззянне, — умяшаўся Мiця.
— Няхай i ззянне, кажы, як хочаш! — не паддаваўся Язапат Змысла. — А я цалюткую ноч не спаў i бачыў: слупы знайшлiся над Карыцамi, акраз там, дзе на Яна ўсходзiць сонца, i схавалiся аж вунь за ведраўскiя горы. А пад самую ранiцу ўжо назад варочалiся.
— Ну i што? — задрыгаў кароткiмi нагамi Ваўчок.
— Паляцела варон сто, — адвярнуўся i пырскаў ужо слiнаю на Iкона Жытка, што сядзеў з другога боку, Язапат Змысла. — Прыйдуць да нас з усходу сонца — во што. Бальшавiке прыйдуць першыя, а потым ужо нямцэ.
— Прыдумляеш невядома што! — абцёрся рукою Iкон Жыток.
— Хай сабе i прыдумляю, а вот убачыш — на маё выйдзе!
Неўпрыцям, чапляючыся слова за слова, плялася гутарка.
Мужчыны, абкурыўшы хату, што пахла ўжо, як люлька сосам, сядзелi б да поўначы, каб iх не прагнала, вярнуўшыся з сяла, Хрысця.
Читать дальше