Камiсар адказаў не адразу. Уважна пазiраў на жанчын, але думкамi быў дзесь далёка.
— Пачакайце, я вас зараз задаволю…
Пры гэтых словах узяўся за тэлефон. Гаварыў цiха й коратка. Лiтоўскiя сялянкi не дайшлi ладу ў размове гэнай.
— Хадзiце са мной! — загадаў, апрануўшы шынэль i шапку.
Iшлi галоўнай гацкай вулiцай. Маршалкаў — сьпераду, жанчыны — пару крокаў ззаду. Маўчалi. Бальшавiк павярнуў перш на станцыю, пасьля перасек пляц да шырокага ходнiка, што цягнуўся ўздоўж двух- i трохпавярховых будынкаў, крытых чырвонайа чарапiцай, дзе некалi" ужэнднiкi" й «каляяжы» жылi. Аўдоля першая зiрнула на вялiзную шэрую, з каменя, мусiць, высечаную фiгуру на падстаўцы, што стаяла на цэнтральным месцы малога парку ля вакзалу.
— Глядзi во, — таўханула Аксеню.
Пiлiпава жонка абыякава зiрнула на помнiк чырвонаму дыктатару.
— Скора-ж усьпелi, — сказала.
Ад каменнага твару Аксеня зноў угледзiлася ў сьпiну Маршалкава, быццам там намагалася прачытаць што ў недалёкай будучынi здарыцца. Афiцэр iшоў шпаркiм i роўным вайсковым крокам, рэдка азiраўся. На станцыi стаяў даўгi таварны цягнiк, войска высыпала зь цяплушак на плятформу. Некаторыя несьлi ў кацялкох вар, а ў руках — аграмадныя белыя камякi.
— Што гэта ў iх у руках белае, ягодка?
— Цукар, мусiць.
— Такiя вялiкiя кускi цукру? — зьдзiвiлася Кмiцiха.
Лязгат буфароў, скрып тармазоў, галёканьне паравозаў, смурод дыму, гамана сотняў людзей. Вялiзны вайсковы мурашнiк ладна павялiчыў цяпер значэньне навет i раней рухавай станцыi. Iшлi на ўсход. Жанчыны спасьцераглi каля дамоў грузавыя аўтамашыны, людзей у мундзiрах чыгуначнiкаў. Некалi добра дагледжаныя, цяпер рыжыя траўнiкi скалясiлi грузавiкi. Скрозь ляжалi паламаныя платы, кучы хламу.
Маршалкаў павярнуў налева, на дарожку абсаджаную гонкiмi маладымi таполямi. Глыбака ў гушчы дрэваў схавалася прыгожая вiльля. Належала яна калiсь багатаму пану Вiлiнскаму. З таго боку чыгунак ягоныя абшырныя i ўрадлiвыя землi прымыкалi аж да мястэчка. I вiльлю гэту, i самога пана жанчыны бачылi раней.
— Куды-ж гэта ён нас, ягодка?
— Нехта, мусiць, надта важны ў гэтым доме жывець, — адказала Аксеня.
На дварэ стаялi аж тры легкавыя машыны й адзiн грузавiк. У ваднэй машыне ззаду сядзела двух у шапках з малiнавымi аколышламi. Адзiн чалавек, мусiць шафёр, нешта калупаўся пад адкрытым верхам аўта сьпераду. Маршалкаў адчынiў дзьверы двухпавярховай вiльлi, прайшоў калiдорам i пастукаўу дзьверы зь левага боку. Не пачуўшы адказу, лёгка прачынiў дзьверы, зазiрнуў у сярэдзiну й кiўнуў жанчынам.
— Сюда! — загадаў.
Жанчыны ўвайшлi ў вялiкi пакой.
— Сядайце, я зараз, — сказаў адрывiста й пакiнуў жанчын.
Адна-адзiная электрычная лямпачка млява асьвятляла абклеены шэрай паперай пакой. На стале стаяў тэлефон, ляжала кнiга ў чорных вокладках, у куце — трохножная вешалка. I ўсё. Шэрасьць закрывала шчыльная ваконная фiранка. А чалавек зь ледзяным зрокамзаймаў пачэснае месца на сьцяне супраць лавый бяздушна пазiраў у нейкую нявызначаную даль. На калiдоры раптоўна пачулiся, а пасьля ацiхлi крокi й галасы. Нехта доўга й марудна бубнеў за сьцяной. Часам спыняўся, пасьля зноў прадаўжаў памяркоўным тонам. Што й каму гаманiў гэты голас, адгэтуль цяжка было разабрацца.
— Куды гэта ён нас, ягодка, прывёў?
— Ынкавэдэ, мусiць… Вiдзiла гэных двух, што ў аўтамабiлi сядзелi, у шапках з малiнывымi аколышкамi?
— Дык гэта яны? Каб чаго, ягодка, кепскага, нi дай Божа…
— Як гэта кепскага? А за што нам такога кепскага?
— Ды хто-ж, ягодка, угадаiць iх…
Пачулiся на калiдоры шпаркiя крокi. Шырака адчынiлiся дзьверы i ў пакой увайшоў кручканосы чалавек сярэдняга росту ў сiнiх галiфэ й зялёнай кашулi. Не зьвярнуўшы на жанчын нiякай увагi, адсунуў крэсла, сеў ля стала, надзеў на кручкаваты нос акуляры i ўгледзеўся ў вадчыненую кнiгу ў чорных вокладках. Блеск сьвятла зьзяў на брытай, круглай як арбуз галаве. Аксеня цiханька кашлянула, але чалавек той прадаўжаў трымаць нос у кнiзе. Так прайшло хвiлiн, мусiць, пяць. Жанчыны неспакойна пераглядалiся, ня ведаючы як разумець абсалютную абыякавасьць да iх кручканосага чалавека за сталом. А той нарэшце закрыў кнiгу й пачаў павольна разглядаць iх. Цёмнарудыя вочы й маска-твар не давалi нiякага знаку пра тое, што адбывалася пад гладка брытым чэрапам. Зь кiшэнi ён выцягнуў сярэбраную папяросьнiцу, улажыў у рот даўгую папяросу й пстрыкнуў запальнiчкай. Зiрнуў на сто, падняў трубку тэлефону.
— Георгий Иванович? Пепельницу у меня убрали. Да, если можете, в номере три…
Читать дальше