— Каму гэта сена косiш, Пятро? — спытаў Мiкола.
— Га? Ды во сабаку кудлатаму. чорту лазатаму ды яшчо таму-сяму.
Дзяцюк голасна зарагатаў.
— I многа ўжо накасiў? — сур'ёзна спытаў Мiкола.
— Эгэ колька… Вялiкi стог накасiў, цэлую пуню навазiў, дзьве кладнi натаптаў i суседу трохi даў… гэ-гэ-гэ…
Недарэчнасьць Захарукова сына найбольш увыдатнялася ў яго дзiцячым, прастадушным сьмеху з найменшай дурнiцы. Часта забаўляўся складаньнем сугучных словаў i асаблiва сьмяяўся-цешыўся, калi рыфмаваньне лёгка да гутаркi трапляла. Гэтак, як цяпер.
— Чуў, што ў Вульляны бальшавiкi курэй ловяць? — забег Пятро наперад Мiколу. Ягоныя звычайна няпрысутныя, дзесь пазiраючыя воддаль вочы цяпер заварушылiся жвавей. Рад быў вялiкую навiну Мiколу перадаць. Якраз папярэдзiў Бахмачовага сына, бо пра гэта хацеў дзяцюк пытацца.
— У Вульляны? — перапытаў Мiкола.
— Няўжо-ж… Лавiлi ды ўсiх нi палавiлi, дзьве ўцякло i мне папало, лепятаў Пятро.
— Ну ты, Пятро, нi выдурняйся, скажы хто курэй ловiць!
— Хто ловiць? Гэ-гэ-гэ! Ты многа знаць хочаш i скора састарэешся, гы-гэ-гэ…
— Нi выдурняйся, кажу! Скажы, хто курэк ловiць! — падняў Мiкола голас.
— Ну добра, табе, добраму чалавеку, скажу.
Ён азiрнуўся ў вадзiн канец вулiцы, у другi, быццам высьцерагаючыся, каб нiхто вялiкае тайны не пачуў.
— Кажы, — спанукаў Мiкола.
— Ловiць гэты камбедавiц Сымон i нейкi бальшавiк у чорным, каторага можа з Гацяў прыслалi…
— Ага, во як. I што робяць з тымi, каторых зловяць?
— У мяшок iх кiдаюць ды на рынак вязуць, гэ-гэ-гэ, — рагатаў дзяцюк. Пры тым рагатаньнi так шырака адчынiў рот, што сьлiна тоненькiм шнурком на яго падбародак пацякла.
— Кажу, нi выдурняйся, Пятро, — крыкнуў злосны Мiкола, — кажы, як ёсьць!
Пятро раптам спаважнеў, азiрнуўся на два бакi вулiцы, выцер сьлiну з барады.
— Сьпiсваюць усё чысьценька, — сказаў цiха й спакойна.
— Сьпiсваюць, кажаш?
— Ага, сьпiсваюць.
Мiкола задумаўся, правай рукой адгарнуў на бок даўгiя валосы, уважна зiрнуў Захаруковаму сыну ў вочы. Той спаважнеў, мовы ня было.
— Значыцца, што сьпiсваюць?
— Кажу ўсё: сьвiньней, курэй, авечак, цэлую гаспадарку.
— I гэты бабыль Пятух, кажаш?
— Ага.
— Каб яго зiмля нi насiла! — падняў Мiкола голас. — Ну а нi казалi, навошта яны сьпiсваюць?
— Нi знаю, — адказаў дзяцюк. Ён рушыў пад Зянькевiчаў двор, зьбiваючы палкай крапiву ля тыну.
Мiкола азiрнуўся. Дзе падзелiся куры? Некаторыя-ж пэўне пралезьлi ў доктараў агарод, а iншыя мо пад клець схавалiся.
— Мiкола!
— Га?
Ля тыну стаяла Алесява Надзя.
— Што новага чуў? Можа Пятро што казаў? — спытала.
— Так, казаў, што ў Вульляны нейкi бальшавiк i наш гультай-абармот Пятух пiрапiсваюць усё чысьцiнька.
Ён коратка пераказаў Надзi, што пачуў ад Пятра.
— Можа-б ты падыйшла ды паглядзела, што там робiцца, га? — прасiў Мiкола дзяўчыну, — бо я сам дома й нi хачу, каб наляцелi. Бацька казаў курэй палавiць, толька чатыры пакiнуць, алi я мусiць рады нi дам. Ды можа яны прыйдуць заўтра, дык я iх сягоньнiка на курасаднi цапну.
— Калi хочаш, памагу, — запрапанавала Надзя.
— Ды мусiць не. Лепi iдзi, паглядзi, што робiцца. Бо хто яго гэтага Пятра знаiць, цi праўду ён казаў.
— Добра, падбягу, — рушыла зь месца дзяўчына.
— I яшчо адно, — сказаў Мiкола.
— Ну?
— Калi ўвiдзiш дзе Янука, — ён даўно са Стасем у гэны бок пашоў, - дык скажы, каб зараз-жа дадому йшоў. Добра?
Надзя рушыла ў вёску. Ля Ўладзiмера Пятуха клецi ўбачыла Янука, Стася ды Антося Дзеркача. Спынiлася.
— Янучок, Мiкола прасiў, каб ты дамоў iшоў.
— А што там такога пiльнага?
— А што гэта? — зьдзiвiлася Надзя, зiрнуўшы на прыбiтую да сьцёны газэту. У цэнтры бачыны, на самым пачэсным месцы здымкi, падтрымлiваны iншымi, стаяў дзед Якуб.
— Вiдзiш сама, — адказаў Янук, — дзеда во на выбарах зьнялi i ў iхную газэту трапiў. Гяр-рой, брат, дзед наш!
— А што тутака пiшуць? Адкуль газэта? Можа ты, Антось, прачытаеш?
— Газэта з Глыбокага, — падказаў Янук.
— "Глыбоцкая праўда" — сказаў Антось. — А пiшыць, што наш дзед Якуб сам першы выйшаў, цi проста выбег у гэны дзень на iхныя выбары. Так каторы чалавек, як гэта прачытаiць, дык падумаiць сабе, што наш стары дзед цэлых сто гадоў на гэныя выбары чакаў i цэлую ноч нi спаў, так-жа яму гэта нi цярпелася. Калi-ж першыя пеўнi гукнулi, дык ён бегам кiнуўся Косьцiка й Лявона выбiраць.
— А нявестка праклiнала, што старога й хворага гультай Пятух з пасьцелi сьцягнуў, - сказала Надзя. — Кажаш, тут пiшуць, што ён гэта сам i зь вялiкай ахвотай галасаваць нiбы за iх пабег?
Читать дальше