— Пiрастань, кажу! — сыкнула дзяўчына на бальшавiка й плёснула па дакучлiвай руцэ.
— Ну да ты чаво эта, — не адставаў жаўнер, — я люблю тебя.
Маскаль дыхаў гарам гарэлкi.
— Трэба ты мне, палюбоўнiк гэткi, ха-ха-ха! — зарагатала дзяўчына. Напiўся, чорт, ды прылiп…
Дуня прыглядалася пары, зьбянтэжана зiрнула на Янука.
— Мой дзяцюк во саўсiм нясьмелы, а ты свайго адагнаць ня можаш, усьмiхнулася Макатунiшка.
Гулкi баян пачаў iмклiвую польку. Мiгам Дуня станула перад Януком i цягнула яго за руку.
— Ну хадзi пакуль мяне каторы пацягнiць! — спанукала.
Януковы ногi зусiм ацяжэлi. Колькi разоў нязручна ступiў, намагаўся трымаць такт. Дуня затрымала яго.
— Глядзi во на мае ногi. Добра? Цяперака пачынай: раз, два, тры, раз, два, тры. Iдзi левай наперад, дастаў да яе правую, а тады левую. Ну гэтак. Вiдзiш, як лёгка? Ну я цябе буду вясьцi. Пачынаем: ра-аз, два, тры. Ды ты нi сьпяшы толька. О так… вiдзiш?
Янук вачмi сачыў дзяўчынiны й свае ногi. Дуня цягнула яго за сабой i намагалася згарманiзаваць нязграбныя Януковы крокi са сваiмi.
— Ну як? От вiдзiш, ужо добра патрапляiш. Болi ў каленях гнiся, ня тое, што як на калках якiх… о так…
Здавалася, што ўжо быў у гэтай першай лекцыi нейкi прагрэс. I калi-б, Янук канцэнтраваўся на танцы, мо ўсё добра абыйшлося-б. Трэба-ж было яму назад азiрнуцца, можа ўпэўнiцца цi цэнтрам увагi ён ня стаў. I запраўды, некаторыя зь цiкавасьцю пазiралi на юных танцораў. Янук зьбянтэжыўся, неяк раптоўна адубелi ногi, душна зрабiлася. Якраз калi Дуня намагалася крутнуць яго, як мядзьведзь ступiў ей на правую нагу. Дзяўчына ахнула з болю, моцна скрывiўся вясёлы да гэтага часу тварык.
— Цюхцяй, ты! — сыкнула на Янука. — Мядзьведзь, каб цябе!
Яна злосна адпiхнула хлопца й пакульгала да лавы. Янука як варам аблiло. Пазiраў на зьзяючы прыгожы чаравiчак i здавалася ў млосны момант сораму й зьбянтэжаньня, што каб мог, дык зьдзеў-бы ягой пацалаваў-бы пакрыўджаную ножку. Але найбольш апяклiя яго рашчараваныя, балючыя васiлькi.
Янук ня кiнуўся памагчы дзяўчыне сесьцi, прасiць прабачэньня. Адно ў тым зьбянтэжаньнi ўбачыў, што калi будзе мiж танцораў стаяць дык з ног зьбiць могуць. Здалося яму, што цяпер ўсе абвiнавальна глядзяць на яго, як на якога злачынцу, каторы дзяўчыну скалечыў. Ад сораму закружылася галава й Янук пасьпяшыў да выхаду. Азiрнуўся пераз плячо й спасьцярог як ля Дунi мiльганула квяцiстая сукенка Клавы. Калi мецiў у шырака адчыненыя дзьверы, здалося, што за плячмi, разам з баянам, тросься ад гулкага рогату доктараў Стась.
— Каб на вас каршун! — крычэў Мiкола на курэй. — А калi нi каршун, дык бальшавiкi нiхай вас пажаруць, от як!
Мiкола затрымаўся, каб паветра злавiць. Колькi нi ганяўся нiяк ня мог курэй у хлявушок накiраваць.
— Глядзi-ж, Мiкола, палавi ўсiх, пакуль пiрапiсваць прыдуць, толька чатырох пакiнь, — наказваў бацька.
— От ты тутака й палавi. Цьфу на вас! — злосна плюнуў дзяцюк. Балела нага й падбiты палец. Ганяючыся за курамi, у камень недзе стукнуў. I брала злосьць на Янука й бацьку. Брат недзе адыйшоўся, а бацька ў Гацi пайшоў пра млын праведаць. Змогся пры жорнах.
А перапiшчыкi, як чуваць, на другiм канцы вёскi былi. Каб сяньня ня прыйшлi, добра было-б. Зьлятуцца куры на курасадню, пайшоў — цап за хвост, ды схаваў дзе ў бясьпечнае месца, пакуль гэта трасца мiне. Ня тайнай у вёсцы было, што кажны гаспадар як мага больш дабра ад вока "народнай улады" стараўся схаваць. Дзiва што! Калi пайшлi па вёсках пярэпiсi, адразу насьцярожылiся сяляне. Гэта-ж пад панскай уладай нiчога падобнага людцы нi бачылi. Ужо каторы бедны падаткаў ня мог заплацiць, той дрыжэць пачынаў. Зьяўляўся ў хату й апiсваў усё, да апошняй iголкi, гэтак званы саквiстратар. Пасьля ўсё тое мiзэрнае дабро за няплачаныя падаткi забiралi. Агулам-жа падатак ад зямлi бралi, статку й птушку нiхто ня сьпiсваў. Гэтта-ж кажную гусь, качку, курыцу, авечку, — не гаворачы пра большае, — ўсё пагалоўна сьпiсвалi. А навошта iм гэта?
Мiкола забыўся пра курэй, абапёрся на тын i з агароду, што за клецяй, пазiраў на вулiцу. Сонца хiнулася з паўдня, засела ў нейкай млява-шэрай гушчы. Зраньня пакапрысiў прымаразак, пасьля адпусьцiла. З захаду зацягвала неба й пачынаў варушыць вярхамi доктаравых клёнаў вецер. Дзесь над балотам крычэлi жураўлi. Далёка плыла журботная туга па пакiданай бацькаўшчыне. Мiкола намагаўся знайсьцi ключ, але нiяк ня мог спасьцерагчы дзе ляцелi ў падарожжа птушкi.
Па пустой вулiцы, з-пад Якубавай хаты нетаропка шкандыбаў Захарукоў Пятро. У правай руцэ трымаў даўгую палку, зьбiваў ля плоту ўжо шэрую ад першых замаразкаў крапiву. Гэтак заняты, ён не заўважыў як параўнаўся зь Мiколам.
Читать дальше