Дваiўся ў Пракопавай галаве сьвет. З аднаго боку — вялiзная прынада спорнага кавалка ўрадлiвай зямлi. Мара пра зямлю ўжылася, уелася ў жывое сялянскае цела й сьведамасьць з пакаленьняў далёкiх. I цi-ж запраўды Ўсемагутны наканаваў яе зьдзяйсьненьне сьцiпламу й працавiтаму Пракопу? Вунь-жа перад iм, як вокам абняць, вялiзныя, урадлiвыя, жыцьцядайныя панскiя гонi. Колькi-ж папацеў на iх пры працы на чужога прыблуду! Цяпер-жа во ягоныя хаджалыя, вытрывалыя ногi скора ступяць на гэныя гонi. Адмеруць яму ладны кавалак i вось у гэты незабыўны дзень Пракоп назаве сваiм, для сябе й нашчадкаў на векi вечныя.
I тачыў Пракопава эмацыянальнае нутро, не даваў супакою думкам чарвяк трывогi. Як пагадзiць адносiны двух мясцовых злыдняў да яго з новымi парадкамi зьверху?
Не магло быць сумлеву, што бальшавiкi бедным сялянам зямлю давалi, паноў лiквiдавалi. Значыцца, сумленна працуй, старайся, дык i табе й людзям будзе ўволю. Гэта-ж вунь пазаўчора, зь Беластоку вярнуўшыся, абедзьве «косткi» пра гэта расьпiналiся. Праўда, плявузгалi й iншыя, — насамперш Маршалкаў — i раней, ды нiхто зь iх не называў часу калi нарэшце абяцанкi зьдзейсьняцца. Гэтыя-ж во насамперш шырака пастановы беластоцкага сходу размалявалi, слова ў слова прачыталi ўсё, што было прынята для паляпшэньня долi сялянскай дый зараз узялiся тыя пастановы ў жыцьцё праводзiць.
Затуканаму-загуканаму мужыку, якога чужыя й свае паны стагодзьдзямi абскубалi, можыш нагаварыць мiльёны прыгожых слоў i яны нiчога ня будуць значыць у параўнаньнi з прыгоршчамi ягонай уласнай урадлiвай зямлi. Няхай яго сабе зь няверным Тамашам побач паставяць: не дакранецца рука зямлi дык i не паверыць.
Лёгка пераплюнеш бiблiйнага недаверка, калi брату твайму сярмяжнаму зь няпамятных гадоў розныя прыблуды сёмае неба абяцалi, а ўсё да гвалтаў i рабункаў зводзiлi. Дзiва няма, што й абяцаньнi "улады народнай" сяляне адразу пад абстрэл узялi. Вывялася-ж яна з таго самага кодла, дзе некалi спачатку ўзбуйнеў i растучнеў, а пасьля прадзедаў iхных у прыгон загнаў сама ненажэрны й прагавiты «самадзержац». Праўда, тупее гадамi памяць людзкая й мала дзе ў краiне пагвалчанай жылi яшчэ сьветкi таго найбольшага й найжахлiвейшага народнага паўстаньня. Лiтоўскi-ж патрыярх Якуб — атожалак часоў сiвых-бурлiвых, звычайна маўчаў, але пры нагодзе патрапiў раскалупаць балючую рану народную. I за што тады змагалiся? За волю, за кавалак зямлi свае, за тое, каб маскаля пазбыцца… Колькi яшчэ песьняў з тых часоў датрывала…
Мо й прыйшоў нарэшце зьдзекам канец? Мо й запраўды перамянiлася на лепшае? Мо й сам згрыбелы дзед лiтоўскi дачакаўся адплаты за ахвяры паўстанцаў Калiноўскага, мо й нарадзiлася тое вечна чаканае, нiколi неасягальнае "сьветлае заўтра"? А можа гэта ўсё — стары хвальш i абман у новай хворме?
Разважаючы такую магчымасьць, — а была яна надзiва рэальная, — аблiваў Пракопа пот сьцюдзёны, цяжка валачылiся наперад ногi i ў вачох цямнела. Кволае здароўе ледзь давала вытрымку такiм духовым выпрабаваньням. Калi-б не насеў Алесь, не пайшоў-бы, мусiць, на падзел зямлi.
— Плюнь ты, швагрок, на басякоў гэтых. Яны-ж толька тое робяць, што iм зьверху загадаюць, — тлумачыў Алесь. — Гэта-ж ня Косьцiкава й Лявонава ўласьць, а новая, савецкая, каторая ўсiм чысьцiнька, што працуюць зямлю во даць хочыць. Ну а як даюць, казаў той, дык бяры…
Пракоп уважна зiрнуў на швагру. Гаварыў той самы чалавек, каторы нядаўна яшчэ так камплетна й згодна патакiваў яму, што басякi свае й чужыя да ўлады дабралiся. Неадступна назаляў вочы пабiты напокуцi абраз Прадславы й аж цяпер трасло жыватом пры згадцы сьмярдзючай самагонкi, каторую сiлай лiлi.
"Калi даюць, дык бяры, а як б'юць, уцякай". Разумная, цi нi адвечная, ад калыскi прыжытая праўда. Адно-ж — процiлежнасьцi.
Уверх дном нейкую вялiкую жыцьцёвую пасудзiну перакулiлi. Вазьмi хаця млын той. Жорны бакамi вылазяць. Гэтта ў памяцi шматразовыя вандраваньнi на млын у Гацi i ў Докшыцы, гэтта й сьлязьлiвы, змораны Сявенька, гэтта й шчодрыя дакоры й балючыя пытаньнi. А прыгадай бясконцыя чэргi за нафтай, хлебам, сольлю, цукрам, не гаворачы ўжо пра якi трант, каб цела прыкрыць. Што гэта? Парадак цi арганiзаваны хаос? I як знайсьцi цэлы корань ладу нейкага, калi з аднаго боку няспынны паток абяцаньняў бурлiць, а з другога галеча й безгаспадарлiвасьць.
Лягчэй было-б Алесю ў новыя парадкi цi беспарадкi ўжыцца. Нiдзе далёка ад вёскi нагой ня ступаў, а хоць i кемлiвы быў мужчына, вока ягонае так далёка як Пракопава, не сягала. Ня быў Алесь на працы ў Петраградзе, ня зьведаў нiякага далёкага сьвету й не пацярпеў ад мясцовых двух злыдняў. Пракопу-ж абрыдзеў i вялiкi, чужы горад i куды больш дапяклi, чаго ў магiлу не загналi басякi гэтыя.
Читать дальше