— Здарова, мужчыны, — гукнуў Бурак.
— Здароў, Паўлюк.
— Вiджу гэта, што мой начальнiк мусiць ужо адрэзаў вам па добраму куску. Як яно тут?
Ён абапёрся на таўставатую аздобную ляску й пазiраў то на мужчын, то на гонi, то пад лес, дзе трымалася галоўная грамада.
— Ды-ж адрэзаў, ага, — адказаў Алесь.
— Гэттака-ж во мусiць цi нi самая найлепшая зiмля, — гаварыў Бурак. Як гэта яна вам папалася й чаму вам?
Алесь зiрнуў пытальным зрокам на Пракопа.
— Як тутака табе сказаць чаму… Ды во пачалi дзялiць па фамiлiях, як яны па алфавiця йдуць дык i папалася, — паясьнiў Пракоп.
— Ага, от яно як. Добры-ж, надта добры кусок. Хто-ж гэта нi знаiць, калi пры дарозе во, на воку ўсiм…
У Бураковых шэрых вачох успыхнула iскрынка цi то зайздрасьцi, цi прагавiтасьцi. Рэдка бачылi людзi гэтага мужчыну ў грамадзе i яшчэ радзей гаспадарыла ўсьмешка на ягоным твары.
— Ну а сам-жа бярэш? — спытаў Алесь.
— Гэта зямлю, цi што?
— Ага, зямлю.
— А думаеш, што дадуцць i мне?
— Ну а чаму-ж не? Свой-жа начальнiк, як сам ты сказаў, дык чаму-б нi далi… Кажуць-жа, што даюць кажнаму, колька хто захочыць.
— Гэта ты, Алесь, зь мяне кепiкi строiш, цi што?
Сухi кашаль вырваўся гвалтоўна. Паўлюк нахiлiў каўнер, зашпiлiўся. Кашаль трываў даўгавата. Неяк дзiўна зiрнуўшы на мужчын, бяз слова на адыход, Бурак пашкандыбаў у той бок, дзе трымалася большая грамада.
— Кажух во новы з кубла выцягнуў, мусiць, бо кашаль пярыць. Нябось, прагавiтасьць цi ня мерку пiрабрала ды сiлаў нi стаець. Цi нi хацеў-бы во яшчо зямлi кусок, але нашто яна яму ўжо, — гаварыў Алесь, калi пайшоў Бурак.
— А цi ён-жа мерку знаiць? — спытаў Пракоп.
Сявенькава Марыля таўкла ў ступе мак. Ступа стаяла ў куце ля дзьвярэй i жанчына часта пазiрала на маленькага сына Валодзьку, што забаўляўся зь ягняткамi. Пазаўчора акацiлася авечка й муж прынёс двое чорненькiх, зь белымi залысiнкамi, ягнятак у хату, каб пазабаўляўся сынок. Цяпер дзесь з аўчарнi далятала голаснае бляяньне маткi.
Упарадкаваўшы ранiцай статак, Сявенька напакаваў два мяхi рознага дабра й павёз да Жыда ў Гацi, каб на нафту, соль цi цукар памяняць. Пакуль новыя ўлады не забралi прыхаванага, ў знаёмага крамнiка мусiлi трымацца запасы. Сявенька мяркаваў, што лепш было зайсьцi праз заднiя дзьверы, або й пераплацiць, чымся гадзiнамi ў чарзе пры дзяржаўным «гарпо» калець ды можа з пустымi рукамi дамоў вяртацца. Ды каму-ж у тую чаргу йсьцi? Собiла людзям сем'i большыя мець. А дзе возьмеш час, калi сам адзiн у гаспадарцы? Таму здавалася Сявеньку, што найлепшым быў шлях замены тавараў воддаль ад вока людзкога.
— Сынок, ты-ж памаленьку, ня душы iх! Што-ж ты робiш?! Я-ж цябе!
Марыля падбегла да замурзанага Валодзькi, каторы моцна ашчаперыў ягня за шыю. Мацi выхапiла яго й паставiла на кволыя яшчэ ногi. Лёгка, шкадуючы, дала малому па руках i пагрозьлiва памахала пальцам.
— Кажу табе, няможна душыць, нiхай бегаiць! Ато бiць буду, во!
Валодзька-пястунок, прыгожы кругленькi нямыцька, зарабiўшы ад маткi па руцэ, скрывiў вусны й зморшчыў твар.
— Ну нi плач, нi плач, золатка, ня трэба, — патолiла матка, схiлiўшыся на паўзунком. Малы слаба яшчэ на нагах трымаўся.
— Кажу-ж табе, гуляй зь ягняткамi, алi нi душы iх. Ды iх во можа лепi да маткi было-б… чуеш во, як бляець…
Марыля адной рукой трымала ягня, а другой гладзiла сына па галаве.
— Глядзi во, якая пекная авечачка. Ну скажы, як авечачка маму клiча: мэ-э-э-э-э-э!
Шустры Валодзька не хацеў, мусiць, паўтарыць, як ягнятка маму клiча. Ён хутка падпоўз да ягня, згроб яго за ногi й моцна, зь вялiкай адданасьцю прытулiў да сябе. Ягнё пачало вырывацца, колька мага сiлаў.
— Кажу-ж табе, нi душы! Ах ты, смаркач нiпаслухмяны!
У прыплыве раптоўнай злосьцi Марыля схапiла хлапца й адвесiла поўнай даланёй па азадку. Сынок-пяштунок быццам гэтага й чакаў. Як на сыгнал, ён залямантаваў голасна.
— Ну нi крычы-ж во, як-бы цябе хто на кавалкi рэзаў. Чорт яго ведаiць, бацьку гэтага… казала во, што болi бяды, чым пацехi будзiць… нашто было прыносiць? Тая ў хлеве горла дзярэць, а гэты ў хаце. А ну вас!
Марыля жвава павярнулася падбегла да лавы, зьняла ручнiк зь дзежкi й зiрнула ў сярэдзiну яе, цi падыйшло цеста.
— Трэба во канчаць мак таўчы, булкi рабiць ды ў печ садзiць, а ты мне нi даеш, — махала Марыля пальцам на сына. — Колькi разоў назаляла язык, прасiла бацьку, каб таўкач меншы зрабiў, бо гэты чаго руку нi адравець… Ну гуляй, сынок, гуляй.
Валодзька сядзеў пасярод хаты на чыстай жоўценькай падлозе, цёр вочкi, недаверлiва паглядаючы то на матку, то на ягнят, што бляялi й церлiся адно ля другога ў куце пад сталом.
Читать дальше