Ад Зянькевiчавай хаты Косьцiкаў зрок пералез на дзьве вялiкiя сасны на могiльнiку, але там ня спынiўся лiчыць нi варон, нi груганоў, а павандраваў аж да малых Брунiськавых будынкаў, што на вясковай мяжы пад панскi лес схавалiся. "Грыбнiкi, такую вашу маць, у лесе сiдзяць! Людзi свае, здаецца, навiт разу пунi далi пiраначаваць, калi зiмля пад нагамi гарэла. Ды чорт вас, панскiх рымскiх каталiкоў, знаiць… сiрмяжнiкi-ж, здаецца, бiда, як тое сала ў Шпуньцiхi на скаварадзе, сквiрчыць, а iх да панскай айчызны цягнiць… Будзь разумным, разьбiрайся. Ды нiчога, народная ўласьць разьбярэцца…"
Прыгадаўшы ўладу, выпрасталася Косьцiкава ацяжэлая галава, падбадзёрылiся падношанае, ранiцай так зьняважанае пры браме, гэна гэройскае «я».
Трэба-ж шпiёнаў. як тых клапоў, са шчэлак павыкалупваць, ды папрыхлопваць каторых. Можа ад гэтай мэнды — дзiравага шляхцiца пачаць. Ды там недзiка лiста…"
Саладзiў Косьцiкава сэрца водгалас вайсковае калёны з гасьцiнцу. "Вось для чаго жыў i змагаўся," — думаў дзяцюк. Моцна засьвярбела галава. Сабакевiч пакалупаў у сваiх буйных, растрэпаных валосах, ды з-пад чорнага ногця выкiнуў на карэлую даланю вялiзную шэрую, зь цёмным хрыбтом, вош.
— Цьфу ты, нiнажэрная контра! Пралiтарскую маю кроў п'еш! — вылаяўся ён. — Я-ж на цябе мачыху напушчу, абаждзi!
Згадка пра мачыху нарадзiла думку, што пры першай нагодзе трэба наведаць лазьню, добра выпарыцца й выхвастацца добрым бярозавым венiкам, аж да чырвоных рубцоў на скуры, ды зьмянiць бялiзну. А сяньня яшчэ трэба гутарку з бацькам мець. З маладых гадоў неяк ня клеiлася зь iм. Кулацкае кодла, зусiм ачарсьцьвеў стары Бурак.
Яшчэ раз зiрнуўшы на нiвы, пакалупаныя бульбянiшчы, кiнуў вокам на Архiпа, непадалёк пахiлены Гаравацкi крыж, засьценак Лазоўскага з другога боку, ды вольным крокам паклыпаў да Макатунiшынай хаты.
У дварэ кiнуў на прывiтаньне задрыпанае «здрасьця». Людзi глядзелi на нябрыты твар, пачырванелы шрам на лбе, мутныя вочы, расшпiлены паўсуконны шэры пiнжак, раськiданы чуб валасоў. Дзяцюк спынiўся, павольна агледзiў сабраную грамаду, ды рэзкiм голасам гаркнуў:
— Ну чаго паказелiлi вочы? Першы раз мяне вiдзiця, цi што?
Жанчыны пераглянулiся. У такой загадкавай сытуацыi нiхто ня ведаў як рэагаваць на Косьцiкавы словы. Прывязаны ля хлева Захарукоў конь касавурыўся на свайго гасппадара. Дзьве шэрыя курыцы разграбалi гной. У загарадзе церлася аб плот худая Макатунiшына карова. Пра яе, вiдаць, сяньня ўсе забылiся. З мужчын вясковых быў тут нязьменны ў сваiм выглядзе Захарук, Сымон Пятух са сьмярдзючай папяросiнай у зубах, ды Антось Дзяркач зь неадлучным кiем. Стаялi ля дзьвярэй у хату й Сабакевiч падыйшоў да iх.
— Што гэта тутака робiцца? — спытаў.
— От, праўду сказаць, нiчога, — адказаў Захарук. — Старая недзiка па Слабодзкага папа пабегла, а Дуня — сваяком наказаць. У хаце Алена з бабамi. Мы от гаварылi гэтта, што нiма з чаго дамавiну зрабiць, сам знаiш…
— Я бацьку папрашу, у яго дошкi далжны быць, — адказаў Косьцiк. — Ты кажаш, што старая па папа пабегла? Начорта поп той! Савецкая ўласьць папоў нi знаiць, от што! Параска за што галаву налажыла, як ты думаiш?
Косьцiк наўмысна падняў голас, каб iншыя чулi. I запраўды жанчыны вушы наставiлi.
— Я-ж… сам ведаеш, маё дзела гэтта збоку. Пахароны — дзела сямейнае, — адказаў Захарук. — Як яны хочуць… ды неяк нiпалюдзку яно было-б. А хто-ж Макатунiсе загадаiць?
— Як то хто? Той хто ўласьць маiць, дык той i загадаiць! — адрэзаў Косьцiк. — От паехаў Хвёдар iзь Лявонам да парцiйнага сакратара ў Гацi. Што той скажа зрабiць, тоя й будзiць.
— Ну рабiце-ж, воля ваша, — зварухнуў плячыма зьбянтэжаны такой рэзкасьцю Косьцiка Захарук. Выцягнуў бярозавую табакерку з горадзенкай i ўзяўся круцiць папяросiну.
— Дзядзька Захарук, — зьвярнуўся камунiст лагаднейшым тонам, — калi мой бацька дошак дасьць, дык возьмiцiся дамавiну зрабiць?
— Чаму-ж не. Некаму-ж трэба, сама ня зробiцца. Во Антось i Сымон памогуць мне.
Пры Захаруковых словах жвавей забегалi рудыя Пятуховы вочкi й карэлая рука выцягнула даўгi сьмярдзючы цыбук з роту.
— Дык гэтага-ж… я, знацца, нiколi такога нi рабiў… нi дам рады, адмаўляўся вясковы абiбок.
— Рубанак умеiш у руках дзiржаць? — спытаў Захарук.
— А калi ўмею, дык што?
— Цьвек малатком умееш убiць?
— Хто-ж ня ўмеiць…
— От вiдзiш, толька ахвоты трэба. Пэўне-ж яшчо й дошку пiлой можаш адрэзаць. А за хворму вазьмуся сам.
— Зробiм, нi сьвятыя гаршкi лепяць, — усьмiхнуўся Дзяркач.
— Добра тады, — сказаў Косьцiк — астаецца толька каго знайсьцi, каб яму выкапаў. Цяперака зайдуся паглядзець што ў хаце робiцца.
Читать дальше