Ацяжэла адурманеная самагонкай i бяссоньнiцай галава. Цягнула прылегчы, пару гадзiнаў добрага сну адкацiць. Адылi розныя думкi назойлiвым роем у галаве гудзелi, вайстрылi падношаную дзяцюкову энэргiю. Спасьцярог, што ногi ягоныя на Архiпа накiрунак трымалi. Спынiўся, працёр заспаныя вочы. У iх засьвяцiлi злыя самалюбныя аганькi.
Ня чуў нiколi Косьцiк пра Бальзаковага студэнта Растыньяка, што з пажадальным уздыханьнем мерыў з узвышша Сталiцу Сьвятла й мяркаваў як пакарыць яе. У студэнтавых думках маячылася неасягальнае багацьце й прынадныя прыгажунi ў раскошных спальнях, а ў Сабакевiчавых — улада, помста й собская нажыва. Ласкi прыгажунь былi далёка ззаду. Адылi й Растыньяковы й Косьцiкавы пажаданьнi вырасьлi з аднаго карэньня. Розьнiца была ў этапе працэсу самаго пакарэньня, ды ў абыймах мэтаў. Малады студэнтадно марыў i плянаваў, а Ромлкаў гаспадар ужо на вяршынi з усей сiлы пялiўся.
"Алi яны гэтага яшчо нi знаюць" — думаў Сабакевiч.
Яны — гэта Сявенькi й Бахмачы, Зянькевiчы й Кмiты, Юшкевiчы й Пятухi, Брунiськi й Захарукi, ды iншыя. Ён — iхны заўтрашнi, дый цяперашнi ўжо начальнiк. Так, чаму-ж не цяперашнi? Пры першай нагодзе падраўняе зухаватаму солтысу Паўлоўскаму ягоны фанабэрысты капялюш на русай галаве. Дзе — цiкава ведаць — дзяржыць цяперака пан шляхцiц сваю патрапаную, задрыпаную тэчку? Што сам парабляе? Можа «цяркi» па далiкатнай шляхоцкай скуры бегаюць? Гэ-гэ-гэ! Чаму-б не паказаць iм ужо сягоньнiка, хто ў лiтоўскiх начоўках уласьць маiць? Вунь хаця-б пры тых паховiнах… Паховiны — маленькая, нягеглая калода, каторую ён, Косьцiк, з-пад ног неўзабаве адкiнiць. А там… тамака трэба будзiць нi на жартачкi ўзяцца. Вось тады… Як соладка й прыемна будзiць заглянуць Амэрыканцу Сявеньку ў ягоны прышчаваты, з бульбападобным носам i рыбiнымi вачмi, твар ды гаркнуць як на цюцьку, каб яго трасца! А Марыля-ж ягоная — баба-тыгрыца, дзеўка-гарэза, кабыла расавая… Такая прыгожая й хлёсткая дзяўчына некалi была, ды за такога змызганага й прагавiтага старога замуж паквапiлася. Аднаго сынка вунь за гадкоў пяць спэцкаў, - цi нi паўгоду назад таму нарадзiўся — дый то, кажуць, парабок памог. Цьфу, лапцюжына! Даўно ясна стала Косьцiку, чаму самому некалi па носе ад яе дасталося. Як i iншыя дзеўкi вясковыя, за багацьцем i зямлёй пагналася, на два дзясяткi гадоў старэйшае прынадзiла яе коўдла… Са старога парахно сыплецца, а яго — гэроя заўтрашняга — набок, як кукурузку нiкчэмную якую… Абаждзi ты, я-ж цябе ўежджу!
Косьцiкавы мутныя вочы ўпёрлiся ў вясёлы, сьветла-блакiтны шчыт Сявенькавай хаты, а ззаду — гумно з фанабэрыстым казырком. Ня толькi купiў Амэрыканiц найбольш урадлiвы клiн зямлi вясковай, а яшчо якi кусок за зялезнай дарогай ад зьбяднелых галавацкiх шляхцюкоў адкацiў. I бацьку ягонаму, знацца й яму, як наўмысна, што скула пад бокам… Здалося Сабакевiчу, што навет Сявенькавы будынкi кпiлi зь яго, выклiкалi. У дзярэўнi старыя, трухлявыя, гарбатыя стрэхi, а ў гэтага вунь якiя харомiны, з-пад тапара й склюта нiдаўна…
Ля самага лiтоўскага балота Буракова гаспадарка прытаiлася. Хату засланiлi дзьве пышныя рабiны, што быццам вартаўнiкi ля варот службу трымалi. Ззаду — хлявы й гумно, збоку — высокi журавель калодзезя, што цяперака вераб'i абселi. На скрыжаваньнi дарог, мiж Сявенькавым i бацькавым хутарамi — лiтоўская школа. Быццам сiрата, — калi ня лiчыць будкi патрэбнiка, — сьвяцiла яна бляшанай страхой.
Косьцiк кашлянуў, працёр ацяжэлыя сонныя павекi, рукой адгроб назад валосы, ды вочы ягоныя пабеглi далей па будучым уладаньнi, а думкi — сьледам за iмi. У галаве адурманенай адбыўся падлiк: што, каму й за што… Вазьмi хаця-б гэтага недарэку-боўдзiла Бахмача. Нашто ўжо чалавек, здаецца галаву меў на плячох, некалi ў Пiцеры пiсарам, цi што, працаваў. А што зь яго? Панскi легiянер Бжончэк яму бабу прыхлопнуў, так ужо паны — яцi ух растакую, — дасалiлi, а гэты як быў ёлупам, так i астаўся, анi-нi нi паразумнеў. Гэта-ж табе такiм, як Косьцiк, у руку прыяць, дык дзе там… Я-ж табе й за Ромку, i за сябе адгаджуся, нi жывацей ты! Мала яшчэ панская палiцыя косьцi табе падраўняла!
Сьцiснулiся Косьцiкавы кулакi. Зрок ягоны прылiп да ўпаўшых бакоў (згаладалая карова), парослай зялёным мохам i сабачымi грыбамi страхi Пракопавай хаты, пасьля перапоўз на высокую, сагнутую ўверсе, лекараву радыё-антэну. "Доктар балбатун, iцi яго маць, — разважаў у думках Косьцiк, алi можа й няшкодны балбатун. Радзiва зь Мiнску людзi ў яго слухалi… з другой стараны бiларускую каталiчаска-буржуазную пiчаць зь Вiльнi выпiсваў, польскай палiцыi рукi грэў. Над гэтым падумаць трэба, а цяперака як жыдоўскi кручкаваты нос, вапрасiцельны знак паставiць… от как!"
Читать дальше