Ад гэтага памятнага дня ўсё мае паправiцца, бо ўзыйшло й зазьзяла на ўсходзе залатое сонейка шчасьлiвага заўтра. Жыватворчымi праменьнямi сагрэе i ўмацуе яно зьняможаны арганiзм рабочых i сялян. Слаўце й багаславiце дзень 17-га верасьня — дзень вашага вызваленьня. Збылiся вашы адвечныя мары. Стаiцё на парозе шчасьлiвае будучынi. Ад гэтага часу будзеце мець i зямлю, i волю, i будзеце гаспадарамi свайго лёсу.
Пракоп скончыў чытаць. Усе задумалiся. У спрацаванай, парэпанай руцэ трымаў лiстоўку. Рука, што да гнаявых вiлаў, поручняў плуга, касы й цэпу прывыкла, што ў зьнямозе сьцiснулася ў тую жахлiвую нядзелю, калi басяк Бжончэк у Гаравацкай пушчы Алену забiў, гэта рука цяпер крукам, нязграбна трымала ськiнутую з чужога самалёта паперку.
Рэха прыляцела з далёкай чужой краiны, адкуль калiсьцi ў вагнi рэвалюцыi давялося ўцякаць. I гэта чужая й блiжэй няведамая сiла прамаўляла «нашай» мовай. Што-ж гэта за загадка такая? Надта-ж марудна працавалi цяжкiя да ўзруху сялянскiя мазгi. За плугам, касой, сярпом, цэпам навучыўся чалавек адрозьнiваць сяброў ад ворагаў, па розных прыметах прыроды — угадваць пагоду. Навокал было канкрэтнае, матар'яльнае, намацанае. Навет шчасьце й гора, весялосьць i сум канкрэтнымi зьявамi былi: гэтта ўсьмешка, а там сьлёзы. Бяз хiтрыкаў, казаў той, жылося. Прырода — прыяцель i вораг канкрэтнымi вобразамi прамаўляла. I нiдзе ў гэтым простым няхiтрым жыцьцi моднага й крывадушнага, здавалася, ня было. Чалавек мог выцягнуць руку, памацаць, дый ведаў дзе сябра, а дзе вораг твой.
У пана пры касьбе, малацьбе, цi жнiве потам вочы залiвала. I тая залатоўка мiзэрная, што так нясьмела й сiратлiва ў зрэбнай сялянскай кiшэнi тулiлася, сваей мовай да сэрца прамаўляла. Ведаў, што ашукалi яго, паразiты. Ды за сваё, заробленае, патрабавалi яшчэ каб прасiў, розныя «пеленгнаваныя» рукi цалаваў: будзь ласкавы, паночак, заплацi. Рабiў-жа вунь, вочы на лоб лезьлi.
Iншы сьвет — свае сермяжнiкi. У бальшынi — простыя, сумленныя людзi. Колькi зь iх зубы на палiцы трымала. Ды ў выпадку патрэбы ня людзi зь мяккiмi рукамi, а гэтыя гаротнiкi стануць. Як у гэну нешчасьлiвую нядзелю, цi панядзелак. Забылася пра яго ўлада сьвецкая й царкоўная, сьцяной збоку станула цэлая вёска. Свая кашуля блiзка цела свайго.
Калi зьявiцца ў хату якi ўраднiк, цi абмаскалены царкоўнiк, так i ведай, што па апошняе прыйшоў. Калi-ж «пахвалёны» ля парогу ад сярмяжнiка пачуеш, ведай — сябра ў хаце. I цi нi тая галiта, чужое ярмо паставiла цябе побач зь iм найблiжэй да Бога.
А гэтта што за дзiвы-дзiвосы? Наехалi Бог ведае адкуль, зь неба паперкi кiдаюць, горы залатыя адразу абяцаюць. Што сiла, ну дык сiла! Фанабэрыстыя польскiя паўшабэлкi адно «шабэлькамi» памахвалi, а гэтыя дык тых у тысячу разоў пераплюнулi. Але цi-ж гэта яны сюды табе што даваць прыйшлi? Дагэтуль-жа так было, што як каторага чужнiка сюды чорт прыгнаў, дык паразiт рабаваў, на народным целе тучнеў. А гэтыя i зямлю, i волю даваць маняцца. Эгэ! I на паперцы гэнай пад самым нiзам нейкi Молатаў, старшыня нейкага "саўнаркому" падпiсаўся.
На якi капыл усё гэта мерыць? На ўсе абяцанкi, усю гэту магутную сiлу падае патройны цень: Косьцiк, Лявон i Хведар — злыднi мясцовыя. Калi вось на такiх новая ўлада абаперцiся мае, дык якая яна тады сама ўлада гэна? Якога дабра ад басякоў-галадранцаў чакаць? Цi-ж нi напiсана ў Сьвятым Пiсьме, што з бруднай крынiцы толькi бруднае, а з чыстай адно чыстае можа пацячы? Адвечная, назьменная праўда, ад самаго Бога закон.
Зь лекаравай хаты выйшлi людзi. Барадаты стары мужчына — сьвiтка ў лапiках, працёртыя зрэбныя порткi, босы — падсаджваў на воз захутаную ў кажух жанчыну, што крактала й стагнала. На другую каляску сядаў здаравенны сярэдняга веку дзядзька. Паказаўся й сам Зянькевiч. Перакiнуўся словам зь людзьмi, лянiвым крокам падыйшоў да тыну, паглядзеў на аселiцы, пакруцiў свае даўгаватыя вусы, ды спасьцярогшы людзей ля Пракопавай хаты, накiраваўся да iх.
— Ну што гэта чуваць? Здаровы! — залепятаў.
— Ня чуеш во што на гасьцiнцы робiцца? Сам, нябось, заседзiўся мусiць з хаты нi вылазiш, — адказаў Алесь.
— Хвароба нi дня, нi ночы, нi сьвята нi знаiць. Думаеш мне нi надакучыла? Ай-яй як надакучыла! Алi от нiяк ад людзей адчапiцца нi магу. А гэта-ж бальшавiкi сягоньнiка па радзiву крычаць, ажно апарат падскакваiць… ранiцы гэта слухаў. Зь Менску гэта казалi, што сягоньня на досьвiтку пачалi заходнюю Бiларусь i Ўкраiну вызваляць, от як. Каб вы чулi толька якое нам дабро нясуць, дык проста вушам сваiм чалавек ня хочыць верыць. Ды расказвалi вуньдзiка людзi, што па тым гасьцiнцы, каторы з Докшыц на Глыбокае, дык яшчо болi пруць як гэттака во… Гэты во дзядзька з таго боку, — кiўнуў Зянькевiч галавой на здаравяку, што якраз зь ягонага двару выехаў. - Iдуць, едуць, надта-ж вялiкая сiла, вiдаць, — цягнуў лекар. — А гэта праўда, што Макатунiшку палякi на гасьцiнцы павесiлi?
Читать дальше