Па маёнтках i асадах дрыжэлi ў перапалоху чужыя паны, асаднiкi й службоўцы. Абухам аглушыла iх чырвонае «вызваленьне». Шматлiкiя спрабавалi ўцякаць, але палавiлi iх на дарогах. Iншыя-ж рукi на сябе налажылi. Дый куды-ж ўцякаць, калi ня хочаш трапiць да тых, што за Бугам загаспадарылi?
Ля Макатунiшынай хаты сабралася група людзей. У хаце — прыглушаныя ўсхлiпы. Як ачмураная, лындала па каморы, цягала носам Алена. Юшкевiчава Клава, каторую Дуня папрасiла дзетак забавiць, старалася малых спатолiць. Зьбянтэжаныя нештодзённай зьявай, дзеткi замiналi пад рукамi, голасна плакаў Парасчын сынок.
Напокуцi дзяругамi завесiлi пол. Жанчыны мылi й прыбiралi нябожчыцу. Загадвала Пiлiпава Аксеня. У печы грэлi ваду. Дуня пайшла наказаць дзядзьку Андрэю й цётцы Тацьцяне. Рупiла ей пабачыцца зь Верачкай. Старая-ж Макатунiха, стомленая ўчарашняй бяссоньнiцай, сьпяшыла рэдка ходжанымi сьцежкамi ў далёкую вёску, каб папрасiць на паховiны сьвятара. Куды блiжэй было ў Дубовiчы, але сьвежымi яшчэ былi ў памяцi выпадкi з паховiнаў Пракопавай Алены. Слабодзкi-ж сьвятар бедным людзям пасабляў, супрацьлежнасьцю маскаля Абухава людзi яго ўважалi. Макатунiха меркавала, што калi зусiм задарма не паслужыць, дык пэўне-ж i на апошнюю скарынку хлеба не паквапiцца. Сьлёзы сьляпiлi жанчыне вочы, замiналi на сьцежку глядзець.
На дварэ Шпунтовага бацькi марудна, часта зяваючы, гаманiлi ўчарашнiя падпольнiкi. Гаспадарка на схiле Гараваткi ляжала. Адсюль, як на даланi, вiдаць быў гацкi гасьцiнец i вёска Лiтоўцы. Дзяцюкi ператрасалi пытаньне паховiнаў Макатунiшкi. Наадрэз адмовiўся памагаць Лявон. Прычыну меў добрую: вёска бачыла яго коранем шматлiкiх Макатунiшыных утрапеньняў, Пакажыся тут лiтоўскiм на вочы. Франт-фанабэра надта любiў гэроям выстаўляцца, а гэтта ў кажнай амаль пары сялянскiх вачэй дакор спаткаеш. Аднекваўся й Павалiцкi Хвёдар. Ужо каторы раз паўтараў, што ён гэтта адно з боку-прыпёку. Жыў разам з бацькам-чыгуначнiкам у казённай хаце ля чыгункi ля самых Павалiч, што ляжалi на ўсход ад Лiтоўцаў.
Увесь цяжар наладжаньня паховiнаў падаў на Косьцiка Сабакевiча, каторы пасьля такой нефартуннай ранiцы ля брамы не хацеў у хаўтурную грамаду паказвацца, ды сам за ўсiх камунiстаў вачмi сьвяцiць. Ён настойваў, каб сваiх верхаводаў параiцца, ды рабiць што загадаюць.
— Знаеце што, дзяцюкi? Давайце пойдзiм па чарцы пiракулiм, а там можа праясьнiцца трохi, — запрапанаваў Лявон.
— Добрая думка, — згадзiўся Хвёдар.
— Чаму-ж не, — падтрымаў Косьцiк.
— Матка, яечню пячы! — гукнуў Лявон, дзьвярмi скрыпнуўшы. Руплiвай Шпуньцiсе паўтараць ня трэба было. Дзяцюкi раскашэлiлiся на ўслонах ля стала. Неўзабаве прыемна засквiрчэлi на патэльнi скваркi. Лявон нарэзаў хлеба й выцягнуў пляшку першаку. Сiвуха прыемна забулькала ў вялiкiх чарках. Паднялi за вызваленьне, за сьветлую будучыню. Адно пасьля трэцяй чаркi пасьмялелi языкi, а пасьля чацьвертай да няскончанай тэмы вярнулiся. Ранейшыя розьнiцы поглядаў цяпер больш ёмкiмi словамi выказвалiся, Быццам змовiўшыся, Косьцiк i Хвёдар на Лявона насядалi.
— Сынок, а чаму-ж-бы не памагчы табе? — ўбiлася ў гутарку Шпуньцiха. Бабы-ж самыя, радачкi нi дадуць…
— А ты, мацi, маўчы! Нi касаiцца цябе тутака! — гаркнуў пачырванелы Лявон i на падмацаваньне свайго аргуманту кулаком па стале трахнуў.
— Добра, пушчай так i будзiць, — фiнальным тонам заключыў Косьцiк. Мутнымi вачмi ўважна сваiх субяседнiкаў зьмерыў: уважайце, маўляў, цяпер «уласьць» прамаўляе.
— Калi на тое пашло, дык так i зробiм, — пачаў Сабакевiчаў аўтарытэтны голас. — Вы падскочце ў Гацi i ўсё дзела Саладуху расталкуйце. Што ён скажыць, тоя й будзiць. Я-ж сам да Макатуноў падамся. Бабы, верна, нi маюць з чаго дамавiны зрабiць. Дык от, значыцца… у бацькi дошак папрашу. Дзяўчына-ж на харошую дамавiну заслужыла, хэ-хэ, — спрабаваў Косьцiк гаворку жартам закончыць i твар ягоны грымасай скрывiўся.
— Цяперака ты, братка, падзелавому гаворыш. Адразу-бы так, — апрабаваў Косьцiкаву пастанову Павалiцкi Хвёдар. Вялiкiм размахам рукi выцер засаленыя вусны й вусiкi.
Калi апусьцела патэльня й лiтроўка. дзяцюкi ўсталi з-за стала й навет Шпуньцiсе не падзякаваўшы, за дзьверы накiравалiся. Лявон з Хвёдарам на самакатах у Гацi выехалi, а Косьцiк праз хрыбет Гараваткi йшоў да Макатунiшынай хаты. Ступаў паволi, на свае зьбiтыя хромавыя боцiкi пазiраў. Даўно-даўненька халявы скрыпець перасталi, гэтак наскрыпелi-абрыдлi iм швэнданьнi пад уладай панскай. Прыгадаў, што пры першай нагодзе трэба было-б бацьку падаiць, каб даў тавару на новыя боты, якiя, як вядома-ж, шавец Пiлiп яму, начальнiку паважнаму, хутка й хлёстка пашые.
Читать дальше