Старая страсанулася, быццам гадзюка яе джгнула, але падыйшла амаль упрытык да машыны. Людзi чулi колкiя танкiставы словы.
— Ды ты-ж, сынок, нi гавары так… няможна на Бога, грэх. — дрыжэў Пятушыхi голас.
Быццам адганяючы назойлiвага авадня, махнуў маскаль на старую рукой. Танкi рушылi раптоўна. Пахiснулася Пятушыха й моцныя рукi падхапiлi яе ззаду, ад гусянiц адвалаклi. Каторым давялося нядзвычайную тую сцэну бачыць, да болю горка было глядзець на дрыжачую, з iконай у руцэ, старую, што ледзь на нагах трымалася, сьлёзы выцiрала. А з-над брамы адным прастрэленым i другiм цэлым вокам касавурыўся ўнiз бяздушны дыктатараў твар.
Ужо добра пакарацеў сонечны дзень, калi некаторыя сяляне, уволю пылу наглытаўшыся, бiнзiннага смуроду нанюхаўшыся, прыгадалi, што ад раньня нiчога ў ратох ня мелi. Пракоп паклiкаў сыноў, а Алесь — жонку й дачку. Маладыя не хацелi дадому йсьцi. I м-бы тут цэлы дзень пралiпець i то можа мала было-б. Адно калi пачулi абяцанку, што могуць пасьля паўдня назад вярнуцца, павалаклiся ўсьлед за бацькамi.
Iшлi моўчкi. Ладны кавалак ад гасьцiнцу адыйшоўшы, спынiлiся на лекаравым жытнiшчы. З узгорку вачом iхным паказалася надзвычайнае зьявiшча. Ад глоткi гасьцiнцу ў пушчы ды аж да павароту за чыгуначным пераездам пад Лiпавiчамi, шлях стагнаў пад цяжкiмi стальнымi машынамi. Гульлiвым рэхам адклiкалася Гаравацкая пушча, шырокiм разьлiўным гоманам поўнiлiся лiтоўскiя начоўкi. I здавалася, што адно стальныя круглыя вежы, з таўстымi цыгаркамi наперадзе, паўзьлi па шэра-рудой кудзелi густога пылу. Дзесь у гэны суцэльны гул з боку Дубовiчаў уварвалася кволае бомканьне царкоўных званоў.
— Вы чуеце? Дубовiцкi абух у сваю краму клiчыць, — iранiчна кiнуў Алесь.
— Божа-ж мой, што-ж гэта будзiць! — ахнула Кацярына.
Ад часу Аленiных паховiнаў бальшыня лiтоўскiх мужчын i жанчын перасталi ў Абухаву царкву заглядаць, а хадзiлi ў далейшую Слабаду, дзе сьвятар ня толькi носьбiтам Хрыстовага слова, але й шчырым памочнiкам сялянаў быў.
— Ня чуў во мусiць, што на дарозе вытвараiцца, — спасьцярог Пракоп.
— Пачуiць, ня дзе дзенiцца. А пачуўшы, сукiн сын, можа яшчэ во да гэтых служыць папрэць, як палякам служыў, - зьедлiва дадаў Пракопаў швагра.
— Упасi цябе Бог, Алеська. Гэтыя-ж мусяць у Бога ня веруць, спахапiлася Кацярына.
Iшлi памалу, на гасьцiнец аглядалiся. Цёрлася ля ног высокае жытняе iржышча, па каторым гуртамi забаўлялiся сьвяшрчкi. Вялiкi каршун шыбануў з шырокае Архiпавае кароны, ды быццам планер, прымаючы параду, ледзь варушачы крыльлямi, плыў узбоч панцырнае калёны.
— Ня веруць? — зьдзiвiўся Алесь, коса на жонку зiрнуўшы, — дык цi-ж Абуху Бог трэба? Ён-жа табе любога Бога за пару пудоў жыта на рынак папёр-бы.
— Ды чаму-ж не… папёр-бы, чорт пайсаты, — згадзiўся Пракоп.
Мiнулi доктараў двор, падыйшлi да Пракопавай хаты. Насустрач, абапiраючыся мылiцай, чыкiльгаў пасярод вулiцы дзед Якуб. Патрыярх лiтоўскi занемагаў мусiць апошнiмi часамi, бо рэдка калi з прызбай сыновай хаты расставаўся. Гулкая нясусьвецiца на гацкiм гасьцiнцы даплыла мусiць i да ягоных глухаватых вушэй.
— Здаровы, Пракоп, Алесь, Кацярына, — прывiтаўся здалёку. — Што гэта дзе робiцца? Маiх ня вiдзiлi?
Голас, як на стары век, быў надзiва звонкi й выразны.
— Бальшавiкi на гасьцiнцы йдуць, нi канца нi краю нiма? Дый вашы тамака-ж, — сказаў Пракоп.
— Бальшавiкi? — разiнуўся шчарбаты рот. — Дык праўду мусiць во казалi… А я, цьфу, каб на iх макарэц, узяў дый не паверыў.
— Так, дзядуля, бальшавiкi, мора цэлае, — пацьвердзiў Алесь.
Стары абапёрся на мылiцу, выцягнуў з роту цыбатую люльку, пiльна жмурыўся на суседзяў.
— А Божа-ж мой, бальшавiкi значыцца, — перахрысьцiўся дзед. — От табе й на! А як гэта кажаш, Пракоп, iдуць? Едуць цi што?
— Ды едуць-жа, едуць. Самыя танкi, нi канца нi краю нiма. Схадзiў-бы паглядзеў…
— Ты ўжо, Пракопка, зь мяне нi падтруньвай. Дзе мне старому такую дарогу шкандыбаць?
Дзед пальцам патаптаў табаку ў люльцы.
— Танкi, кажаце? Ня вiдзiў-жа я нiколi якiя гэта яны.
— Ня вiдзiлi-ж да сягоньнiшняга й мы. Надта-ж вялiкiя й страшныя пудзiлы, от гэтак зь Пiтухову хату вiлiчынёй. Кажны арудзiю маiць. Ды нi на калёсах, а на гусянiцах яны. Мусiць i цяжкiя-ж надта, бо так глядзi як гасьцiнец выраўнялi.
Дзед стаяў i думаў. Цi ўяўляў, што такога дажыве?
— А гэтта-ж Пiлiпаў Арсень прыбягаў ды казаў, што старэйшую Макатунiшку палякi павесiлi. Праўда гэта?
— Павесiлi. На самай браме пад Сталiнам, — паясьнiў Алесь.
— На каторай гэта браме?
— Ды на гэнай, што во гэтыя тры галадранцы — Косьцiк, Лявон i Хведар Павалiцкi — за ноч пастроiлi. Дзяўчына-ж iм памагала.
Читать дальше